Журналісты «Хойніцкіх навін» пабывалі ў гасцях у палескага Дзеда Мароза

Общество

У пачатку гэтага тыдня на рабочай планёрцы мы абмяркоўвалі тэмы будучага нумара газеты.

Безумоўна, у гэтыя святочныя дні «ў топе» публікацыі пра падарункі, Дзедаў Марозаў і Снягурак, казачных персанажаў, чароўныя падзеі і дзіцячую радасць. Мы ўжо неаднаразова ў раёнцы пісалі пра нашага палесскага Дзеда Мароза, рэзідэнцыя якога знаходзіцца ў Ляскавічах, але ў навагоднім выпуску вырашылі яшчэ больш расказаць пра гэта цудоўнае месца. І тут у самы разгар абмеркаванняў нашаму «заму» прыходзіць ідэя – паехаць усім разам у госці да галоўнага героя навагодніх святаў! Калегі адразу ж падтрымалі і пачалі планаваць паездку. А што? Два ў адным атрымаецца: і рэпартаж, як кажуць, «з месца падзей» і сумесны адпачынак калектыву. Выбралі выхадны дзень – сераду і накіраваліся ў падарожжа.   

На аўтамабілі дабраліся хутка. Спачатку да Петрыкава, а крыху далей – Ляскавічы. Аднак, трэба адзначыць, што ўказальнікаў, дзе знаходзіцца непасрэдна рэзідэнцыя, не знайшлі, таму, дзякуй, мясцовым жыхарам – дапамаглі. Дабраліся да месца і нарэшце адчулі навагодні настрой. Месца сапраўды з асаблівай атмасферай, нават нягледзячы на тое, што цалкам адсутнічаў снег і пачынаўся дождж.

Тэрыторыя знаходзіцца на ўзвышшы старажытнага гарадзішча – тут размешчаны сафары-парк. Мы ступалі за вароты ў чаканні сапраўднай прыгоды – і адразу акунуліся ў навагоднюю казку. Шпацыр па хваёвым боры  – адначасова экскурс у гістарычнае мінулае гэтых мясцін. На шляху да падворку Дзеда Мароза – дом Чараўніка. Зруб з масіва, шкуры ваўка на падлозе, аленевыя рогі на сценах – інтэр’ер стылізаваны пад паляўнічы домік. Гаспадар прапанаваў нам паўдзельнічаць у старажытным славянскім абрадзе: загадаць жаданне і завязаць стужачкі на галіны сакральных дрэўцаў. Мы з задавальненнем згадзіліся. Нашы рознакаляровыя стужкі цяпер там вісяць і няма сумненняў, што чароўнае дрэва выканае жаданні. І ў сваю чаргу мы падарылі Чараўніку невялікія падарункі ад «Хойніцкіх навін» і сфатаграфаваліся на памяць.

Рухаемся далей. Атмасфернасці дадаюць незвычайныя скульптурныя кампазіцыі з дрэва. Чараўніцтвам вее і ад сотняў мігатлівых агеньчыкаў. Па дарозе пасябравалі з аленем Кузяй, які ахвотна падыходзіць да гасцей, падстаўлячы сваю мыску для пагладжванняў.

Наступны прыпынак – уладанні самога Дзеда Мароза. Яго палац адначасова просты і велічны. Драўляны церам вельмі ўтульны з тронам Дзеда Мароза і асобным пакоем для яго родзічаў і сяброў. Гаспадары прапанавалі забаўляльную праграму: конкурсы, танцы і вясёлы карагод вакол прыгажуні-елкі. Мы з задавальненнем разам з дзецьмі вадзілі карагоды – гэта невымоўныя пачуцці. Быццам на машыне часу пабывалі ў мінулым. Дзе ёлка, Дзед Мароз, падарункі – гэта бязмежная радасць.

На тэрыторыі маёнтка ёсць «Карчма», таму пасля культурнай праграмы можна добра падсілкавацца. Тут ёсць нацыянальныя стравы па старадаўніх рэцэптурах Палесся і гарачыя напоі. Кожны жадаючы і сам можа пасмажыць сала на вогнішчы і запекчы бульбу на вуглях. На дэсерт падаюць вясковыя, з пылу, з жару бліны з мёдам або чарнічных варэннем.

І вось сядзіш каля вогнішча і атрымліваеш вялікую асалоду. Ад усяго. Ад паху лесу, ад пачуцця, якое пасялілася ў душы, ад прадчування надыходзячага свята. За добрым настроем – накіроўвайцеся ў госці да Дзеда Мароза, ён дакладна ведае, як падбадзёрыць і парадаваць. Казка вельмі блізка. Яна ў душы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *