Узводзіцца новы комплекс

Сельское хозяйство

Продаж малака дзяржаве для сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца адным з самых хуткіх і надзейных шляхоў паправіць сваё фінансавае становішча. Нягледзячы на праславуты фінансавы крызіс, перапрацоўшчыкі малака заўсёды своечасова і ў поўным аб’ёме разлічваюцца з гаспадаркамі, а значыць апошнія напрамую зацікаўлены ў росце вытворчасці і рэалізацыі гэтай важнейшай прадукцыі жывёлагадоўлі. Таму там, дзе ёсць магчымасць і сродкі, сельгаспрадпрыемствы ідуць на такія крокі як павелічэнне пагалоўя дойнага статка і рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў.

Да такога рашэння прыйшлі і ў сельгаспрадпрыемстве імя Мележа. Тут пачата будаўніцтва двух кароўнікаў на 720 галоў з агульным малочна-даільным блокам, на якім будзе зманціравана добра зарэкамендаваўшая сябе даільная ўстаноўка “Елачка”. Новыя жывёлагадоўчыя памяшканні плануецца ўзвесці ў комплексе: тут знойдзецца месца для радзільнага аддзялення, памяшкання для сухастойных кароў, на тэрыторыі комплексу будуць закладзены дзве сіласна-сянажныя траншэі, выгарадзіцца пляцоўка для выгулу. Жывёла будзе знаходзіцца ў комплексе на боксавым бяспрывязным і круглагадовым утрыманні.

Будаўніцтва, да якога ўжо прыступілі дзве наёмныя брыгады, будзе весціся гаспадарчым спосабам, а завяршыць яго плануецца да 1 кастрычніка, калі жывёла павінна быць пераведзена на зімова-стойлавае ўтрыманне.

У адпаведнасці з распрацаваным бізнес-планам зараз для павелічэння дойнага статка ў гаспадарцы рыхтуюць да раздойвання 200 галоў нецеляў. Яшчэ столькі ж галоў жывёлы плануецца закупіць за кошт дзяржаўнай падтрымкі ў адпаведнасці з палажэннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 332 ад 13 чэрвеня 2008 года.


Віктар МІХАЙЛАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *