Віншуем Вас, паважаны Мікалай Іванавіч!

Общество

Паважаны Мікалай Іванавіч Садчанка, сардэчна ад усіх хайнічан віншуем Вас з юбілеем!

Вы чалавек, выхаваны сярод жывапісных сельскіх пейзажаў, а таму ўсё жыццё ў Вашым сэрцы цепліцца дзіўная і жыццесцвярджаючая любоў да свайго краю. Вы ніколі не забывалі тую сцяжынку, якая вывела Вас ў вялікі шлях жыцця, імкнуліся зрабіць як мага больш для сваіх родных мясцін. Спачатку для такой блізкай вёсачкі Храпкаў, дзе нарадзіліся, пасля для саўгаса «Судкова», у якім юнаком пачыналі працаваць і які ў будучым ўзначалілі, а потым для ўсёй Хойнікшчыны, займаючы дзесяць гадоў пасаду старшыні райвыканкама. І сёння Вы імкнецеся быць карысным людзям, дапамагаеце, натхняеце, падтрымліваеце ўсіх нас, Вашых землякоў.

Актыўны, неабыякавы, адкрыты – Вы прысвяцілі львіную долю жыцця служэнню зямлі і людзям. Пэўны час працавалі старшынёй абласнога камітэта работнікаў прафсаюза аграпрамысловага комплексу і заўсёды з душой і клопатам ставіліся да хайнічан. За што мы ўсе Вам шчыра ўдзячны.

Жыццёвыя дарогі, канешне, не былі гладкімі, але Вы ідзеце па іх годна і Вам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Шмат добрых спраў прысвяцілі роднай Хойнікшчыне, дык няхай Ваша дабрыня і спагада вяртаецца да Вас бумерангам. Адзін мудрэц сказаў: «Даўжыню жыцця нам вымярае Бог, а шырыню ды змест – мы самі».

Змест Вашага жыцця вельмі насычаны і цікавы, а ўсё таму, што Вы ніколі не цураліся працы, ідзеце па жыцці са сціплай усмешкай і дабрынёй да людзей.

З нагоды Вашага цудоўнага свята жадаем, каб кожны дзень быў напоўнены шчасцем. Няхай Вас акружаюць толькі дабро, святло, усмешкі і радасць! Няхай Вас заўсёды перапаўняе невычэрпная энергія для ажыццяўлення ўсіх жаданняў. Геніяльных Вам ідэй, цікавых задумак, пачуццяў і эмоцый, сілы і надзеі. Жадаем, каб усё жыццё было бясхмарным і яркiм, а ў доме заўсёды панавала утульнасць.

Моцнага Вам здароўя, каб яшчэ шмат гадоў не патухаў агеньчык у вачах. Няхай родныя і сябры заўсёды будуць побач, а лёс заўжды прыносiць прыемныя падзеi. Няхай усё, што здавалася нязбытным, збудзецца!
Віншаваць добрых людзей заўсёды прыемна, а такога выдатнага чалавека, як Вы, прыемна ўдвая. З юбілеем Вас, Мікалай Іванавіч, і з надыходзячым Днём работнікаў сельскай гаспадаркі!

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *