КСУП «Веляцін» – 90 гадоў: ёсць толькі імгненне паміж мінулым і будучым, менавіта яно называецца жыццё

Сельское хозяйство

Жыццё, што пахне хлебам і малаком

Падчас палявых работ тата браў сына ў поле. Вядома, не ўсю працоўную змену хлопчык мог высядзець побач, але ўсё ж даволі працяглы час. Канешне, прасіў бацьку паруліць на трактары ці машыне. Часам дазвалялі. Радасці і гонару тады не было межаў. А яшчэ, седзячы ў цені лесапаласы, хлопец любаваўся дзействам агрэгатаў. Калі трактар «упаўзаў» на макушку схілу, то здавалася, што ён заедзе ў неба і ўзарэ хмары. Тады гоман матора быў песняй. Цікава было падсаджвацца і слухаць гутаркі мужыкоў у абедзены перапынак. А хлебаробы, гледзячы на малога, казалі бацьку: «Правільна, вучы нам змену». Гэта звычайная гісторыя з дзяцінства многіх вясковых дзяцей, у тым ліку веляцінскіх, паселіцкіх, звеняцкоўскіх, пудакоўскіх і г.д. Яны добра ведаюць «начынку» сельскагаспадарчай тэхнікі, бо шмат часу праводзілі ў гаражы ці дапамагалі рамантаваць у двары дома. Яны ведаюць, наколькі складана здабываецца малако, бо хадзілі дапамагаць матулям на ферму. Яны часта, прыйшоўшы са школы і хутка прыгатаваўшы ўрокі, сядзелі за брамкай на лавачцы і чакалі бацьку. Калі «зафырчыць» і вынырне з-за вугла грузавік. І з усіх ног беглі насустрач. Яны часта апускаліся ў палявыя мары…

Праз гады той самы хлопчык, які некалі катаўся з бацькам, сам становіцца хлебаробам, аграномам, ці інжынерам, а дзяўчына, якая «пасябравала» з калгаснымі каровамі, ідзе працаваць на ферму. Пасля яны ўжо сваіх дзяцей бяруць у поле. І потым іх жыццё ўжо пахне хлебам і малаком. Яны ўзрастаюць на роднай зямельцы, жэняцца, працягваюць працоўныя дынастыі. Паміж снапамі бегаюць дзеці, а пасля – і ўнукі работнікаў. Адно пакаленне змяняе другое, але нязменным застаецца працавітасць людзей, адданасць малой радзіме. Таму юбілей гаспадаркі – гэта, без перабольшвання свята адной вялікай сям’і. Тут усе ведаюць адзін аднаго, сціраюцца межы вёсак, бо гэта ўсё адно сельгаспрадпрыемства, ці, па-ранейшаму, калгас. Тут усё, як на далоні.

Зімой у вёсках ціха і спакойна, з пячных труб сцелецца дымок… Але вяскоўцам усё роўна не да адпачынку, у іх хапае клопатаў круглы год.

Тут з самага дзяцiнства ўсё так мiла сэрцу. Мясцовыя жыхары чэрпаюць вытокі ў бацькоўскай зямлi. На ўскрайку духмяных палёў, у невялiчкай вёсцы душа адпачывае ў водары садоў. Дарэчы, раней у гаспадарцы былі вялікія сады. А пачыналася ўсё з сахі і бараны, сярпа і касы, цэпа і матыгі. Зараз нават скаладана ўявіць, як магчыма было працаваць толькі пры дапамозе гэтых прылад. Людзі спазналі спаўна цяжар ручной працы, як кажуць, зведалі смак вясковага хлеба, які прапітаны потам і штодзённым клопатам.

Ішлі гады. Усё змянялася. Усяго на доўгім жыццёвым шляху калгаса было. Хапала і горычы, асабліва ў ваенны час. Але людзі выстаялі, аднаўлялі, будавалі і верылі ў лепшае. З часам на палях пачыналі з’яўляцца першыя трактары. Некаторыя былыя работнікі памятаюць пасляваенны час, калі працавалі толькі за працадні. Сціплыя разлікі атрымлівалі ў выглядзе збожжа. Але людзі, незалежна ад памеру заробкаў, не дазвалялі сабе абыякавасці.

Звычайна вяскоўцы падымаліся да ўсходу сонца і да позняга вечара займаліся калгаснымі справамі. І так было ва ўсе часы. Многія былыя работнікі і зараз не парушаюць старую звычку. А то ўсхопяцца сярод ночы ад уражлівага сну пра калгасныя справы. Душа ніяк не расстаецца з мінулым. Сярод такіх, прысвяціўшых жыццё сельскай гаспадарцы, былы галоўны аграном Васілій Разуменка.

Аграном – стваральнік цудаў

«Ніякая глыба золата не пераважыць крошкі хлеба», – перакананы Васілій Іванавіч. Ён нарадзіўся ў Хойніках, закончыў першую гарадскую школу, адслужыў у арміі ў Падмаскоўі, пасля атрымаў дыплом Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Сорак тры гады працаваў галоўным аграномам у калгасе «Бальшавік»  (раней так называўся КСУП «Веляцін»). За гэты час стаў ідэйным настаўнікам для многіх, перадаваў вопыт, вучыў любавацца прыгажосцю, створанай прыродай і чалавекам.

Галоўная вотчына агранома – зямля. Трэба ведаць кожны ўчастак, ды дзе там – кожны яе лапік як свае пяць пальцаў. І сёння Васілій Разуменка памятае кожны палетак і нават многія лічбы – паказчыкі мінулых гадоў. Спачатку яго транспартным сродкам быў веласіпед. На ім ён ездзіў па калгасе. Пазней набыў уласны матацыкл К-700, а потым шмат гадоў (да набыцця аўтамабіля) калясіў па гаспадарцы на калгасным матацыкле «ИЖ Планета».

Зярнятка, якое ранняй вясной кволай зялёнай галоўкай прабіваецца праз глебу, а праз некалькі месяцаў становіцца ўжо важкім вусатым коласам – гэта сапраўдны цуд. І аграном – стваральнік гэтага цуда. Менавіта працавітасць і дальнабачнасць галоўнага тэхнолага палёў і яго каманды – хлебаробаў, напаўняе зернем калгасныя засекі, а траншэі – кармамі. І трэба было бачыць вочы Васілія Разуменкі ў завяршальны дзень жніва. У іх – затоеная радасць, адценні стомы і трывог, вялікае шчасце. Ён часта ўзгадвае, як паволі воблачкі ў небе плылі і на вачах знікалі, а ён стаяў на родным полі з даспелым летам на плячах.

Многім у Веляціне, Пудакове і Звяняцкім (у тыя часы ў калгасе было тры брыгады) ёсць што ўзгадаць не толькі пра спагаду і чуласць, але і сціпласць галоўнага агранома Разуменкі. Ён ведаў нораў кожнага калгасніка і адпаведна вырашаў, каму які ўчастак даверыць. Заўсёды прыходзіў на дапамогу, падтрымліваў людзей і натхняў на новыя поспехі. А тады іх было нямала. У калгасе, акрамя збожжавых, вырошчвалі лён, памідоры, бульбу, агуркі, буракі, капусту, кабачкі, клубніцы, парэчку, агрэст, яблыкі. Быў час, калі веляцінскія адборныя яблыкі адпраўлялі па чыгунцы ў Кандалакшу – горад на паўднёвым захадзе Мурманскай вобласці Расіі. А ў асноўным гародніну і ягады пастаўлялі на кансервавы завод у Хойніках. Меліся ў калгасе канюшня, цялятнікі, кароўнікі, свінаферма. Раней «у раён» на ўшаноўванне ездзілі адразу па некалькі дзясяткаў перадавікоў з калгаса.

Канешне, Васілію Іванавічу ёсць з чым параўноўваць. Сёння ён уражваецца магчымасцямі сучаснай тэхнікі. А некалі па мясцовых палях ездзілі першыя савецкія гусенічныя дызельныя трактары ДТ-54, пазней у калгасе «прапісаліся» ДТ-74, з’явіліся МТЗ-50. Гэта, безумоўна, няроўня цяперашнім трактарам і камбайнам. Палепшыліся ўмовы і ў жывёлагадоўлі – аб сучасных даільна-малочных блоках раней і марыць не маглі. Іншым становіцца нават клімат. У былыя часы восень помнілася пастаяннымі дажджамі, а зімы былі марознымі і снежнымі. А цяпер ужо які год адчуваем летам і ўвосень засуху.

За гісторыю свайго існавання гаспадарка некалькі разоў рэарганізоўвалася і мяняла назву, але нязменнымі заставаліся падыходы людзей, якія працавалі з поўнай аддачай і ўкладвалі душу ў любімую справу.

Васілій Разуменка – вельмі цікавы субяседнік, ён адпраўляе ў змястоўны экскурс па старонках мінулага, распавядае натхненна і са шчырай любоўю да сваёй працы, да гаспадаркі і людзей. На развітанне ён прасіў павіншаваць працаўнікоў КСУП «Веляцін» і паважаных ветэранаў з юбілеем. Ад шчырага сэрца пажадаў дабра і здароўя, дабрабыту і ладу ў кожнай сям’і, у кожным доме, працоўных поспехаў і простага шчасця.

Каштоўны падарунак ад Васілія Мігая

Яшчэ адзін чалавек, пра якога мы проста не маглі не ўзгадаць з нагоды юбілея, – былы старшыня калгаса Васілій Мігай. Ён узначальваў гаспадарку амаль 19 гадоў. І хаця ўжо «перабраўся» ў горад, усё роўна застаецца паважаным сярод працаўнікоў, помняцца яго добрыя справы, пагадлівыя адносіны і, канешне, усё тое, што было пражыта і здзейснена разам на калгасных палетках, на фермах, на мехдвары, у гадзіны агульнага адпачынку. Бойкі на слова, жвавы, ён іскрамётна выказвае думкі, дапаўняючы іх дакладнымі фактамі і прыкладамі.

У былога дырэктара быў індывідуальны падыход да кожнага працаўніка, а яшчэ ён надаваў вялікую ўвагу пераемнасці трох пакаленняў – старэйшага, самага вопытнага, сярэдняга і малодшага. Увага да простага чалавека, да яго надзённых праблем давала свой плён. Гаспадарка мацнела: папаўняўся машынна-трактарны парк, раслі надоі малака. Тады ўмелі добра працаваць і добра адпачываць. У святы ладзіліся цудоўныя творчыя вечары. Заўсёды запрашалі шмат гасцей, шчыра дзякавалі людзям за працу, узнагароджвалі, спявалі песні і дружна танцавалі. Калектыў быў надзвычай дружны, ідэі хутка падтрымліваліся і ажыццяўляліся.

У час кіравання Васілія Уладзіміравіча да калгаса «Бальшавік» далучылі слабейшы «Рассвет». І, па яго словах, гэта аб’яднанне толькі ўзмацніла гаспадарку. Былы кіраўнік быў не столькі строгім, колькі патрабавальным. Умеў настроіць на працу, падбадзёрыць, пераканаць, што ўсё атрымаецца. І атрымлівалася! І паляводы, і жывёлаводы, і механізатары, і будаўнікі дасягалі выдатных вынікаў. Бо кожны не лічыўся з часам, хатнімі клопатамі. Яны былі маладымі і не сумняваліся, што горы змогуць звярнуць.

Васілій Мігай з цеплынёй узгадвае былыя часы і надзейных, працавітых людзей, з якімі было лёгка працаваць. Усіх пералічыць складана, таму ён прасіў нікога не крыўдзіцца, і некалькі імёнаў назваў – гэта Юрый Сакун, Васілій Разуменка, Рыгор Гардзейчык, Міхаіл Заяц, Васілій Звягін, Іван Горбач, Галіна Грамкова, Галіна Ефіменка, Валянціна Санцэвіч, Сяргей Дзейкун, Кацярына Гардзейчык, Ганна Смальцар, Марыя Лобан, Ганна Толмач і інш. Некаторых з іх ужо, на жаль, няма з намі.

Калі Васілій Уладзіміравіч узначаліў калгас, яму было 34 гады. Гэта быў 1990 год. Няпросты час. Распад Савецкага Саюза, людзі яшчэ маральна не «адышлі» ад чарнобыльскай бяды. І яму трэба было аб’яднаць людзей і ўсяліць у іх веру. За плячыма маладога кіраўніка была работа эканамістам у гаспадарцы і чатыры гады ў райкаме партыі. Ён хацеў усё лепшае «прыцягнуць» у гаспадарку. У 1998 годзе ездзіў у Чэхію для пераймання вопыту. Прывёз адтуль ідэю халоднага метаду вырошчвання цялят у драўляных доміках і іншыя задумы, якія адразу пачаў укараняць.

Сёння на пытанне аб тым, якія успаміны аб «Веляціне» самыя яркія, Васілій Мігай, адказвае: «Людзі. Мне пашанцавала працаваць з выдатнымі людзьмі. Я ўсіх памятаю, паважаю, удзячны кожнаму. За іх працавітасць, за іх сумленне, за іх адносіны да малой радзімы». Былога кіраўніка штогод запрашаюць на святы ў гаспадарку, ён ніколі не адмаўляецца, заўсёды рады такім сустрэчам, магчымасці ўзгадаць мінулае, даведацца пра цяперашнія справы. І вось сёлета на святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі ён падарыў калектыву флэшку з відэо, якое было знята ў 1996 годзе. Там два дні з жыцця сельгаспрадпрыемства. Вельмі кранальны відэазапіс, бо ў ім вельмі каштоўная памяць. Усё такое блізкае, роднае. Здаецца, было ўчора, а прайшло дваццаць тры гады. Гэту флэшку цяпер работнікі перадаюць адзін аднаму, пераглядаюць і акунаюцца ў настальгію. Няхай цёплыя ўспаміны заўсёды грэюць душу веляцінскіх працаўнікоў.

Былы кіраўнік Васілій Мігай жадае ўсім работнікам гаспадаркі моцнага здароўя, бадзёрасці духу, увасаблення ў жыццё ўсіх намечаных планаў, нязменна багатых ураджаяў і вялікіх надояў. Няхай дом кожнага будзе поўнай чашай! Мы далучаемся да ўсіх віншаванняў і заўсёды з вялікім задавальненнем бываем у КСУП «Веляцін», пішам пра яго перадавікоў і спадзяёмся, што вы будзеце «падкідваць» шмат добрых навін.

Падрыхтавала  Наталля РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *