Сустрэча тых, хто піша і чытае


25 чэрвеня, на фінішнай прамой падпісной кампаніі на раённую газету на 3-і квартал і другое паўгоддзе 2009 года, калектыў раёнкі ў памяшканні другога гарадскога аддзялення паштовай сувязі правёў Дзень падпісчыка. Іх, адданых  чытачоў, чакаць не давялося.

Першым нашым падпісчыкам аказалася тэхработніца раённага краязнаўчага музея Н.В. Рудчанка, якая прыйшла аформіць падпіску свайму сыну.

– Для сябе я газету выпісала ўжо, – зазначыла Ніна Васільеўна. – Яе чытаю  да апошняга радка. Падабаецца, што амаль усе матэрыялы тым ці іншым бокам датычаць чалавека, які жыве і працуе ў нашым раёне.

 Г.А. Цімафеенка, якая жыве па вуліцы Катоўскага райцэнтра, зрабіла адразу дзве падпіскі: для сябе і свайго брата. Жыхарка мікрараёна “Юбілейны”, работніца РВЭС В.А. Сачэк выпісала газету на адрас сваёй дачы ў “старых” Хойніках, растлумачыўшы гэта тым, што лета праводзіць тут і не можа абыходзіцца без любімай газеты. Прызнала, што падпісчыцай з’яўляецца вельмі даўно, таму што мае “адну, але палымяную страсць” – чытаць.

Афармляць падпіску прапаноўвалі наведвальнікам і аператары паштовага аддзялення сувязі. У выніку 25 чэрвеня ў лік падпісчыкаў раённай газеты дадалося 16 чалавек.

Галоўная інтрыга мерапрыемства адбылася ў 14 гадзін у час розыгрышу прызоў. Галоўны з іх – торт – журналісты газеты даставілі 88-гадовай падпісчыцы  Н.С. Астапенка дамоў (на здымку). Дачка Ніна Кузьмінічна, якая жыве з маці, сказала нам, што нягледзячы на такі паважаны ўзрост, праблемы са здароўем, маці хоча быць у курсе падзей нашага раёна, а аб гэтым можна даведацца толькі са старонак цяпер ужо “Хойніцкіх навін”. Падзякавала за прыз і падарыла цудоўны букет кветак са свайго падворка.

Другі прыз – галоўка сыру “Эмілорд” – дастаўся нашай маладой падпісчыцы, работніцы фабрыкі мастацкіх вырабаў Ганне Карпенка. Вельмі сімвалічна, бо розыгрыш прызоў праводзіўся напярэдадні Дня моладзі.

Усміхнулася фартуна і прадаўцу магазіна РВПС А.В. Зубок – на яе падпісны купон выпаў набор прыгожых шкляных келіхаў.

Увогуле, ні адзін з тых, хто аформіў падпіску на раённую газету 25 чэрвеня, не застаўся без прыза.

Асаблівая падзяка нашым спонсарам – калектывам АСП “Каапнарыхтпром”, асабіста дырэктару А.У. Раманенка і намесніку Т.Д. Грамовіч, і ПУП “Палескія сыры” – дырэктару Г.В. Бондар і старшыні прафсаюзнага камітэта Г.А. Вяргейчык за прадастаўленыя прызы. Дзякуем пошце, якая, як заўсёды, была і застаецца пасрэднікам паміж тымі, хто піша і чытае.


Калектыў рэдакцыі раённай газеты.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *