Ферма ў Паташні маленькая, але ўдаленькая

Сельское хозяйство

Аб ферме ў Паташні ў апошні час пісалі не часта, бо яна звычайна была ў ліку адстаючых.

І вось раптам пра яе загаварылі, і ўжо ў іншай танальнасці. Поспехі мясцовых жывёлаводаў пакуль нельга назваць бліскучымі, але яны адназначна ўсяляюць аптымізм. Добрыя змены абмяркоўваюць і ў «канторскіх» кабінетах, і ў паташэнскіх хатах. Адгалоскі гэтых размоў дайшлі і да нас. Яны сталі добрай нагодай з’ездзіць даведацца пра фермерскія справы. Цікава, што паспрыяла такім станоўчым водгукам?

Спачатку адзначу, што я ўдзячна лёсу за сустрэчы з вяскоўцамі, да якіх прыводзяць журналісцкія сцяжынкі. У іх столькі шчырасці, адкрытасці і адданасці, што іншы раз проста дзіву даешся. Вельмі паважаю вясковых працаўнікоў за іх руплівасць – з ранку да вечара яны ў рабоце. Яны ведаюць цану кавалачку хлеба і кроплі малака. І сапраўды ўмеюць цаніць тое, што мы часта ў гарадской мітусні нават не заўважаем. 

Ферма ў Паташні старэнькая, але ў ёй пануе незвычайная энергетыка. Яна зыходзіць ад людзей, якія тут завіхаюцца. Колькі нялёгкай працы зведалі іх рукі (у іх жа бачкавое даенне), аднак ніхто не скардзіцца. Вось і ад новай загадчыцы фермы Наталлі Лукашык падчас нашай гутаркі я не пачула ніводнага слова-скаргі.

Сеўшы ў крэсла, я выцягнула ногі да распаленай печкі-буржуйкі, каб пагрэцца. У ёй ціха патрэсквалі дровы. І пад гэтыя ўтульныя гукі пачала распытваць жанчыну аб працы і асабістым. Яна ўзначальвае калектыў усяго паўтара месяцы, аднак за справу ўзялася па-гаспадарску. Да гэтага Наталля дваццаць гадоў працавала жывёлаводам у суседнім сельгаспрадпрыемстве. Таму нельга тлумачыць, наколькі вялікае месца ў яе сэрцы займае сельская гаспадарка, жывёла.

Пайсці працаваць брыгадзірам на ферму ў Паташню ёй прапанаваў дырэктар КСУП «Судкова» Анатолій Сцішанок, якому яна вельмі ўдзячна. І не толькі за прапанову, але і за разуменне, падтрымку і дапамогу ва ўсіх пытаннях і справах. Аб сваёй шчырай удзячнасці загадчыца шмат разоў узгадвала ў размове. «Вельмі важна ў рабоце, каб кіраўнік быў добры і калектыў. Мне і з першым, і з другім пашанцавала, таму цяпер на работу заўсёды хажу з выдатным настроем», – гаворыць жанчына.

У яе пяцёра сыноў. Старэйшы Уладзіслаў – навучэнец Чырвонабярэжскага аграрнага каледжа. Захар, Антон і Ягор вучацца ў Мазырскай школе алімпійскага рэзерву (першы займаецца лёгкай атлетыкай, двое – акадэмічнай грэбляй). Малодшы Дзіма ходзіць у Віцьеўскую школу. Сыны – вялікі гонар матулі. 

Залацістыя, як вясновае сонейка, бліны на сняданак часта бываюць на стале ў гэтай шматдзетнай сям’і. Частку інгрэдыентаў на іх прыгатаванне дае ўласная гаспадарка. Наогул яны лёгка абыходзяцца без многіх прадуктаў з магазіннага прылаўка. Гаспадыня трымае карову – малако, тварог, масла, смятана ўласныя. Ёсць куры – яйкі свае маюцца. Матуля часта радуе хатніх смачнай выпечкай. Акрамя таго, сям’я трымае свіней і качак. Жыўнасць патрабуе немалога клопату, усе абавязкі па доглядзе за ёй бярэ на сябе Наталля. Яна самааддана пільнуе гаспадарку, таму звычайна на патэльні не толькі бульба, але і шкваркі. Канешне, хлопцы дапамагаюць, калі прыязжаюць на выхадныя ў бацькоўскі дом.

Догляду патрабуе і зямля. Для апрацоўкі ўчастка трымаюць у сваёй падсобнай гаспадарцы надзейнага памагатага – каня. Як вядома, у тым полі ўродзіць, дзе гаспадар часта ходзіць, – за працавітасць шчодрая зямля аддзячвае багатым ураджаем агародніны. Таму ў хаце заўсёды шмат слоікаў з закаткамі.

Але сабрацца за сталом усім разам удаецца не часта. Маці раней за ўсіх пакідае сцены роднай хаты: клічуць вытворчыя клопаты, якіх штодзень шмат на жывёлагадоўчай ферме.

А цяпер, з новай пасадай, адказнасці ў Наталлі Лукашык яшчэ дадалося. Малочная справа вельмі складаная. Дробныя недахопы прыводзяць да сур’ёзных наступстваў. Таму за парадкам загадчыца сочыць пільна. На ферме цяпер працуе чатыры даяркі плюс адна падмяняючая, пяць даглядчыкаў, слесар, начны жывёлавод. Праблем з выхаднымі не бывае, ды і  грашовае стымуляванне адыгрывае важную ролю.

Новага кіраўніка ў калектыве прынялі добра, зазначаюць, што яна адказная, патрабавальная і ў той жа час вельмі душэўная. З ёй можна і пагутарыць на розныя тэмы, і пажартаваць, і за дапамогай звярнуцца. Хаця пакуль у Наталлі самой узнікае нямала пытанняў, як кажуць, унікае ў справы. Але ўжо і планаў  у «новаспечанага» брыгадзіра нямала, аднак яна не спяшаецца імі дзяліцца. Я толькі выведала, што марыць аб паляпшэнні якасці малака, павелічэнні пагалоўя і аб стварэнні лепшых бытавых умоў для работнікаў.

Змены на ферме сапраўды адчувальныя: па-першае, гэта чысціня (у хляве ўсюды пачышчана, падсыпана), па-другое, паказчыкі (тут надоі вышэйшыя нават чым на некаторых новых фермах), па-трэцяе, настрой калектыву (падабралася каманда, якая настроена на добры вынік). І калі справы так пойдуць далей, то ферма ярлык «адстаючай» здыме.

Наталля Лукашык простая, вясковая. Да глыбіні душы. Яе бацькі адпрацавалі ўсё жыццё ў сельскай гаспадарцы: бацька быў трактарыстам, а маці паляводам. Яны і прывілі любоў да зямлі, да малой радзімы. Таму цяпер яе ў горад не «зацягнуць», маўляў, у чатырох сценах з глузду сыдзе. І, напэўна, толькі такім працавітым людзям удаецца рабіць маленькую ферму ўдаленькай.

Прыемна прыязжаюць сюды, дзе працуюць адданыя людзі. І прыемна іх фатаграфаваць. І смяяцца над іх жартамі. Да прыкладу, атрымала такі адказ на пытанне аб цяжкай працы: «Затое нам не страшны целлюліт. Гэта ж як у фітнэс-клубе».

І сапраўды кранаюць душу іх словы. Абаяльная, маладая даярачка мне гаворыць: «Магчыма, нехта будзе смяяцца, але мне мая праца падабаецца».

А тут смяяцца няма чаго. Тут паважаць, захапляцца і дзякаваць трэба.

 Тэкст і фота Наталлі РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *