Жыццё пасля Чарнобыля Грэе сэрца роднае селішча


У Тульгавічах, як і ў кожнай вёсцы, навіны і чуткі разыходзяцца хутка.Усяго 9 чалавек і засталося тут. Радуюцца кожнаму, хто завітае сюды і больш расказваюць, чым пытаюцца.

Часцей усяго з райцэнтра наведваюцца да тульгаўчан галоўны спецыяліст Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння па Хойніцкаму раёну Я.М. Краўчанка і вядучы спецыяліст  Г.Я. Валяваты.

– То ж трэба было суседу майму Івану атараканіцца так, што ледзьве не на суткі прапаў, – загаворніцкі паведамляе бабуля.

Іван – гэта Іван Іосіфавіч Шамянок, які лічыцца старастам у вёсцы, хоць на гэтую пасаду ніхто яго і не выбіраў. Лічыцца магчыма таму, што жыве заможна, гаспадарка ў яго немалая, па розных сваіх праблемах звяртаюцца людзі да яго.

– Паехаў па дровы, прывязаў каня, а той нешта ў возе паламаў. Раззлаваўся Іван, прагнаў каня дадому, а сам блукаў да раніцы па лесу. Не прысеў нават ні разу. Дзякуй Богу, паблудзіўшы крыху па Гало, прыбіўся ажно ў Навасёлкі.

Яўгеній Мікалаевіч Краўчанка падтрымлівае размову, заўважае:

– І навошта ў той лес па дровы ездзіць, калі ў вёсцы шмат паўразбураных дамоў?

– Э! Не кажы, – пярэчыць Надзежда Іванаўна. –Дровы павінны быць добрыми. Вунь сястра стрыечная Кацярына прывезла беразняку, дык і мне надрала бяросты на распал. А яшчэ лепш корчыка смаловага пакалоць на лучынку…

Потым Іванаўна пачынае расказваць, як вучыў яе нейкі важны і разумны чалавек з Мінска, што ў печы лепш стравы сабе не гатаваць, толькі на газавай пліце. Бо шмат той радыяцыі ў драўніне. Вось і прытрымліваецца яна слушных парад.

– А ці не падаражаў ужо той газ? – пытаецца. – Бо ўсё пра нейкі крызіс па радыё кажуць.

Дакладнага адказу Яўгеній Мікалаевіч на пытанне бабулі не дае, абяцае даведацца аб гэтым і ў наступны прыезд абавязкова далажыць.

Яшчэ некалькі пытанняў стараецца вырашыць Іванаўна з гарадскім чалавекам. У іх ліку і скарга на аднаго з вяскоўцаў, які трымае на падворку бугая і ходзіць той непрыкаяна па вуліцы, чаго добрага на рогі падчэпіць старую.

У той жа дзень пасля абеду наведала тульгавіцкіх абарыгенаў аўталаўка. Сабраліся ўсе каля машыны, нагаварыліся ўволю, купілі самае неабходнае і разышліся па дамах кожны са сваімі думкамі. І будзе Надзежда Іванаўна Шамянок доўгім вечарам, гледзячы, як у грубцы весела ліжа агонь дровы, успамінаць сваё жыццё-быццё. Няпраўда гэта, што сіротам Бог шчасця не дае. Так, цяжка было пасля таго, як ад тыфу памерла маці, а бацьку на фронце напаткала варожая куля і  застаўся ён ляжаць недзе ў чужой зямлі. Але ж якая была яна шчаслівая за сваім Мікалаем, які настаўнічаў у мясцовай школе! Паважаны ў вёсцы чалавек, ветэран-франтавік. Вось толькі дзетак не было ў іх… Калі зусім нямоглая стане, браты Рыгор і Міша не пакінуць. Кожнае лета прыязджаюць, дапамагаюць па гаспадарцы ўправіцца, нешта падрамантаваць на падворку. І не баіцца Надзежда Іванаўна ніякай радыяцыі. Калі душу грэе роднае селішча, калі вясною ў двары, як малаком аблітыя, цвітуць вішні, пасаджаныя мужам, калі на досвітку певень абвяшчае чарговы дзень да пражытых 83 год жыцця, то без ніякіх трывог і хваляванняў глядзіш у будучае. Чым жа не ідылія гэта для людзей, якія не пажадалі пакінуць свае дамы, засталіся на роднай зямлі век дажываць?


Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.
На здымку: жыхарка Тульгавіч Н.І. Шамянок.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *