Беларусь турыстычная: Гродненская вобласць, Аўгустоўскі канал

Беларусь турыстычная

Мая паездка ў Гродна была запланаванай. Я ўдзельнічаў у Міжнародным фестывалі па водным турызме «Нёманская вясна», які штогод праходзіць паблізу н.п. Нямнова Гродненскай вобласці на Аўгустоўскім канале.

Хаця не першы раз прыехаў у Гродна, але быў у чарговы раз прыемна здзіўлены мясцовай архітэктурай: барока, рэнесанс і нават неаготыка. Калі гуляеш па мясцовых вуліцах, складваецца ўражанне, быццам знаходзішся ў сярэднявеччы: дарогі, вымашчаныя брукам, велізарныя саборы і духоўная семінарыя. Мне здаецца, што, нават не ведаючы гісторыі, можна здагадацца, што гэты горад з’яўляецца часткай чагосьці вялікага, духоўнага. Тут куды ні глянь, так адразу гісторыка-культурная каштоўнасць. Увогуле, ёсць на што паглядзець.

Дарога да Аўгустоўскага канала, які, дарэчы, з’яўляецца выдатным гідратэхнічным збудаваннем XIX стагоддзя, адным з найбуйнейшых каналаў Еўропы, уключаным у папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, заняла ўсяго толькі 15 хвілін.

Аўгустоўскі канал – сапраўды ўнікальны аб’ект свайго часу: па складанасці інжынерных рашэнняў, маштабах і прыроднай прыгажосці месцаў, дзе ён пралягае. У ХIХ стагоддзі гэты рукатворны водны шлях злучыў басейны рэк Віслы і Нёмана, забяспечыўшы на поўначы – выхад да Балтыйскага мора, а на поўдні – да Чорнага (праз Агінскі канал, Днепр, Бярэзінскую водную сістэму і Дзвіну).

У цяперашні час на тэрыторыі канала актыўна развіваецца водны, пешы і веласіпедны турызм. Дзіўная прыгажосць прыроды прыцягвае сюды тысячы гасцей. Гэта не толькі адно з самых экалагічна чыстых месцаў Беларусі і кантынента, але і эталон раўніны ў Цэнтральнай Еўропе.

Міжнародны фестываль па водным турызме «Нёманская вясна» збірае на спаборніцтвы па мастацтве валодання вяслом майстроў з большасці краін СНД. Тут няма межаў: усе даўным-даўно адзін аднаго ведаюць і гавораць на адной мове – мове спартыўнага духу.

Мяне глыбока ўразіла атмасферу і камфорту, якая тут пануе: быццам бы сама прырода спрыяе сяброўству, песням і пасядзелкам ля вогнішча.

Выходзячы на байдарцы ў крышталёва чыстыя воды Аўгустоўскага канала, атрымаў неверагодныя адчуванні. Канцэрт бардаўскай песні прыйшоўся як нельга дарэчы: удзельнікі фестывалю і спартсмены адпачылі ад спаборніцтваў і нацешыліся не толькі першароднай прыгажосцю прыроды, але і чаруючай душу жывой музыкай.

На самай справе вельмі важна наведваць гісторыка-культурныя месцы і вывучаць каштоўнасці нашай радзімы, а не замыкацца ў 4 сценах. Рух – гэта жыццё, а спазнаючы сваю краіну, людзей, гісторыю мы спазнаём саміх сябе, рухаемся не толькі па тэрыторыі, але і ў сваім развіцці.

Алег ЗУБОК Фота аўтара і з інтэрнэту.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *