Айчыннаму спажыўцу — ад айчыннага вытворцы


Многія з нашых чытачоў не па чутках ведаюць, што такое дэфіцыт, калі выстройваліся доўгія чэргі, і людзі нават не ведалі аб выкінутым на прылавак тавару, аднак упарта, часам гадзінамі, чакалі жаданай мінуты яго набыцця. Цяпер, як вядома, зусім кардынальнае становішча спраў: чалавек мае права выбару. У такіх абставінах трэба знайсці такія формы і метады гандлёвага абслугоўвання, каб прывабіць пакупніка. Як гэта ўдаецца калектыву райспажыўтаварыства, дзеліцца старшыня яго праўлення Н.У. Тараева.


УЦЭНКАЙ – ПА КРЫЗІСУ


Ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу адбылося зніжэнне пакупніцкага попыту на нехарчовыя тавары, што прывяло да падзення ўдзельнай вагі рэалізацыі гэтых тавараў у агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту. У сувязі з гэтым правялі ўцэнку тавараў лёгкай прамысловасці сезоннага асартыменту за кошт уласных сродкаў. Аб тым, што новаўвядзенне прыжываецца, сведчыць той факт, што сума розніцы ад уцэнкі склала 22,1 мільёна рублёў. Уцэнка тавараў складана-тэхнічнага асартыменту і мэблі праводзіцца ў прысутнасці пакупніка.


КРЭДЫТ – ПАЛАЧКА-ВЫРУЧАЛАЧКА


Не скажу, што гэтая форма гандлю ў нас новая, аднак, прааналізаваўшы структуру рознічнага тавараабароту, выявілі, што сёлета скарацілася доля рэалізацыі ў крэдыт у агульным аб’ёме тавараабароту. Быў перагледжаны парадак выдачы крэдытаў і ўведзены продаж тавараў з адтэрміноўкай плацяжу тэрмінам на 3 месяцы без уплаты працэнтаў за карыстанне крэдытам. Упэўніліся, што і гэтая мера спрацоўвае.


КАШАЛЕК НЕ ПАТРЭБЕН


Безнаяўныя формы разлікаў – рэальнасць ва ўсім цывілізаваным свеце. І хайнічане змаглі ўжо па вартасці ацаніць іх. Калі ў мінулым годзе было  ўстаноўлена тэрмінальнае абсталяванне ў магазінах “Дзяжурны” і “Цэнтральны”, супермаркеце “Хойніцкі”, то сёлета – у магазінах “Рамонак”, “Галантарэя”, аддзеле прамысловых тавараў “Універмага”, кулінарыі “Гаспадынька”, другі тэрмінал – у “Дзяжурным” магазіне.

Безнаяўныя разлікі пакупнікі могуць ажыццяўляць і пасрэднасцю картачак VISA, VISAelectronik, Maestro. У выніку ўстаноўкі дадатковага пастэрмінальнага абсталявання аб’ём атрыманага тавараабароту за пяць месяцаў гэтага года склаў 165,2 мільёна рублёў, за аналагічны перыяд летась – 46,6 мільёна рублёў.


ДНЕМ І НОЧЧУ


Для зручнасці пакупнікоў, найбольш поўнага задавальнення іх патрэбнасцей ва ўсіх гандлёвых прадпрыемствах горада і раёна перагледжаны рэжымы работы на вясенне-летні перыяд з прадаўжэннем часу працы вечарам. Скарочаны абедзенныя перапынкі, арганізавана праца магазінаў без выхадных дзён з колькасцю работнікаў больш двух чалавек. З чэрвеня ў кругласутачным рэжыме працуюць магазіны: пад аднайменнай назвай па вуліцы Калесніка і “Зручны” па вуліцы Савецкай горада.

Акрамя таго, зменены графікі завозу жыццёваважных прадуктаў:  хлеб дастаўляецца 4 разы на дзень, прадукцыя ПУП “Палескія сыры” – 2 разы штодзённа.


НА ВЫЕЗДЗЕ


Добра зарэкамендаваў сябе і выязны гандаль. Прычым, гандлюем не толькі ў выхадныя на рынку, у час правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, але аказваем паслугі жыхарам іншых гарадоў нашай вобласці. Толькі за пяць месяцаў сёлета былі арганізаваны 432 выезды на рынкі Мазыра, Рэчыцы, Брагіна і Камарына. Атрыманы дадатковы тавараабарот у суме 521 мільён рублёў.


І ПАДАРУНАК У ПРЫДАЧУ


У параўнанні з папярэднімі месяцамі ў чэрвені сёлета выручка супермаркета “Хойніцкі” павялічылася на 50 мільёнаў рублёў. Гэтаму садзейнічаў шэраг фактараў.

Па-першае, змяніліся ўмовы выдачы дысконтных картачак. Калі летась для гэта трэба было зрабіць пакупку на 150 тысяч рублёў, то зараз – на 50 тысяч. Адпаведна павялічылася колькасць картачак. Праводзім акцыі па зніжэнню гандлёвых надбавак на брэндавыя тавары сезоннага характару. Пакупнікоў прывабліваюць зараней аб’яўленыя продажы-дэгустацыі. Іх праводзілі ПУП “Палескія сыры”, Гомельская фабрыка марожанага, “Слодыч” і інш. А яшчэ хайнічане могуць стаць удзельнікамі акцыі “Атрымай падарунак”. Гэта, напрыклад, калі купляеш 4 пачкі чаю “Акбар”, то пятую атрымліваеш бясплатна. Гэта ж датычыць і марожанага, іншых тавараў.

Пры заключэнні дагавораў на пастаўку прадукцыі сёлета абавязкова вылучаем патрабаванне, каб пастаўшчык прадаставіў абсталяванне для дэманстрацыі ў гандлёвых залах яго прадукцыі. За пяць месяцаў гэтага года атрымалі 9 маразільных лараў ад фабрыкі марожанага, 11 шафаў-вітрын ад “Рэчыцапіва”, гандлёвае абсталяванне ад фірм “Арлон”, “Анега”, “Сатурн”.

95 працэнтаў ад усіх тавараў, якія прапануюцца ў гандлёвых кропках райспажыўтаварыства – айчыннай вытворчасці. І як сведчыць практыка, у нашага пакупніка яны карыстаюцца вялікім попытам.


Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *