На зялёным жніве

Сельское хозяйство

У гаспадарках раёна ў самым разгары корманарыхтоўчы сезон. Нягледзячы на пераменлівасць надвор’я, механізатары імкнуцца выканаць пастаўленыя перад імі задачы і забяспечыць пагалоўе грамадскага статка трывалай і якаснай кармавой базай.

Пакуль што лепш за іншых атрымліваецца гэта ў працаўнікоў эксбазы “Стралічава”. Па стану на 11 чэрвеня тут убрана 1080 гектараў траў першага ўкосу, што складае 89 працэнтаў да задання. На ўмоўную галаву жывёлы ў гаспадарцы нарыхтавана 6,64 кармавых адзінак, што ў 2,3 раза больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Пры плане 3500 закладзена 3760 тон сенажу, 1200 з запланаваных 13000 тон сіласу, нарыхтавана 50 тон сена.

Людзям ёсць за што працаваць: да кожнага з механізатараў даведзены ўмовы аплаты працы, і за корманарыхтоўчы сезон можна атрымаць нядрэнныя грошы. Аднак ніколі не гнаўся за доўгім рублём патомны хлебароб А.М. Дрончанка (на здымку злева). Яго майстэрству і вопыту можна толькі па-добраму пазайздросціць, бо заўсёды дзе б ні працаваў Аляксандр Мікалаевіч – на жніве, ворыве, уздыме зябліва, нарыхтоўцы кармоў ён заўсёды ў ліку лепшых. Зараз яго КЗР-10 з шыроказахопным прэс-падборшчыкам заняты на падборы валкоў.

А на адвозцы зялёнай масы да месца закладкі ў траншэю заняты вадзіцель Уладзімір Іванавіч Войлакаў (на здымку справа). Яму таксама не займаць вопыту і прафесіяналізму. Нездарма ў красавіку ён атрымаў новенькі МАЗ-55142, а такую тэхніку заўсёды давяраюць лепшым.

…Рана, з першымі промнямі сонца, пачынаецца зараз працоўны дзень механізатараў і вадзіцеляў. Аднак толькі рацыянальна выкарыстоўваючы час, тэхніку, вопыт і ўменне людзей, можна дасягнуць поспеху ў корманарыхтоўчай кампаніі.


Тэкст і фота Віктара Назаранкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *