ЗАГС: ад невялікага кабінета да Дома абрадаў

25 крокаў на шляху Незалежнасці

У Беларусі вяселле заўсёды было вялікай падзеяй. Сватаўство, агледзіны, заручыны, дзявочнік… Падрыхтоўкі расцягваліся на тыдні, месяцы. І само вяселле гулялі весела. Усім светам. Асабліва ў вёсках і маленькіх гарадах. Гасцей прыходзіла – незлічоная колькасць. Сёння – іншыя часы.

На такія настальгічныя разважанні мяне падштурхнулі старыя і неймаверна душэўныя фотаздымкі, якія беражліва захоўваюцца ў Хойніцкім аддзеле ЗАГС.

Раней у аддзела не было свайго асобнага памяшкання. Спачатку ён працаваў у старым будынку РАУС па вул. Савецкай (там сёння ўзвышаецца жылая пяціпавярхоўка), а ў 1975 годзе перабраўся ў будынак райвыканкама. Аднак і гэтае памяшканне перацярпела яшчэ адзін рамонт у 1981 годзе і было павялічана за кошт плошчы файе. Тады ж і з’явіліся на яго сценах карычневыя паліраваныя панэлі, якія сучасная моладзь можа назіраць на фотаздымках з цырымоніі рэгістрацыі шлюбу сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль.

Урачыстае адкрыццё Дома абрадаў у 2010 годзе, стала сапраўдным падарункам не толькі маладажонам горада, але і ўсёй Хойнікшчыне. Бо аддзел ЗАГС – гэта не толькі рэгістрацыя шлюбу, правядзенне ўрачыстых абрадаў рэгістрацыі нараджэння, заручын і сямейных юбілеяў, але і штодзённая праца з грамадзянамі па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур.

Сучасны ЗАГС двухпавярховы. На першым паверсе размешчаны прасторная ўрачыстая зала для шлюбу, банкетная зала, пакоі жаніха і нявесты, гардэроб, на другім – кабінеты супрацоўнікаў установы і захоўвання архіўных спраў.

Для маладых і гасцей створаны камфортныя ўмовы. Забяспечана зручная сістэма пад’язных шляхоў непасрэдна да будынка. Маецца аўтамабільная стаянка, якая змяшчае да 3-4 картэжаў. Варта адзначыць, што адміністрацыйная частка будынка і залы ўрачыстых рэгістрацый маюць асобныя ўваходы. Паблізу будынка выдатны парк, у якім маладыя праводзяць свае фотасесіі.

І паколькі заканадаўства дазваляе рэгістраваць шлюб у ЗАГСах па-за залежнасці ад месца пражывання, прыгожы, светлы абноўлены будынак папулярны не толькі ў маладажонаў нашага раёна.

Алена СМУСЯНОК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *