Урач не даехаў, а цяпло не дайшло

Власть

Размова па сутнасці – лейтматыў чарговага Дня дэпутата, які прайшоў на гэтым тыдні ў раёне.

Адкрытая гутарка старшыні райсавета дэпутатаў з людзьмі распачалася сустрэчай з актывам Барысаўшчынскага сельсавета, дзе Галіна Бондар закранула пытанні, якія тычыліся самых розных бакоў жыцця рэгіёна. Фарміраванне бюджэту, роля органаў мясцовага кіравання і самакіравання, добраўпарадкаванне, уключэнне зямель у севазварот, гандаль і грамадскае харчаванне, сярэднія заработныя платы і сацыяльна-эканамічныя паказчыкі раёна – гэта далёка не ўсе тэмы, якія ўздымаліся. Сярод пытанняў, якія хвалююць мясцовых жыхароў – якасць пітной вады. Старшыня раённага Савета дэпутатаў запэўніла: хутка сітуацыя, з будаўніцтвам станцый абезжалезвання, карэнным чынам зменіцца, трэба трошкі пачакаць.

Прадоўжыўся фармат работы асабістым прыёмам грамадзян і «прамой лініяй». Жыхары н.п. Барысаўшчына паскардзіліся, што да іх не даехаў «урач з гораду», які абавязаны праводзіць прыём пацыентаў у вёсцы адзін раз на тыдзень.

– Гэтага пытання наогул магло і не быць, – упэўнена Галіна Бондар. Прыедзе доктар з цэнтральнай раённай бальніцы, ці не прыедзе – інфармуйце насельніцтва аб гэтым і праблема знікне сама сабой. Аб’яву наляпіце у рэшце рэшт. Людзі павіны быць у курсе ўсіх падзей, нават такіх, на першы погляд, нязначных.

Пенсіянерка з Храпкава, інвалід II групы, пыталася, ці можа яна разлiчваць на дапамогу сацработніка і куды ёй звяртацца, каб замовіць такую паслугу. Жанчыне растлумачаны ўсе нюансы.

Стралічаўскі Цэнтр вольнага часу стаў наступным пунктам у межах работы дэпутатаў. Тут інфармацыйна-прапагандысцкая група сустрэлася з жыхарамі аграгарадка. Перад пачаткам мерапрыемства ўсе жадаючыя маглі памераць артэрыяльны ціск і атрымаць кансультацыю медработніка.

Галіна Бондар распавяла прысутным аб надзённых пытаннях раёна, інфраструктуры, яго перспектывах. Інфармацыю людзі атрымалі аптымальную, не прыхарошаную. Яна не з тых, якой можна толькі радавацца. Тым не менш, паставіліся да сказанага с паразуменнем, без нараканняў.

Намеснік начальніка РАУС Дзяніс Апанасюк параіў, як не патрапіць у лапы кіберзлачынцаў, а першы намеснік начальніка РАНС Андрэй Валяваты, як пазбегнуць бяды ў дамах, якія маюць пячное ацяпленне. Начальнік ЖЭУ КЖУП «Хойніцкі камунальнік» Сяргей Несцярэнка давёў да ведама аўдыторыі асноўныя напрамкі дзейнасці прадпрыемства, засяродзіўшы ўвагу на самых жыццёва важных: будаўніцтве новых станцый абезжалезвання, новай кацельні, аплаце за камунальныя паслугі.

Адна з жыхарак Стралічава падняла пытанне, актуальнае для многіх. У прыватнасці, што тэмпература ў кватэрах на працягу тыдня ніжэй нормы.

«Мы ведаем гэтую праблему і разумеем людзей. Стараемся, робім усё магчымае, каб тэмпература не апускалася ніжэй 18 градусаў. Аднак, трэба ўлічваць такія моманты, як эканомія, падтрыманне тэмпературнага рэжыму. Мы пастаянна вымушаны балансаваць на гэтай мяжы – з аднаго боку забяспечваць неабходны тэмпературны рэжым, а з другога – не    дапускаць     перарасходу паліўна-энергетычных рэсурсаў. Не заўсёды гэта ўдаецца», –  адказаў начальнік ЖЭУ.

Тым не менш, старшыня раённага Савета дэпутатаў паставіла задачу перад начальнікам мясцовай кацельні ў самыя кароткія тэрміны забяспечыць сацыяльны стандарт па цяплу ў дамах стралічаўцаў.

 Алена СМУСЯНОК.

Фота аўтара і Алега ЗУБКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *