Няўвязкі на старце

Сельское хозяйство

Адна з апошніх тэлефанаграм Гомельскага абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню прадпісвае сельгаспрадпрыемствам вобласці займацца нарыхтоўкай травяністых кармоў штодзённа з 5 гадзін раніцы і на працягу ўсяго светлавога дня. Пры гэтым кожны дзень кармавая база гаспадарак павінна папаўняцца не менш, чым на 0,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У сельгаспрадпрыемстве “Веляцін” з самога пачатку нарыхтоўкі кармоў і да 2 чэрвеня па аператыўнай зводцы райсельгасхарчу нарыхтавана ўсяго толькі 0,35 ц к. а. А тут яшчэ і чутка па раёну пракацілася: у “Веляціне” “ўладзілі” новую касілку!

Сітуацыя праяснілася пры сустрэчы з дырэктарам КСУП “Веляцін” Аляксандрам Уладзіміравічам ГАРАШЧАНКАМ.

– Шыроказахопную 9-метровую касілку КПР-9 вытворчасці ВА “Гомсельмаш” са строю ніхто не выводзіў. Справа тут у іншым. Адным з яе недахопаў з’яўляецца слабы мацуючы цэнтральны вінт, які ў рабоце не вытрымлівае цяжкасці загружанай касілкі, і тая адрываецца. Наколькі мне вядома, з такой праблемай сутыкнуліся і ў іншых гаспадарках.

Для надзейнай замацоўкі агрэгата патрэбен спецыяльны ўзмоцнены вінт. Такі ў нас ёсць, праўда, ён ужо не новы. Тым не менш, пакуль што заварым яго і будзем шукаць новы, больш надзейны.

– Чым растлумачыце такі няспешны ход работ па нарыхтоўцы кармоў?

– Кармавыя культуры на нашых угоддзях позна ўступілі ў фазу бутанізацыі, гэтым у многім тлумачыцца позні пачатак корманарыхтоўчых работ. Учора (ад рэдакцыі: 1 чэрвеня) закончылі кашэнне на 127 гектарах канюшыны і 20 гектарах люцэрны, пасля падвяльвання яны пойдуць на сянаж.

На падборы правяленай масы зараз заняты 2 камбайны КЗР, кашэнне траў вядзём дзвюма лідскімі касілкамі і касілкай КПП-4,2. Есць пэўныя цяжкасці з адвозкай зялёнай масы, аднак думаю, што з пастаўленымі задачамі па нарыхтоўцы кармоў павінны справіцца.

Гэта добра, што кіраўнік гаспадаркі не губляе аптымізму. Не хацелася б толькі, каб паўтарылася сітуацыя, якая ўзнікла ў ходзе сёлетняй зімоўкі жывёлы, калі “Веляціну” давялося набываць кармы ў КСУПах імя Жукава (Брагінскі раён) і “Судкова”. Гаспадарцы гэтыя закупкі ўляцелі ў капеечку – з улікам транспартных расходаў, паліва і зарплаты прывазныя кармы абышліся амаль у 300 мільёнаў рублёў. Тым больш, што разлічвацца давялося і жывёлай.

Таму так важна выкарыстаць сёння ўсе магчымасці для стварэння ўласнай, надзейнай кармавой базы для будучай зімоўкі.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *