Надзеі на поспех не губляюць


Яшчэ ў мінулвм годзе Хойніцкі аўтарамонтны завод цвёрда трымаўся на плыву. Аднак сёння заводскі калектыў трапіў у няпростую эканамічную сітуацыю, якая негатыўна адбіваецца на рабоце прадпрыемства. Падрабязней аб гэтым расказвае карэспандэнту “ХН” дырэктар завода Уладзімір Аляксандравіч ХОРСУН.
 
– Асноўным відам дзейнасці нашага прадпрыемства з’яўляецца рамонт аўтамабільных рухавікоў і агрэгатаў. Акрамя таго, выконваем заказы горада на выраб прадукцыі, якая ідзе на добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый. Што датычыць рамонту рухавікоў і агрэгатаў, то нягледзячы на пэўныя цяжкасці, аб’ём вытворчасці за першае паўгоддзе выкананы на 121,7 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам 2008 года. Але прагнознае заданне па гэтаму паказчыку забяспечана на 106,9 % замест запланаваных 115,5 працэнта. Паспрабую растлумачыць, чаму так атрымалася.

Адным з нашых галоўных партнёраў з’яўляецца жодзінскае ТАА “Блюмінг”, якое займаецца выпускам дарожнай тэхнікі і абсталявання. Для гэтага таварыства ў мінулым годзе мы выпусцілі таварнай прадукцыі на 80 мільёнаў рублёў. Зразумела, што спадзяваліся і на далейшае супрацоўніцтва і ў годзе бягучым. Больш таго, нават закупілі новага абсталявання на 200 мільёнаў рублёў для выканання заказаў “Блюмінга”.

Аднак грымнуў праславуты сусветны эканамічны крызіс, які не абыйшоў бокам і нашу краіну. Таму “Блюмінг” у мэтах эканоміі пакуль што адмаўляецца ад далейшага супрацоўніцтва.

Другі прыклад. Не так, як хацелася б, складваецца кааперацыя з ААТ “Амкадор”. Па доўгатэрміноваму дагавору мы павінны былі выпусціць таварнай прадукцыі на суму 583 мільёны рублёў, а заказаў паступіла толькі на 48 мільёнаў, хаця нашы магчымасці дазваляюць большага.

Акрамя таго, у мінулым годзе мы выпусцілі на 120 мільёнаў рублёў прадукцыі для добраўпарадкавання па заказу горада. У гэтым годзе такога заказу не паступала наогул.

Цяжкім грузам кладзецца на нас і дэбіторская запазычанасць, якая па стану на 1 ліпеня склала 559,5 мільёна рублёў. Толькі ў першым паўгоддзі года мы адгрузілі прадукцыі на суму 372 мільёны рублёў, атрымалі ж толькі 117 мільёнаў разліку. Па традыцыі самыя вялікія сумы запазычанасці маюць прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу.

У выніку аказаліся незагружанымі вытворчыя магутнасці, асабліва на ўчастку нестандартнага абсталявання. Таму ў мэтах эканоміі энергарэсурсаў перайшлі на 7-гадзінны рабочы дзень: цяперашнія аб’ёмы вытворчасці не дазваляюць большага.

Зразумела, што ў такой сітуацыі неабходны пошук новых эканамічных партнёраў, чым мы зараз і займаемся. Нават “шэрсцілі” прапановамі інтэрнет у бок Расіі і іншых краін СНД. На жаль, пакуль што безвынікова. Аднак надзеі на поспех не губляем і паспрабуем узмацніць маркетынгавую дзейнасць.

Падкрэслю, што калі б усё атрымалася так, як мы запланавалі, усё было б у поўным парадку. Аднак пакуль маем тое, што маем.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *