Аб чым пыталіся ў Дубровіцы?

Власть

Тэмы, якія закранулі жыхары населенага пункта, самыя разнастайныя. Старшыня райвыканкама Анатолій Бандарэнка, які правёў прыём грамадзян у Дубровіцкім клубе-бібліятэцы, выслухаў кожнага.

Самае важнае пытанне – працаўладкаванне. Свабодных месц у самім населеным пункце няма (лясніцтва і МБРЖ «Дубровіца» ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» укамплектаваны). На прапанову змяніць месца жыхарства (у межах раёна, на тэрыторыі іншых сельсаветаў і працу знайсці прасцей, і жыллё прапануюць) жанчына адмовілася, свой куточак бліжэй.
Дарэчы, усе, хто прыйшоў на прыём, падтрымлівалі адзін аднаго: мы ж не гультайнічаем, і кароў трымаем, і іншую жыўнасць, вельмі ж хочам, каб наша вёска працягвала жыццё, каб не знікла, каб і моладзь пасля вучобы вярталася. Прасілі, каб можа якую вытворчасць адкрылі на тэрыторыі населенага пункта.
Як раз адной з такіх магчымасцей па развіццю вытворчасці ў вёсцы маглі б стаць субсідыі, якія выдае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама пад адкрыццё сваёй справы. Займацца ж можна і жывёлаводствам, і раслінаводствам, і іншымі справамі, было б толькі жаданне рабіць. Любую дакладную інфармацыю можна атрымаць ва ўпраўленні.

Скардзіліся жыхары, што зарплата ў тых, хто працуе па дагавору, і ў тых, хто «ў штаце», адрозніваецца. А эканаміст сельгаспрадпрыемства пры гэтым патлумачыць нічога не жадае. Кіраўнік раёна даручыў выконваючаму абавязкі дырэктара ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Аляксандру Бельчанку разабрацца ў сітуацыі, а эканамічная служба прадпрыемства абавязана дакладна растлумачваць работнікам, з чаго складаецца іх заробак, чаму мяняецца. І рабіць так не толькі пасля звароту на прыём да старшыні райвыканкама, а заўсёды.

Яшчэ ў студзені бягучага года трое жыхароў вырашылі купіць пустуючыя дамы, якія прызнаныя старымі, што стаяць на балансе сельгаспрадпрыемства. Заплацілі за афармленне розных неабходных бумаг і спраў, аднак лёс гэтых домікаў дагэтуль невядомы. Даручэнне разабрацца ў сітуацыі і паведаміць заяўнікам аб выніках атрымалі кіраўнік гаспадаркі і бухгалтарская служба.

Прасілі жыхары ямачны рамонт вуліц правесці. Зварот адрасаваны ДРБУ-155.

Скардзіліся на перабоі з вулічным асвятленнем, асабліва на тых участках вуліц, па якіх дзеці ідуць да аўтобусу ў школу.

Калі пытанні закончыліся, гаварылі, што называецца, «за жыццё»: пра адносіны ў сям’і і калектыве, пра захаванне правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі ўсімі без выключэння, развіцці фермерскай справы, раздзельным зборы другаснай сыравіны.

Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *