Вёска мая – Стралічава

Год малой радзімы

Што асабіста для мяне малая радзіма? Я задаю сабе гэта пытанне і адразу даю на яго адказ.

Гэта, перш за ўсё, родныя мне людзі, мая сям’я, якую я вельмі люблю і думаю пра яе, дзе б ні была. I кожны раз пасля доўгай разлукі спяшаюся дадому, каб моцна абняць родных сэрцу людзей, прытуліцца да іх і пачуць шчырыя словы любві.

Усё на радзіме мне дарагое, блізкае. І куды б ні закінуў мяне лёс, ніколі не парвецца з ёю душэўная повязь. Гэта зямля мая родная. Стралічава!

Мая вёска, як і ўсе вёскі Хойніцкага раёна, мае сваю біяграфію.

Назва вёскі Стралічава звязана з формай забудовы цэнтральнай вуліцы, якая была роўнай і прамой, як страла. Будавалася яна ўздоўж лясной прасекі, што раздзяляла панскі і дзяржаўны лес. Яшчэ і сёння гэта вуліца, якая цягнецца каля трох кіламетраў, застаецца такой жа прамой і роўнай.

Таксама можна смела меркаваць, што назва пайшла ад яе першапасяленцаў стрэлічаў. Так у старажытнай Русі называлі землямераў. Вось і аблюбавалі стрэлічы адну з самых прыгожых мясцін на касагор’і і ў сямі вярстах на поўдзень ад Хойнікаў.

Гісторыя Стралічава ўходзіць у далёкае мінулае. Першае летаўпамінанне аб вёсцы знойдзена ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Беларускай ССР. У 1721 г. Іосіф Парушэвіч, біскуп Валоскі, прадаваў маёнтак хойніцкаму князю Мікалаю Шуйскаму разам з фальваркам Стралічаў. Апошнім уладальнікам фальварка Стралічаў быў арлоўскі купец з горада Карачава Міхаіл Пятровіч Аўраамаў.

Жорсткія адносіны да сялян, галеча і бяспраў’е не маглі не адбіцца на ўзаемаадносінах стралічаўцаў з памешчыкам. Не выпадкова вяскоўцы сустрэлі вестку аб перамозе Кастрычніцай рэвалюцыі з радасцю.

30-я гады таксама пакінулі цяжкі адбітак на лёсах жыхароў вёскі. Людзі розных узростаў і характараў, розных прафесій і поглядаў, поўныя сіл і энергіі, жадання працаваць, расціць дзяцей, людзі, што сёння радаваліся жыццю, заўтра раптоўна станавіліся «ворагамі народа», страчвалі свабоду, а часта і жыццё. Толькі праз многія годы людзям вярталіся іх чэсныя імёны.

1941 год… 3 першых дзён вайны ў вёсцы была створана падпольная група маладых мсціўцаў. Яе ўзначальваў член КПСС Трафім Антонавіч Бордак, які быў расстраляны 30 кастрычніка 1942 года. Актыўны ўдзел у падполлі прымаў Уладзімір Аляксандравіч Табачны, камсамолец, які таксама быў расстраляны ў 1942 годзе.

Немцы і іх прыслужнікі-паліцаі наводзілі «новы парадак». Яны забівалі, падпальвалі, рабавалі ў Нямеччыну моладзь.

У вёсцы быў спален 41 дом, расстраляны 52 жыхары, у тым ліку і жонка з дзецьмі камандзіра роты партызанскага атрада імя Чапаева Арсенія Іванавіча Вараб’ёва.

24 лістапада 1943 года 77-я стралковая дывізія 61-й арміі вызваліла вёску ад нямецкай няволі. Рабочыя і калгаснікі, у большасці жанчыны, старыя і падлеткі пачалі адбудоўваць разбураную вайной гаспадарку. А пасля пачалі вяртацца з фронту салдаты. Іх подзвігі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. А 387 жыхароў засталіся ляжаць у брацкіх магілах пад Масквой, Сталінградам, Курскам, у лясах Беларусі, Польшчы, Венгрыі.

Не магу не ўспомніць нашага земляка Уладзіміра Мікітавіча Марчанку. Наша школа з гонарам носіць яго імя. Мужны камандзір гарматы, старшыня У.М. Марчанка з першага выстрала знішчыў два бронетранспарцёры ворага. У радах гітлераўцаў наступіла замяшанне. Гэта і выкарысталі нашы пехацінцы. Яны пайшлі ў атаку і прымусілі ворага адысці назад. У баі камандзіра смяротна раніла. 15 мая 1946 года У.М. Марчанка пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Славы першай ступені.

Гэта маленькі кавалак гісторыі маёй малой радзімы.

Ганна КАЛІНІНА, юнкар.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *