Беларусь турыстычная: город Мінск, Музей Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі

Беларусь турыстычная

Расказвае Дзмітрый Мядзведзеў:

– Ад Вялікага княства Літоўскага да сучаснасці – менавіта такі адрэзак гісторыі прадстаўлены ў музеі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, які наведалі супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў са сваімі сем’ямі.

Днём утварэння музея лічыцца 24 кастрычніка 1986 года, калі Савет Міністраў БССР сваім распараджэннем падтрымаў прапанову МУС рэспублікі аб стварэнні музея гісторыі беларускай міліцыі. Для наведвальнікаў музей адкрыўся ў 1987 годзе ў будынку, які сам з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку XX стагоддзя (1914 год). У 2017 да 100-годдзя беларускай міліцыі была праведзена рэканструкцыя, з’явіліся новыя экспанаты.

Экспазіцыя музея МУС Рэспублікі Беларусь уключае 5 залаў, дзе прадстаўлены экспанаты, якія распавядаюць аб працы праваахоўнікаў ад сярэдніх стагоддзяў да нашых дзён. На двух паверхах сабрана каля 11 тысяч прадметаў, рэчаў: службовая форма, пачынаючы з дарэвалюцыйнага перыяду, фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, зброя, якую забіралі ў злачынцаў, і табельная зброя, узнагароды (ордэны, медалі, граматы), чамаданчык крыміналіста, розная атрыбутыка, абсталяванне, матацыклы, доказы і шмат усяго цікавага. Наведвальнікам паказваюць рэчавыя доказы па гучных справах і нават прапануюць прымерыць некаторыя дэталі экіпіроўкі байцоў спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз».

Кожная з залаў распавядае пра нейкі пэўны часовы перыяд з гісторыі нашай краіны. Напрыклад, першы пакой знаёміць з дзейнасцю структур па ахове правапарадку на беларускіх землях у часы Вялікага княства Літоўскага. Далей – гісторыя ўтварэння Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі і дзейнасць спецыялізаваных дзяржаўных органаў па ахове правапарадку і барацьбе са злачыннасцю ў XIX – пачатку XX стагоддзяў.

У трэцяй зале адлюстравана гісторыя станаўлення беларускай міліцыі ў 1917-1939 гг. Наступная зала – экспанаты, якія распавядаюць аб дзейнасці міліцыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і ўдзеле супрацоўнікаў МУС у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У апошняй зале шырока апісваецца праца падраздзяленняў МУС нашай краіны на сучасным этапе. Завяршаецца экскурсія заўсёды каля стэнда, прысвечанага супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі.

Для зручнасці наведвальнікаў у музеі ўстаноўлены сучасныя мультымедыйныя парталы з дадатковай інфармацыяй па ўсіх раздзелах экспазіцыі. У выставачным павільёне «Міліцэйская рэтратэхніка» знаходзяцца цікавыя экзэмпляры аўтамабіляў: на іх калісьці ездзілі супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку Дзяржаўтаінспекцыі: ГАЗ-67, 401-ы «Масквіч» супрацоўнікаў ДАІ, 21-я «Волга» і іншыя. Характэрна, што ўсе машыны і сёння на хаду.

Трэба адзначыць, што акрамя архіўнай, адукацыйнай і выставачна-экспазіцыйнай дзейнасці, у музеі праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы і ўручаюць супрацоўнікам міліцыі табельную зброю. Што, думаю, даволі знакава.

Запісала Ганна КАЛІНІНА, юнкар.
Фота прадастаўлена РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *