Гусак на вазу – дзецям раздолле, ці як прайшло свята ў Судкова

Общество

Калі гаварыць ад душы, то больш усяго мне падабаецца працаваць на святах, якія напоўненыя непаўторнай сельскай атмасферай.

Толькі ўявіце, як прыемна прыязджаць туды, дзе пахне блінамі, свежай выпечкай, парным малаком. А вакол стаіць водар скошанай травы, побач смяюцца дзеці, пасвіцца конік, на лавачцы аб чымсьці цікавым размаўляюць суседзі. Даносіцца шолах клёну… Згадзіцеся, што ў горадзе зусім не так.

З песнямі, танцамі святкаваў Дзень вёскі аграгарадок Судкова. Там было на што паглядзець, ды і сябе паказаць можна было, а ў прыватнасці свае артыстычныя і кулінарныя таленты. Сапраўды, судкоўскі кірмаш атрымаўся на славу. Шыкоўныя тарты, пірожныя, булачкі, піражкі. А якія ж смачныя салодкія грыбочкі прыгатавала сям’я Чуяшовых! Я ацаніла.
Што вырасла ў агародзе, тым таксама пахваліліся судкаўчане – вялічэзныя гарбузы, яблыкі, памідоры, вінаград, бульба. Вялікае ўражанне аказалі на гасцей свята творчыя работы вучняў школы і наведвальнікаў яслі-сада – вырабы з саломкі, паперы, дрэва. Ну, вельмі выдатна!

Кожны падворак быў упрыгожаны: рушнікі, гладышкі гліняныя, абрусы тых часоў. Каля імправізаванай печы віселі пучкі часнаку, кіяхі кукурузы, абаранкі. Дзяўчаты і хлопцы ў нацыяльным адзенні не давалі сумаваць жыхарам, жартавалі, спявалі.

Танцавалі з венікамі і граблямі – дарэчы, апладысментаў гэты нумар удосталь назбіраў. І, канешне, ніхто ў гэты дзень не адыходзіў ад гусака, які важна сядзеў на вазу. Асабліва дзеці ўдзялялі яму максімум увагі – гладзілі, падкормлівалі.

А затым, хто хацеў, той знаходзіў сабе забаву – у дартс гулялі, у шашкі. Хоць хуткая дапамога, на шчасце, жыхарам не спатрэбілася, але жадаючыя маглі і ціск памераць у Судкова.

Зразумела, без музыкі не абыйшліся, яна гучала на ўвесь аграгарадок. Праходзячы з фотаапаратам міма жыхароў, я толькі і чула «Малайцы якія, настрой добра ўзнімаюць!». А гэта ўсё нашы артысты самадзейнасці (Аляксандр Бутэнка, Васілій Найдзенка, Андрэй Балобан, Наталля Мароз, Лілія Пабядзінская, народны ансамбль «Спадчына») і вакальная група «Белыя росы» з Брагіна. Кветкі ім дарылі, запрашалі на святы прыязджаць да нас яшчэ.

Тэкст і фота Вікторыі МАРОЗ.



1 комментарий по теме “Гусак на вазу – дзецям раздолле, ці як прайшло свята ў Судкова

  1. Не ў Судкова, а ў Судкове.
    Першую згадку пра паселішча сустракаем у рускамоўным «Камеральным апісанні» 1796 г. Так называўся фальварак (Судков) у складзе Загальскага стараства; апошняе належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его…», на той час яго трымаў у арэндзе суддзя Віцэнці Жук [гл.: Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи” 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72]

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий для С. Бельскі Отменить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *