Адразу і без раскачкі

Сельское хозяйство

З улікам таго, што да пачатку зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы ў сельгаспрадпрыемстве імя Мележа павінен уступіць у лік дзеючых новы жывёлагадоўчы комплекс на 720 галоў, сёлета гаспадарцы патрэбна закласці на 10 тысяч тон сіласна-сянажнай масы больш, чым у 2008 годзе. Усяго – 30 тысяч тон, ды яшчэ і 2,8 тысячы тон сена нарыхтаваць.


Задачы няпростыя, але, па словах дырэктара В.М. Каральчука, упаўне рэальныя.

– Галоўнае зараз, – гаворыць Васілій Мікалаевіч, – спаўна выкарыстаць магчымасці першага ўкосу. З ранняй вясны заправілі кармавыя ўгоддзі дадатковымі дозамі мінеральных угнаенняў і гэтым у многім знівеліравалі пагубны ўплыў красавіцкай засухі. Зараз жа, калі травы дасягнулі належнай ступені спеласці, прыступілі да нарыхтоўкі кармоў, сёння кашэнне вядзём ад ранішніх гадзін і да позняга вечара.

На нарыхтоўцы кармоў у асноўным заняты вопытныя механізатары, якім не трэба лішні раз тлумачыць важнасць выконваемай работы. Таму своеасаблівы нарыхтовачны “зялёны канвеер” у нас запрацаваў адразу і без раскачкі.

У справядлівасці слоў кіраўніка гаспадаркі пераканаліся на полі паміж Слабажанкай і Грачыхіна. Ні на мінуту не спыняючыся вядзе касьбу траў КЗР-10, на якім працуе экіпаж у складзе камбайнера В.М. Міхеда і яго памочніка А.А. Бандарчука. Нарыхтаваная зялёная маса на хаду засыпаецца ў прычэпы трактараў, якія адвозяць яе да месца закладкі ў траншэю. На адвозцы заняты механізатары М.М. Сямкоў, Я.І. Целеш, А.М. Катлярчук, У.Ю. Харкевіч, А.У. Дуброва і вадзіцель аўтамабіля ГАЗ-53 М.П. Бандарчук.

Кіпіць работа і на суседнім участку. Тут на трактары МТЗ-82 скошаную напярэдадні і правяленую канюшыну зграбае ў валкі А.Ф. Гайкоў. А на падборы валкоў ва ўсю шчыруе экіпаж камбайна КЗР-10, у які ўваходзяць камбайнер В.П. Бельскі і памочнік В.В. Канапелька. Прыкметай часу з’яўляецца той факт, што механізатары працуюць з шыроказахопным прэс-падборшчыкам. Яго дзевяціметровая шырыня дазваляе замест двух праходаў па палетку рабіць адзін – такім чынам эканоміцца нятаннае на сённяшні дзень паліва.

Адным словам, калі ўзняцца ў паветра і з вышыні птушынага палёту аглядзець наваколле, то панарама ў нечым будзе нагадваць летні дзень у муравейніку: мерным рокатам напаўняюць наваколле пафарбаваныя, быццам новенькія  камбайны, да якіх адзін за адным пад’язджаюць на загрузку аўтамабілі і трактары.

Нарэшце гул матораў пранізвае гук аўтамабільнага клаксона: надышоў час абеду. Гарачы гарохавы суп, катлеты з грэчневай кашай і абавязковы кампот з булачкай у поле на спецыяльна прыстасаваным для гэтай мэты аўтамабілі УАЗ даставіў вадзіцель П.П. Салянка. Па просьбе кіраўніцтва гаспадаркі раздатчыцай абедаў на час корманарыхтоўкі згадзілася папрацаваць былая загадчыца дзіцячага сада ў Глінішчы, а зараз пенсіянерка Ала Аркадзьеўна Касцючэнка.

Кароткі абедзенны перапынак у механізатараў –  час не церпіць.


Віктар НАЗАРАНКА.
На здымках: механізатары В.М. Міхед і А.А. Бандарчук; раздатчыца А.А. Касцючэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *