Тры вясёлыя тыдні

Образование

Гэта, напэўна, знамянальна, што работа дзённага  аздараўленчага лагера “Здароўе”, арганізаванага ў СШ № 2, пачалася  ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. За тры з “хвосцікам” тыдні лагернай змены вучні школы свой вольны летні час правялі весела, карысна і цікава. Аб гэтым  паклапаціўся настаўніцкі калектыў пад кіраўніцтвам начальніка лагера А.С. Шараевіч і намесніка дырэктара школы па выхаваўчай рабоце А.В. Невядомскай, які распрацаваў змястоўную праграму адпачынку рабят з улікам асаблівасцей іх узросту, інтарэсаў і схільнасцей.

Рэжым дня тут быў пабудаваны дыферэнцыравана і прадумана. Калі, напрыклад, пасля абеду малодшыя школьнікі клаліся ў ложак на абавязковую “ціхую гадзіну”, то старэйшыя ў гэты час займаліся пасіўным адпачынкам: праглядвалі мультыплікацыйныя і мастацкія фільмы на ноутбуках, прынесеных з дому настаўнікамі, чыталі, гулялі ў шашкі або шахматы.

Што ж датычыць адпачынку рухомага, то недахопу яго ніяк не адчувалася. Ужо ранак перад снеданнем, а палове дзевятай гадзіны, пачынаўся з зарадкі. Потым  увесь дзень быў насычаны рухомымі гульнямі і конкурсамі, для ўсіх жадаючых увесь час былі расчынены дзверы спартыўнай залы. Настольны тэніс, піянербол, дартс, дзіцячы боўлінг з мячыкам і аблегчанымі кеглямі – кожны мог выбраць занятак па густу і не толькі ў зале, але і на спартыўных пляцоўках на школьным двары.

Думаецца, што да агульнага густу прыйшліся стравы, прыгатаваныя школьнымі поварамі. Немалую частку дзённага меню займалі разнастайныя салаты, садавіна, агароднінныя і садавінныя сокі. А ваду дзеці тут п’юць толькі бутэлечную і толькі з аднаразовага пластыкавага посуду.

Хапала і цікавых пазнавальна-забаўных мерапрыемстваў – гутарак, віктарын, імправізаваных падарожжаў. Адно з якіх было ў краіну Імянінію. У яго ходзе ўсіх шасцярых імяніннікаў, чый дзень нараджэння прыпаў на чэрвень, цёпла павіншавалі і ўручылі падарункі школьныя сябры і настаўнікі.

Пазнавальную і цікавую гутарку правяла з рабятамі інспектар групы прапаганды раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях М.У. Сёмава, тэматычныя відэапраграмы па правілах дарожнага руху і супрацьпажарнай бяспекі прадэманстравалі работнікі “Хойнікікінавідэасеткі”.

Адным словам, час у школьным аздараўленчым лагеры для юных адпачываючых праляцеў хутка і непрыкметна. Сёння тут прайшла апошняя, а таму і асабліва ўрачыстая лінейка, на якой многія рабяты атрымалі прызы і граматы, і кожны з іх на развітанне быў адораны салодкім падарункам.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *