Валянціна Нясмачная ўзнагароджана Ордэнам Маці

Главное

Дзяржаўную ўзнагароду шматдзетнай маці ў актавай зале цэнтральнай раённай бальніцы ўручыў старшыня райвыканкама Анатолій Бандарэнка.

«Сям’я – гэта вялікі дар і вялікае шчасце для кожнага чалавека. А калі яшчэ працавітая, дружная, вясёлая, добрая сям’я – гэта сапраўды каштоўнае багацце. Заўсёды адчуваецца патрэба адзін у адным і бязмежная любоў, і гэта – незаменнае пачуццё. Ведаю гэта не па чутках, бо сам вырас у шматдзетнай сям’і», – падчас узнагароджвання адзначыў кіраўнік раёна. Ён пажадаў Валянціне Пятроўне моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнай цеплыні, утульнасці, штодзённых усмешак, запала ў вачах, спакою на душы і каб дзеці натхнялі на новыя подзвігі.

Ушаноўванне праходзіла ў ЦРБ, таму што жанчына працуе санітаркай у хірургічным аддзяленні. Ордэн і кветкі Валянціна прымала пад гучныя апладысменты калег. Было відаць, што на сцэну яна ўздымалася з хваляваннем. Пасля жанчына прызналася, што для яе атрымаць Ордэн Маці – вялікі гонар і адказнасць. І ўсё ж галоўнай узнагародай яна лічыць шчаслівыя ўсмешкі сваіх дзетак. А іх у маці пяць. Алена працуе прадаўцом, Аляксандра вучыцца ў Рэчыцкім аграрным каледжы, Ганна, Ангеліна і Ваня – школьнікі. Дзеці актыўныя і творчыя, заўсёды радуюць матулю сваімі дасягненнямі. Дарэчы, сям’і Нясмачных тры гады таму прадаставілі жыллё ў новабудоўлі. Цяпер гэта месца, дзе жыве шчасце.  

Вікторыя КАПІТАН, юнкар.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *