Адгучалі мелодыі балю, наперадзе — дарослае жыццё

Образование

Развітвацца заўсёды сумна. Але моладзі гэтае пачуццё ўласціва ў меншай ступені. 12 чэрвеня 176 выпускнікоў развітваліся са сваёй альма-матэр. Але рабілі гэта з усмешкай, гледзячы ў будучае. Ззаду ўрокі, экзамены, у мінулым жыцці застаюцца любімыя педагогі і аднакласнікі… Дажджлівае надвор’е, якое папярэднічала святу выпускнога балю на плошчы Леніна ў райцэнтры, на перыяд яго правядзення ўзяло своеасаблівы тайм-аўт і ніколькі на сапсавала настрой прысутных.


На імправізаванай сцэне вядучыя настаўніца англійскай мовы гарадской сярэдняй школы № 3 К.І. Марчанкова і вучань 9 класа СШ № 2 Дзяніс Цвірко аб’яўляюць ўрачысты парад выпускнікоў 2009 года. Вітаюць паважаных гасцей, шаноўных настаўнікаў, маці і бацькоў, дзядуль і бабуль выпускнікоў, адзначаюць, што гэтаму святу папярэднічала многа падзей: вучоба ў школе на працягу 11 гадоў, новыя сябры і новыя сустрэчы, набыццё саліднага багажу ведаў, кранальны апошні званок, хваляванні на выпускных экзаменах і, нарэшце, апошні школьны баль. Усё гэта злілося ў адзінае адчуванне свята, свята ўдзячнасці і светлага смутку, безумоўнага яднання вучняў, педагогаў і бацькоў.

Са словамі, дадзенымі выпускнікам  на дарогу самастойнага жыцця, звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан. Кіраўнік раёна выказаў упэўненасць, што яны выберуць тую адзіную прафесію, аб якой марылі, стануць дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, а веды, атрыманыя ў агульнаадукацыйных школах Хойнікшчыны, дапамогуць у гэтым.

За добрасумленнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, выхаванне ў дзяцей актыўнай жыццёвай пазіцыі прысуджаны Падзякі ад раённага выканаўчага камітэта бацькам: Наталлі Міхайлаўне  Вяракса (дзяржаўная гімназія     г. Хойнікі), Валерыю Вітальевічу і Алене Эдуардаўне Раманчык (СШ № 1), Міхаілу Мікалаевічу і Святлане Іванаўне Бондар (Глінішчанскі дзіцячы сад-СШ), Мікалаю Мікалаевічу і Алене Васільеўне Ляснічым (СШ № 3), Алене Максімаўне Чарненка (Партызанская СШ), Генадзію Васільевічу і Галіне Мікалаеўне Салянка (Казялужская СШ), Аляксандру Мікалаевічу і Зінаідзе Леанідаўне Бутэнка (Стралічаўская СШ).

З прывітальным словам да выпускнікоў 2009 года, калі адзначаецца вялікая падзея – 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, звярнуўся старшыня раённай ветэранскай арганізацыі М.С. Скрыпчанка.

Павіншаваць выпускнікоў нашага раёна прыязджаў дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па Хойніцкай выбарчай акрузе, начальнік абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Ю.В. Парфенянкоў.

Дырэктар ПУП “Палескія сыры” Г.В. Бондар запрасіла юнакоў і дзяўчат выбраць спецыяльнасці, па якіх прадпрыемства выдае мэтавыя накіраванні для паступлення ў профільныя  вышэйшыя і сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы з тым, каб у далейшым папоўніць працоўны калектыў сыраробаў.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкома Л.Ф. Кулакоўская выканала прыемную місію – уручыла Падзякі выпускнікам за добрасумленныя адносіны да вучобы, актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Музычныя вінашаванні даслалі выпускнікам навучэнцы гімназіі і вучаніца СШ № 2 Ірына Пасюта.

Затым на сцэне з’явіўся “магістр” навук і ведаў (навучэнец гімназіі Ягор Кастрыца), які быў побач з выпускнікамі многія гады і для яго няма вышэйшай узнагароды чым іх веды, таленты і здольнасці. Дзякуючы раённай праграме развіцця танцавальнай культуры нашы выпускнікі навучыліся танцаваць паланез не горш за кавалераў і дам ХVІІ стагоддзя, што і прадэманстравалі вучні СШ №3.

З адказным словам ад выпускнікоў выступілі Дзмітрый Громаў, Марыя Казько (СШ № 3), Антон Даніленка, Наталля Казлова (дзяржаўная гімназія).

Ад імя настаўнікаў гаварыла класны кіраўнік 11 штрых класа дзяржаўнай гімназіі К.А. Карась, ад імя бацькоў – намеснік начальніка РАУС С.А. Барысенка і вядучы спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва жылкамунгаса і па выніках ліквідацыі катастрофы на ЧАЭС райвыканкома Т.У. Кудрыцкая. А выхаванцы дзіцячага сада № 1 г. Хойнікі падарылі выпускнікам танец. Раздзяліць радасць падзеі прыбыла начальнік тэхаддзела і матэрыяльнага развіцця абласнога ўпраўлення адукацыі І.І. Баравік.

А потым адбыўся сюрпрыз ад бацькоў выпускнікоў: уносіцца сімвалічная цукерка, бацькі прапаноўваюць дзецям уважліва прагледзець сваю цукерку,  задумаць жаданне і яно абавязкова збудзецца.

Адышоў дзень 12 чэрвеня 2009 года, на парозе было 13 чэрвеня, дзень, з якога пачалося дарослае самастойнае жыццё выпускнікоў Хойнікшчыны. Пад гукі фінальнай песні запускаюцца ў неба паветраныя шары.

Феерверк эмоцый – радасць і смутак, парад убораў, урачыстасць – выпускнікі і педагогі пастараліся зрабіць усё, каб развітанне з дзяцінствам  запомнілася ўступаючым у дарослае жыццё рабятам назаўсёды. Выпускныя балі праходзілі ва ўсіх школах раёна. І, канешне, які выпускны баль без вальса? Усе без выключэння выпускнікі танцавалі яго з аднакласнікамі, мамамі, татамі і любімымі настаўнікамі. А пасля вясёлых дыскатэк адправіліся сустракаць апошні золак дзяцінства.

…Есць моманты, якія застаюцца ў памяці надоўга. Выпускны баль – адзін з іх. Магчыма, цяперашнія выпускнікі яшчэ не асэнсавалі ўсёй важнасці гэтага моманту, але потым, праз многа гадоў, будуць уваскрашаць яго ў памяці не адзін  раз.

Добрай вам дарогі па даросламу жыццю, рабяты!


Клаўдзія БОСАК.
На здымках: моманты выпускнога балю.
Фота Уладзіміра ДАЛГАЛЫЧАНКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *