У госці да бабулі Франі

Вёсачка мая Наши проекты

Сучасная зіма незвычайная: снежань даўно не снежыць, студзень не студзіць, а люты не лютуе. 

Раней прыказка гаварыла: «Пытаецца люты, ці добра ногі абуты». І сапраўды, зіма ў гэту пару года звычайна была ў самай сіле. А сёлета яна амаль бясснежная, толькі некалькі разоў з неба падалі рэдкія сняжынкі, якія не даляталі да зямлі. Ім даставалася роля «аднадзёнак» – раставалі і ператвараліся ў звычайныя лужыны. І толькі на гэтым тыдні снег лёг на дарогі і дахі лёгкай пярынай. Сапраўды, снег – адна з самых цудоўных з’яў. Вытанчаныя і непаўторныя сняжынкі ўмее ствараць усяго адзін мастак – прырода.

Я іду і ўсміхаюся, падстаўляючы твар бязважкім сняжынкам. Неба, рассыпаючы белы дым, апранае апусцелыя дрэвы ў шалі з бялюткага пуху, упрыгожвае яшчэ з раніцы аголеныя сумныя бярозкі ў жамчужныя каралі, лье вакол быццам вытканае са срэбра святло. А ў адказ з зямлі з бязважкім дымам імкнецца ўверх цяпло з пячных труб. Прыйшоў да нас з доўгачаканым снегам і марозчык. І такія змены надвор’я натхняюць журналістаў на новыя вандроўкі. А асабіста мяне цягне ў вёсачкі. І хаця праект «Вёсачка мая» закончыўся некалькі гадоў таму, я часта сумую па героях сваіх публікацый, па гасцінных вясковых хатках, па шчырых гутарках каля печы… У сельскай мясцовасці ёсць шмат прыгожага і патаемнага, што можа акрыліць душу і выклікаць шмат эмоцый. За гэтымі непаўторнымі эмоцыямі на гэты раз я вырашыла паехаць у Мархлеўск.

Па дарозе зноў нараджаецца шмат думак пра тое, наколькі важная ў жыцці малая радзіма. Яна звязана з маленствам далёкім. Пышнай зеленню. Буславым клёкатам. Першым каханнем. Першым расстаннем. Сонцам і жытам. Блакітам ясным. Пахам клубніц і грыбоў. Менавіта тут на дахах драўляных дамоў затрымліваюцца прамяні заходзячага сонца. Менавіта ў вёску спяшаецца світанак, бо яго так самааддана клічуць пеўні. Тут простае вясковая жыццё. У Мархлеўску яно ўжо ціхае, бо засталося ўсяго некалькі хат.  Забягаючы наперад скажу, што гэта вандроўка пакінула ў мяне і сум, і замяшанне, і захапленне, і радасць, пераплеценую з пяшчотай.

Чаму сумна? Таму што я так спадзявалася зазірнуць у госці да Браніславы і Мечыслава Караткевічаў, у якіх была ў мінулы раз. Яны такія душэўныя. Добра памятаю, як іх фатаграфавала на вазу. Але, увайшоўшы ў хату, даведалася, што ні дзядулі, ні бабулі ўжо няма. У бацькоўскім доме жыве іх дачка Нэллі Чэкан з мужам. Перабраліся сюды з райцэнтра, каб даглядаць гаспадарку. Мы шмат аб чым пагутарылі з жанчынай: і аб вясковых дзіцячых гульнях у былыя часы, і аб стравах з печы, і аб спакоі, які пануе ў вёсцы, і аб тым, як асабліва дыхаецца на бацькоўскім падворку… А пасля яна параіла мне завітаць да 91-гадовай бабулі, карэнай жыхаркі Мархлеўска з незвычайным (для нашай мясцовасці) імем і прозвішчам – Франі Брэкман.

Яна нарадзілася ў 1928 годзе. Трыццаць сем гадоў адпрацавала ў лясной гаспадарцы. Спачатку была звеньявой лесакультурнага звяна, а пасля заканчэння Полацкага тэхнікума працавала лесатэхнікам. Мае шмат узнагарод, у прыватнасці, Мінлясгаса БССР. Якая ж гэта цудоўная бабуля! Я проста ў захапленні. Яна паведаміла мне пра назву вёскі. Лічыцца, што сучасную назву яна атрымала ў памяць дзеяча польскага і міжнароднага рабочага руху Юліяна Мархлеўскага. А яшчэ расказала шмат цікавых гісторый з асабістага жыцця.

Акрамя таго, бабуля Франя выдатна спявае – для мяне праспявала песню «Ой, каліна, ох, маліна». І чытала верш пра цыгана. Гутарыла на польскай і нямецкай мовах. Дарэчы, большасць сем’яў у Мархлеўску былі польскія. А вось нямецкую мову любіць і памятае з далёкіх студэнцкіх гадоў. Яна дагэтуль выпісвае і чытае «Хойніцкія навіны», любіць вырошчваць кветкі і прымаць гасцей. Часцей за ўсіх у яе бывае сацыяльны работнік, якая вельмі дапамагае. Прыходзяць вучні з Паселічскай школы, наведваюць работнікі ТЦСАН і лясгаса. Яна з усімі пагаворыць, пажартуе і запросіць прыходзіць часцей. Вось і пасля нашай гутаркі, бабуля Франя сказала: «Прыязджай да мяне яшчэ». І я з задавальненнем прыеду.

Як жа добра, калі ёсць месцы, дзе цябе чакаюць…

Тэкст і фота Наталлі РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *