Гаўрошы Вялікай Айчыннай


Дзеці вайны… Напэўна, нікому не было так цяжка ў тыя грозныя гады, як ім. І хаця дарослыя імкнуліся ўсімі сродкамі палепшыць іх долю, але ж нягоды ваеннага часу белым катком прайшліся па іх лёсах. Магчыма, таму яны так рана сталелі, а часам ішлі на такія ўчынкі, на якія быў бы здольны і не кожны дарослы.

Было гэта ў час нямецкай акупацыі, калі людзі, шукаючы паратунку ад зверстваў фашыстаў, цэлымі сем’ямі жылі ў лясах, побач з партызанскімі базамі. І хаця жыць тут было спакойней, даймала іншая праблема – голад, бо прадуктаў харчавання, якіх спехам прыхапілі з пакінутых хат, станавілася ўсё менш. І вось тры 12-13-гадовыя хлопчыкі вырашылі ўпотай ад дарослых прабрацца ў занятую немцамі вёску і набраць там хоць крыху ежы. У дарогу рушылі надвячоркам, ішлі наўздагад, дакладна не ведаючы дарогі. І калі паблізу вёскі Іванаўка натрапілі на водны канал, успомнілі размовы дарослых аб тым, што гэты канал цягнецца аж да самых Губарэвіч і таму вырашылі ісці ўздоўж яго.

Дабраўшыся да мастка перад вёскай, крыху перачакалі, а потым цёмнымі куткамі – дзе полем, а дзе агародамі – рушылі да свайго пасёлка. Да родных хат ужо было, як кажуць, рукой падаць, але якімі цяжкімі і небяспечнымі былі гэтыя апошнія метры!.. Навокал было поўна немцаў, якія ў кожным, ці то стары, ці то дзіця, бачылі партызан і таму літаральна на кожным кроку хлопцаў падсцерагала небяспека.

Параіўшыся, вырашылі зайсці да цёткі Хвядоры. Тая спачатку разгубілася, нават крыху спалохалася, але потым накарміла і схавала хлапчукоў у склепе. Там і правялі яны наступны дзень. А Хвядора тым часам напакавала клункі з харчамі і калі добра сцямнела хлопцы накіраваліся назад у лес. Да партызан дабраліся без асаблівых прыгод, а там іх чакалі ўсхваляваныя бацькі, якія ўжо і не спадзяваліся пабачыць іх жывымі.

Пасля гэтага хлопцы праз кожныя суткі накіроўваліся ў такія вось “харчовыя” вандроўкі, забяспечваючы і сябе, і дарослых прадуктамі харчавання. За гэты час яны добра вывучылі дарогу з лесу да пасёлка і назад і ўжо ведалі, дзе можна перачакаць небяспеку, а дзе трэба і паспяшацца.

Аднойчы, як звычайна нагрузіўшыся торбамі з салам, бульбай, і дачакаўшыся надыходу цемнаты, яны ўжо збіраліся рушыць у дарогу, як нечакана іх увагу прыцягнуў нямецкі абоз з шасці падвод, у якія былі зацугляны па пары адкормленых нямецкіх біцюгоў. Абоз гэты спыніўся каля хаты, дзе раней жыў адзін з хлопчыкаў. Немцы выпраглі коней і пусцілі іх пасвіцца, а самі наладзілі ў хаце гулянку – пілі гарэлку, гучна рагаталі і спявалі свае гартанныя песні.

Хлопцы вырашылі забраць гэтых коней і прывесці іх да партызан. Для вернасці пачакалі, пакуль яшчэ больш сцямнее, потым зрабілі аброці, асядлалі сабе па каню, а астатніх зацуглялі. Вырашылі рухацца напрасткі, паміж Мокішам і Бабчынам з тым, каб хутчэй дабрацца да лесу. Але нечакана на дарозе сустрэлі трох узброеных немцаў, якія ехалі на матацыкле. Натуральна, што іх зацікавіла гэтая незвычайная працэсія, аднак хлопцы не разгубіліся і адказалі, што ім даручылі папасвіць гэтых коней. Напэўна, адзін з немцаў ведаў нашу мову, бо задаволена заківаў галавой: “Гут, гут!”, пасля чаго хлопчыкаў адпусцілі.

Калі немцы схаваліся ўдалечыні,  хлопцы пусцілі коней у галоп і ўжо перад самым лесам яны пачулі ззаду шалёную страляніну – гэта фашысты выявілі прапажу. Але было ўжо позна. Лес надзейна схаваў хлопцаў, а сунуцца туды немцы не асмеліліся.

Рызыкуючы жыццём, хлапчукі прывялі ў партызанскі атрад 9 нямецкіх коней, якія потым добра паслужылі народным мсціўцам. Гэта было не толькі дзіцячай помстай ворагу, гэта быў і ўклад гэтых хлопчыкаў у нашу агульную перамогу.

Я зараз назаву іх імёны. Хлопчыкі, безумоўна, сталі дарослымі і зараз маюць не толькі сваіх дзяцей, але і дарослых унукаў. Гэта Іван Пятровіч Калыхан, які пераехаў на Украіну ў горад Жытомір, Уладзімір Маркавіч Рудзянок, якога, на жаль, ужо няма сярод нас, і Арсен Іосіфавіч Шаўчэнка, які працаваў вадзіцелем  эксперыментальнай базы “Стралічава”.

Шмат вады ўцякло з таго часу, але памяць людская чэпка захоўвае ўсё, што адбывалася ў тыя вогненныя гады…


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *