КрыміналБылі ногі мацней за агароджу


21 студзеня дваццацічатырохгадовы Аляксандр Сяргеенка, які ў 2007 годзе быў асуджаны за крадзёж, “адкінуўся” з зоны і вярнуўся ў родныя Хойнікі. Калонія не выхоўвае на прынцыпах гуманізму, там людзі адбываюць пакаранне, а братва па нарах вучыць таму, што дагэтуль і не ведаў. І, канешне ж, не самаму лепшаму.

Шмат змен адбылося за час яго адсутнасці і галоўная – новыя дэкаратыўныя агароджы на вуліцах. Аказалася, што іх вырабам з жалезабетону займаецца ягоны сябра, працуючы рабочым на КПУП “Хойніцкі завод жалезабетонных вырабаў”, Ігар Вінаградаў.

Добра-такі абмылі сябрукі вяртанне нядаўняга зэка. Забрылі на вуліцу Калгасную, дзе іх канчаткова развезла. Як потым тлумачыў Вінаградаў, згубіў ён мабільнік і дужа з-за гэтага раззлаваўся. Так, што пачаў біць нагамі па агароджы. Быццам нейкае насланнё найшло і на Сяргеенку, кінуўся дапамагаць сабутэльніку. Псіхоз прайшоў толькі пасля трынаццатага пралёту, якраз на чортавым тузіне, бо вар’яцтва, кажуць, – гэта ўсяленне ў чалавека Сатаны. Так гэта ці не, аднак той, хто мог бы назіраць за несамавітымі дзеяннямі хлопцаў, падумаў бы, што нешта ў іх няладнае з галавой. Хіба ж будзе нармальны чалавек біць нагамі па бетону. І пры чым тут той мабільны тэлефон?

Па свежых слядах выявілі вандалаў супрацоўнікі аховы. Толькі чатыры дні і пагуляў на волі А.В. Сяргеенка. Узбуджана крымінальная справа на абодвух па артыкулу Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за злоснае хуліганства. І, безумоўна ж, давядзецца плаціць грошы для ўзнаўлення агароджы. А на будучае, калі зноў захочацца зрабіць шкоду, трэба даць карысную параду хуліганам: выкарыстаць для гэтых мэт галаву. Адразу дурата з яе выйдзе.


 Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *