Шукаць шляхі і магчымасці


Быў час, калі адным з галоўных паказчыкаў дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў лічыўся аб’ём выпуску прадукцыі. Кіраўнікі і спецыялісты заводаў і фабрык пры гэтым па праву ганарыліся  тэмпамі росту аб’ёмаў вытворчасці, а адладжаная сістэма размеркавання выпушчанай прадукцыі і дзяржзаказ дазвалялі калектывам прадпрыемстваў бязбедна існаваць.

Сёння сітуацыя змянілася карэнным чынам. І справа тут не толькі ў  фінансава-эканамічным крызісе. На рынках збыту попытам зараз карыстаюцца толькі тыя тавары, якія найбольш адпавядаюць крытэрыям якасці, надзейнасці і параўнальна невысокай цаны. Аднак, звярнуўшыся да нашых рэалій, адзначым, што высокі сабекошт выпушчанай прадукцыі аўтаматычна перакрэслівае апошняе патрабаванне (невысокая цана). З другога боку, дасягнуць высокай якасці вырабаў магчыма толькі пры ўкараненні новых тэхналогій, тэхнічнага пераўзбраення вытворчасці самым сучасным абсталяваннем, на што ў многіх заводаў элементарна няма сродкаў. Менавіта таму любое прадпрыемства можа выжываць не толькі за кошт выпушчанай, але, у першую чаргу, рэалізаванай і адгружанай спажыўцам прадукцыі. Калі ж рэалізацыя “кульгае”, які сэнс працаваць на склад, марна трацячы энергетычныя і фінансавыя рэсурсы?

У нашым раёне па даных аддзела эканомікі райвыканкома запасы гатовай прадукцыі ў сярэднямесячным аб’ёме вытворчасці па стану на 1 чэрвеня склалі 42,6 працэнта. Гэта значыць, што спажыўцам штомесячна адгружаецца толькі 57,4% выпушчанай прадпрыемствамі прадукцыі, а астатняя ідзе на склад. Гэта ў сярэднім па раёну, а калі браць асобна па прамысловых прадпрыемствах, то малюнак яшчэ больш сумны. Напрыклад, на аўтарамонтным заводзе гэтая лічба складае 106 працэнтаў, у Хойніцкім філіяле па дрэваапрацоўцы “Палескі” – 184%, на фабрыцы мастацкіх вырабаў – ажно 241,3%.

Такія лічбы прывяла вядучы спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкома Л.А. Кацнельсон. Яна ж заўважыла, што, напрыклад, затаранасць складоў дрэваапрацоўчага філіяла “Палескі” тлумачыцца высокай адпускной цаной на яго вырабы і таму патэнцыяльныя партнёры лічаць за лепшае браць менш дарагую аналагічную прадукцыю іншых вытворцаў.

Есць надзеі на зніжэнне складскіх запасаў у калектыву аўтарамонтнага завода. Немалую іх частку складаюць нажы і скобы з нажом у зборы для збожжаўборачных камбайнаў, якія будуць запатрабаваны гаспадаркамі з пачаткам жніва. Што ж датычыць фабрыкі, то ёй неабходна больш раскручаная маркетынгавая палітыка: якасць вырабаў нашых майстрых у цэлым адпавядае сучасным стандартам. Шкада толькі, што аб ёй мала ведаюць у свеце.

У прыклад іншым прадпрыемствам можна паставіць ПУП “Палескія сыры”, на прадукцыю якога існуе высокі і ўстойлівы попыт, АСП “Каапнарыхтпром”, а таксама РУП “Хойніцкі завод гідраапаратуры”. Наконт апошняга могуць запярэчыць тым, што машынабудаўнікам дапамагла кааперацыя з Мінскім трактарным заводам. А хто ж перашкаджае іншым прадпрыемствам шукаць шляхі і магчымасці такой жа плённай і выгаднай кааперацыі?


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *