Землякі на абласным форуме сельскай моладзі

Общество

Прадстаўнікі Хойнікшчыны пабывалі на першым форуме сельскай моладзі Гомельскай вобласці, які прайшоў у аграгарадку Ціхінічы Рагачоўскага раёна.

У мерапрыемстве ўдзельнічала амаль сотня маладых кіраўнікоў і работнікаў аграпрамысловага комплексу рэгіёну. Наш раён прадстаўлялі галоўны аграном КСУП «Імя І.П. Мележа» Яўгеній Дзянгубенка, спецыяліст по арганізацыі закупак ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Марына Каліна, заатэхнік КСУП «Эксбаза «Стралічава» Юлія Гардзеенка. Суправаждала рабят першы сакратар РК ГА «БРСМ» Людміла Гаркуша.

Які пасыл мерапрыемства?
Стварэнне ўмоў для павышэння сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці сельскай моладзі Гомельскай вобласці, а таксама вызначэнне форм супрацоўніцтва органаў улады, адукацыйных устаноў, камерцыйных і грамадскіх арганізацый у рабоце па сацыяльнаму развіццю сяла, фарміраванню кадравага рэзерву аграпрамысловага комплексу, папулярызацыі сельскагаспадарчай працы i сельскага ладу жыцця.

Стаўка на моладзь
Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гомельскага аблвыканкама Ігар Часнок акцэнтаваў увагу на патэнцыяле моладзі і яго важным значэнні для развіцця сельскай гаспадаркі. Ад маладых людзей залежыць будучае. «Каму, як не маладым і перспектыўным, у час перадавых тэхналогій і мабільнага інтэрнэту, развіваць галіну. Неабходна, каб у першую чаргу ў нашай моладзі закладалася паняцце бізнесу. Такая практыка існуе ва ўсім свеце. Сёння, як ніколі, ёсць магчымасць падняць сельскую гаспадарку на новы ўзровень і дзякуючы высокай акупаемасці прадукцыі забяспечыць добрае жыццё ў вёсцы. Каб у моладзі было жаданне, атрымаўшы адукацыю, застацца тут жыць, працаваць, будаваць будучыню, развіваючыся і ствараючы сям’і», – адзначыў Ігар Часнок.

Чым сустрэла Рагачоўшчына?
Праграма форума была насычанай. Удзельнікі пазнаёміліся з вядучымі прадпрыемствамі Рагачоўшчыны. Наведалі машынна-трактарны парк і малочна-таварную ферму шматгаліновага ААТ «Ціхінічы». Пабывалі ў сырным і кансервавым цэхах ААТ «Рагачоўскі МКК», чыя прадукцыя ідзе на экспарт у 14 краін свету. Убачылі, як у прабірках вырошчваюць дрэвы і «аздараўляюць» бульбу ў аграгарадку Доўск, дзе знаходзіцца абласная вопытная станцыя НАН Беларусі. Маладым спецыялістам паказалі народны абрад сватаўства, выставу вырабаў Стрэнькаўскага раённага цэнтра рамёстваў, які знакаміты ўнікальным экамузеем «Беларуская лялька» (тут вырабляюць лялькі-абярэгі на ўсе выпадкі жыцця).Таксама ўдзельнікі форуму наведалі адноўленую святыню раёна – Свержэнскую крыніцу. І на развітанне заклалі яблыневую алею ў аграгарадку Ціхінічы.

На дэсерт падарункі
Старшыня аблвыканкама Генадзій Салавей уручыў падарункі маладым спецыялістам, якія пазнаёміліся па месцы працы, стварылі сем’і і працягваюць працаваць на сяле, павялічваючы прэстыж жыцця ў вёсках.

Уражаннямі падзяліліся:

Юлія Гардзеенка:
– Я вельмі рада, што мне прадаставілася магчымасць паўдзельнічаць у такім масштабным форуме. Ён аказаўся карысным для мяне, я паспела пазнаёміцца з некаторымі маладымі спецыялістамі, набыла карысны вопыт і падзялілася з іншымі сваімі ведамі. Забаўляльная праграма была на высокім узроўні, асабліва ўразіла экскурсія на вопытную станцыю. Прыемна, што мне, дарэчы адзінай з нашага раёну, уручылі падарунак. Таксама ўручылі Падзячны ліст ад старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Яўгеній Дзянгубенка:
– Мне як, маладому чалавеку, які большасць часу пражыў у вёсцы, вельмі спадабалася накіраванасць форума. Увогуле, я ўпершыню наведаў мерапрыемства падобнага фармату. Арганізатары моцна здзівілі – гэта нічога не сказаць! На працягу двух дзён нам паказалі славутасці Рагачоўшчыны – было на што паглядзець. Мне нават удалося выпіць вады з крыніцы. Таксама я прымаў удзел у закладцы яблыневага саду. Канешне, крыху прысутнічала хваляванне, не кожны ж дзень бачыш губернатара вобласці.

Марына Каліна:
– Форум прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні. Экскурсія на машынна-трактарны парк і малочна-таварную ферму ААТ «Ціхінічы» аказалася вельмі цікавай. На самай справе тут створана моцная матэрыяльна-тэхнічная база, забяспечаны высокі ўзровень умоў для работнікаў. А яшчэ карысна было прыняць удзел у адкрытым дыялоге са старшынёй аблвыканкама Генадзіем Салаўём. У цэлым я задаволена паездкай. На мой погляд, такія форумы патрэбна праводзіць часцей, каб набрацца вопыту работнікам аграпрамысловага комплексу.

Падрыхтавала Вікторыя Мароз. Фота «ГП».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *