«Драйв»: ад танцавальнага гуртка да ўзорнага ансамбля

25 крокаў на шляху Незалежнасці

Іх аб’ядноўвае адно – яны не прадстаўляюць сваё жыццё без танца.

А пачалася гісторыя калектыву 26 гадоў назад. Хуткім і ўпэўненым крокам яны выраслі да ўзорнага ансамбля (у 2014 года прысвоілі статус), які стаў запатрабаваным не толькі ў межах Беларусі, але і ў Расіі. Іх любяць, чакаюць, узнагароджваюць.

Нязменным мастацкім кіраўніком узорнага ансамбля эстраднага танца «Драйв», які створаны на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Хойнікі, з’яўляецца таленавітая Алена Ляснічая. Менавіта яна – ідэйны натхняльнік, харэограф, знаток прыгожага, аддае танцу ўсю сябе без астатку. У калектыве займаюцца ўсе жадаючыя (у асноўным вучаніцы гарадскіх школ), але не ўсе вытрымліваюць нагрузку, патрабавальнасць вопытнага «гуру». За гэты адрэзак часу ўсяго было 15 хлопчыкаў. Праўда, доўга яны не затрымліваліся. Толькі Максіму Гейлю і Аляксандру Сцішанку ўдалося прабыць даўжэй за астатніх юнакоў. Дарэчы, зараз Саша вучыцца на харэографа ў Белдзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў у сталіцы, ён неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх фестываляў, удзельнік міжнародных конкурсаў ва Украіне і Францыі.

Ад даты стварэння «Драйва» да сённяшняга моманту змяніліся і ўмовы рэпетыцый. Так, раней яны праходзілі на першым паверсе будынка аддзела адукацыі, дзе якасць люстэрак у памяшканні пакідала жадаць лепшага, ды і танцавальных станкоў зусім не было. Зараз рабятам няма ніякага дыскамфорту для заняткаў. Прычым, памяшканне для рэпетыцый стала ў разы большым, ёсць дзе развярнуцца (перабраліся на другі паверх). Узровень нумароў кардынальна павысіўся: ад дзіцячых пастановак пад «Калінка-малінку» да дарослага рэпертуару спявачкі Лары Фабіан «Je t’aime». 

На сцэне калектыў з’яўляецца ў розных вобразах, дзе касцюмы адыгрываюць вялікае значэнне для данясення гледачам пэўнага характара, тэматыкі. Над гэтым працуе касцюмер ансамбля Людміла Пракошына. А раней танцоўшчыкі не маглі нават і марыць аб гэтым: танцавалі перад публікай у майках, шортах ды джынсах з асабістага гардэробу. Дарэчы, першыя касцюмы «Драйву» пашыла Хойніцкая фабрыка мастацкіх вырабаў.

Кіраўнік і ўдзельнікі ансамбля (60 чалавек розных груп) клапоцяцца і аб знешнім выглядзе на сцэне.

Таму макіяж і прычоска – важныя «інструменты» ў пакарэнні сардэц публікі.

За 26 гадоў узорны ансамбль эстраднага танца «Драйв» выступіў на шматлікіх пляцоўках нашай васільковай краіны. У 2017 годзе быў прызнаны лепшым дзіцячым харэаграфічным калектывам Гомельскай вобласці. Ён неаднаразовы прызёр і пераможца абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў (з нядаўніх: «Творчасць без межаў», «Танцавальная карусель», фестываль харэаграфічнага мастацтва імя Аляксандра Рыбальчанкі). Але самая высокая ўзнагарода для іх – гэта нават не шэраг дыпломаў, а трыумфальнае выступленне калектыву ў Палацы Рэспублікі, дзе прысутнічаў наш лідэр Аляксандр Лукашэнка.    

Вікторыя МАРОЗ.

Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *