Усё ў межах закона павінна быць

Власть

На прыём да старшыні райвыканкама звяртаюцца звычайна тады, калі ў іншых інстанцыях вырашыць праблему не атрымалася.

У сераду старшыня райвыканкама Анатолій Бандарэнка правёў прыём грамадзян. Тэматыка пытанняў, з якімі хайнічане звярнуліся да кіраўніка раёна, самая разнастайная: ад працаўладкавання да ўзаемаадносін паміж суседзямі.

Старшыня раённай арганізацыі інвалідаў-калясачнікаў Эдуард Іваноў звярнуўся з просьбай аб выдзяленні памяшкання, у якім члены арганізацыі маглі б праводзіць заняткі, мерапрыемствы, у тым ліку і спартыўныя.

Вырашана, што такое памяшканне будзе прадастаўляцца ў будынку аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН. Папярэдне будзе распрацаваны графік, згодна з якім і будуць праводзіцца заняткі і мерапрыемствы. Гэта патрэбна для таго, каб не заміналі адзін аднаму члены арганізацыі інвалідаў-калясачнікаў, тыя, хто наведвае аддзяленне дзённага знаходжання, наведвальнікі ТЦСАН. Будынак абсталяваны пандусам, таму складанасці папасці ў яго не будзе.

Яшчэ Эдуард Іваноў звярнуў увагу на тое, што ў горадзе мала парковачных месцаў, прызначаных для інвалідаў. На стаянках каля большасці сацыяльна-значных аб’ектаў не абазначаны месцы для інвалідаў. А тыя нешматлікія, што абазначаны разметкай на асфальце, не маюць побач адпаведнага дарожнага знака. І калі будзе снег, то вызначыць, дзе гэтыя месцы размешчаны, не атрымаецца. Кіраўнік раёна даручыў Дзяржаўтаінспекцыі і дарожным арганізацыям выправіць сітуацыю ў бліжэйшы час.

Па пытанню працаўладкавання звярнуўся хайнічанін. Мужчыне прапанавалі вакансіі, якія ёсць у раёне, згодна з яго адукацыяй. Грамадзянін абяцаў падумаць над прапановай.

Увогуле сёння ў раёне налічваецца больш 100 вакансій. Так, некаторыя патрабуюць спецыяльную адукацыю і пэўны вопыт. Аднак больш паловы – гэта рабочыя прафесіі. І калі пры гэтым ёсць пэўныя нязручнасці з тым як дабірацца, або неабходна прайсці пераабучэнне, то гэта ў любым выпадку лепш, чым сядзець без працы. Да таго ж, пэўную прастору для дзейнасці адкрывае самазанятасць: рамесніцтва, ажыццяўленне відаў дзейнасці, для якіх не трэба рэгістравацца ў
якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Разабрацца ў сітуацыі, якая склалася па вул. Пралетарская райцэнтра, старшыня райвыканкама Анатолій Бандарэнка даручыў адпаведным службам раёна. А справа ў тым, што адзін з жыхароў у асабістай падсобнай гаспадарцы трымае 36 кароў. Адпаведна, пэўныя нязручнасці адчуваюць жыхары побач размешчаных дамоў. Аднак жа гаспадар павінен разумець: калі трымаеш жывёлу, асабліва такую колькасць, то нормы санітарнага, ветэрынарнага і экалагічнага заканадаўства выконваць павінен.

Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *