Беларусь турыстычная: горад Слуцк, Музей слуцкіх паясоў

Беларусь турыстычная

Расказвае Аксана Мяцельская:

– Нядаўна мне пашчасціла пабываць у Слуцку. Вядома, што візітная картка горада сусветнага маштабу – слуцкія паясы. Таму не магла не скарыстацца магчымасцю і наведала Музей слуцкіх паясоў. Уражанні засталіся невымоўныя. Сапраўды ўнікальнае месца, дзе ствараецца брэнд рэспублікі!

Экскурсавод вельмі цікава распавёў пра гістарычныя падзеі і пра асоб, якія маюць дачыненне да Радзівілаўскай эпохі і Слуцкай шоўкаткацкай мануфактуры.

Вялікае захапленне выклікалі ўсе зоны музея. У самай першай – «Пласты гісторыі» – убачыла прадстаўнікоў розных сусветных цывілізацый у пэўныя перыяды гісторыі. У зоне «Слуцкі пояс» можна разгледзець фрагмент і копію сапраўднага слуцкага пояса. А ў «Фрагменце палаца Радзівілаў» даведацца, як жылі прадстаўнікі славутага роду.

Зона «Мануфактура» дае ўяўленне пра стан вытворчасці XVIII-XIX стст. Дарэчы, комплекс будынкаў слуцкай мануфактуры займаў вялікую плошчу – 2,4 гектара. Агульная колькасць работнікаў даходзіла да 60 чалавек. На персіярне выраблялася 200 паясоў у год.

У «Сакральнай зоне» пачула аб тым, што ў 1807 годзе Леон Маджарскі спыніў арэнду мануфактуры, так як неўзабаве пасля далучэння Беларусі да Расіі паясы выйшлі з моды. А ў «Народнай зоне» адзначыла для сябе, што пояс у традыцыйнай культуры беларусаў з’яўляўся значным і выключна шматфункцыянальным прадметам. Ён быў неабходным кампанентам адзення, выконваў разнастайныя сімвалічныя і абрадавыя функцыі, а таксама выкарыстоўваўся ў побыце ў розных мэтах.

Цікавы факт: лірычная гісторыя з вядомага многім беларусам яшчэ са школьнай лаўкі верша Максіма Багдановіча – не больш чым мастацкая выдумка. Ткаць паясы мелі права толькі мужчыны, таму што працэс патрабаваў значных фізічных высілкаў. А легенда тых часоў абвяшчала, што сярэбраная нітка пацямнее ад дотыка жаночай рукі.

Якія ж яны шыкоўныя, нашы паясы! Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца.

Запісала Вікторыя КАПІТАН,
юнкар.

Фота TUT.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *