Галоўнае – здароўе, клапаціцеся аб ім

Власть

Як заўсёды, у трэцюю сераду месяца прайшоў чарговы дзень дэпутата.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар правяла прыём грамадзян па асабістых пытаннях, «прамую лінію», сустрэлася з працоўным калектывам запаведніка.

Тэма адзінага дня інфармавання гэтага месяца – «Транспартны комплекс Рэспублікі Беларусь: стан і перспектывы яго развіцця». Галіна Віктараўна праінфармавала таксама аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, сярэдніх заробках і пенсіях. Абмеркавалі ў тым ліку і транспартнае забеспячэнне ў Хойніцкім раёне. У прыватнасці, адмену маршрутаў на Мінск, з-за чаго жыхары не маглі папасці на прыём да ўрача ў бальніцу Рэчыцы. З 2 лютага дзейнічае, у якасці эксперыменту, маршрут «Брагін-Рэчыца праз Хойнікі». Вывучаецца пасажырапаток і нагрузка рэйсу. Папярэдне, рэйс будзе працаваць да 2 сакавіка. Як будзе далей – паведамім абавязкова.

Сярод пытанняў, з якімі звярталіся падчас прыёму і работы інфармацыйна-прапагандысцкай групы, звароты да камунальнай службы і медыцыны. Так, папрасілі правесці даўно абяцаемы рамонт ліўнёўкі і поручней па вул. Церашковай, 5. Дарэчы, пастаўлена на кантроль яшчэ адно пытанне ад жыхароў гэтага дома: кватэры прыватызаваны, аднак дом па ўсіх дакументах лічыцца інтэрнатам (общежитием) і ніякіх здзелак з маёмасцю правесці нельга. Жыхары дома па вул. Калесніка, 15а пыталіся, калі будзе праведзена замена вокнаў на лесвічнай клетцы. Зварот адрасаваны для выпраўлення сітуацыі камунальнай службе.

Прасілі работнікі запаведніка растлумачыць, што такое онкамаркеры, каму іх неабходна рабіць, з якога ўзросту. Інфармацыю, якую па гэтаму пытанню падрыхтуюць работнікі ЦРБ, мы абавязкова размесцім на старонках газеты.

Многа ўвагі ўдзелена падчас правядзення дня дэпутата ахове здароўя. Дыспансерызацыя, скрынінгавыя праграмы, выезды медыцынскіх брыгад у калектывы горада і раёна – гэта ўсё вельмі добра. Аднак і насельніцтву патрэбна памятаць, што флюараграфічнае абследаванне неабходна праходзіць раз у год. Што нельга да апошняга сядзець дома і займацца самалячэннем. Што патрэбна праходзіць агляды і рабіць прышчэпкі, калі гэта рэкамендуе ўрач. Уласнае здароўе ў тым ліку і ва ўласных руках кожнага з нас.

Удзел у дне дэпутата прыняла Член Савета Рэспублікі Ала Смаляк. Пра такія візіты, напэўна, варта пісаць больш афіцыйна, аднак гэта складана рабіць, калі рабочая сустрэча атрымліваецца цёпла-эмацыянальнай, душэўнай, нават трапяткой. Але Віктараўне трох гадзін хапіла, каб даведацца, наколькі актыўныя дэпутаты і крэатыўныя члены маладзёжнага парламента ў нашым раёне, а таксама ўпэўніцца ў тым, что хойніцкі пармезан не горшы за італьянскі, і нават прапанаваць кандыдатуру на конкурс «Жанчына года». Аб усім па парадку.

Сенатар кіруецца прынцыпам, што трэба быць бліжэй да людзей, да іх праблем, да іх пачуццяў, інтарэсаў. Таму яна актыўна ездзіць па раёнах, праводзіць сустрэчы, гутарыць з людзьмі і ўсім сэрцам жадае дапамагчы. Неабыякавасць – гэта ўжо прафесійнае. Бо, нагадаю, Ала Смаляк – старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Яна любіць сваю працу за  неверагодную энергію ад зносін і эмоцыі, якія дорыць і якія атрымлівае. Нездарма, у народнай прымаўцы гаворыцца: «Што аддаў, тое тваё». Вось і ад гутарак з хайнічанамі сенатар атрымала задавальненне, адзначыўшы, што знаёмства з людзьмі, неабыякавымі да сваёй малой радзімы, заўсёды натхняюць.

Шмат пытанняў цікавілі Алу Віктараўну, і яна атрымала на іх разгорнутыя адказы. Гэта і замацаванне маладых кадраў, і добраўпарадкаванне, і дыспансерызацыя, і якасць пітной вады, і заробкі ў бюджэтнай сферы, і інш. Як заўсёды, захоплена, шчыра і, відавочна, з вялікай любоўю расказала пра наш раён, людзей і справы Галіна Бондар. У пацвярджэнне сваіх слоў паказвала дакументы, зводкі, газетныя публікацыі, але, бадай, самым душэўным пацвярджэннем з’яўляюцца фотаздымкі розных гадоў, дзе адлюстраваны самыя розныя моманты жыцця Хойнікшчыны і дзейнасць мясцовых дэпутатаў. На кадрах не толькі пасяджэнні, акцыі, але і душэўныя сустрэчы. На фотакартках народныя абраннікі разам з людзьмі: хлебаробы, рабочыя, настаўнікі, прадпрымальнікі, урачы, пенсіянеры – дэпутаты ідуць да кожнага земляка. І менавіта такія зносіны самыя карысныя. Гаварылі не толькі аб станоўчых момантах, але і аб існуючых праблемах.

Пасля Галіна Бондар і Ала Смаляк наведалі ПВУ ААТ «Мілкавіта». Выбар на гэта прадпрыемства паў не толькі па прычыне стабільнай, паспяховай работы, а хутчэй з-за атмасферы разумення, дабрыні, гумару, узаемнай павагі, якая тут пануе. Унутры завода цячэ сваё асаблівае жыццё. Добраўпарадкаваная тэрыторыя, усюды чысціня і парадак, адладжаная вытворчасць, адказныя, працалюбівыя людзі – гэта месца, дзе сапраўды зараджаешся пазітывам. Ідучы па калідоры прадпрыемства, госці пачулі музыку – зазірнулі ў актавую залу, а там дзяўчаты рыхтуюць віншаванне для сваіх калег-мужчын. Канкан! Наогул на ўчастку вялікую ўвагу надаюць «надвор’ю» ў калектыве. У дзень усіх закаханых нават валянцінкі адзін аднаму адсылалі. Дробязь, але вялікую ролю адыгрывае на агульным настроі.  

Сучасная высокатэхналагічная і безадходная вытворчасць па-добраму здзівіла Члена Савета Рэспублікі Алу Смаляк. Асабліва тое, што хойніцкія сыраробы сыроватку не скідаюць у каналізацыю, а высушваць яе і вырабляць новую прадукцыю, якая экспартуецца. Яна прадэгуставала некалькі гатункаў сыру і выказала меркаванне, што хойніцкі пармезан не горшы за італьянскі.

«Выдатныя ўмовы працы, важкі сацпакет і нават канкан. Я ў захапленні», – прызналася ў завяршэнні экскурсіі сенатар. А яшчэ яна адзначыла кіраўніка – начальніка вытворчага ўчастка Ірыну Дашкевіч. І параіла не баяцца прапаноўваць кандыдатуры жанчын-кіраўнікоў, жанчын, не адзін год аддаўшых працы на вытворчасці, самааддана працуючых у любой з галін, на рэспубліканскі конкурс «Жанчына года», які праводзіць Беларускі Саюз жанчын. Бо пры любой магчымасці трэба «піярыць» свой горад, сваю прадукцыю, сваіх цудоўных людзей. Патрыятызм – тое, што нас аб’ядноўвае.

Вольга БЕЛАШ, Наталля РЭВЯКА.

Фота Наталлі РЭВЯКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *