Будзьце больш адкрытымі, шчодрымі, спачуваючымі

Важное

24 верасня з дня нараджэння камуністычнага саюза моладзі Беларусі споўніцца 100 гадоў.

За гэтай датай, якая сімвалізуе свята юнацтва і маладосці, стаіць не адно пакаленне адданых сваёй справе людзей.

Многія ведаюць хайнічанку Веру Лявонцьеўну Касабуцкую як былога дырэктара СШ № 2, але на працягу некалькі гадоў яна таксама ўзначальвала камсамольскі рух у раёне. З найвялікшым задавальненнем і захапленнем Вера Лявонцьеўна падзялілася ўспамінамі сваёй часткі жыцця, якую яна прысвяціла камсамолу:

– Як растлумачыць сучаснай моладзі, якая атрымлівае інфармацыю са старонак інтэрнэту, што такое камсамол?

Гэта была самая шматлікая арганізацыя, знаходзіцца ў якой меў за гонар кожны малады чалавек, які працаваў на карысць сваёй краіны або вычыўся ў школе. Не было ні аднаго прадпрыемства і ўстановы, дзе б не было пярвічнай камсамольскай арганізацыі, а ідэалагічнае выхаванне моладзі стаяла на першым месцы. Несумненна, камсамол – гэта важны перыяд у жыцці кожнага савецкага чалавека. Атрымаць камсамольскі білет магчыма было з 14 гадоў. У дзяцей, якіх прымалі ў піянерскую арганізацыю, ад радасці гарэлі вочы, але гэтых дзяцей патрэбна было направіць далей.

Вольны час кожнага камсамольца быў арганізаваны і заняты настолькі, што пра існаванне нават самаго слова наркотыкі амаль ніхто не ведаў. Кожны панядзелак у арганізацыях праводзіліся палітзаняткі, на якіх камсамольцы вывучалі гісторыю і ідэалогію, а па чацвяргах юнакі і дзяўчынкі адплясвалі на дыскатэках у гарадскім парку і РДК з арыгінальнымі і забаўляльнымі конкурсамі. Сярод жадаючых паўдзель-нічаць не было яблыку дзе ўпасці. І што адметна, за ўвесь вечар не знойдзеш падвыпіўшых юнакоў, не кажучы ўжо аб дзяўчатах. З’яўленне нецвярозым у грамадскім месцы лічылася ўчынкам, з-за якога выганялі з партыі.

З чым асабіста для мяне суадносіцца слова «камсамол»? Адкажу так, камсамол – гэта мая маладосць, мая першая школа адносін і працы з людзьмі, якая дала мне пуцёўку ў жыццё, штуршок да самаадукацыі. З самых малых гадоў у нас выхоўвалі любоў да Бацькаўшчыны, прывучалі да калектывізму і ўзаемадапамогі, развівалі ўменне зразумець чалавека, дапамагчы словам і справай.

Для мяне ўсё пачалося ў 1957 годзе, калі ў 8 класе Глінішчанскай школы атрымала свой першы камсамольскі білет, а праз год мяне абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі школы. Пасля заканчэння педагагічнага інстытута ім. В.П. Чкалава працавала настаўніцай біялогіі ў Навасёлкаўскай васьмігадовай школе. Менавіта тады мяне выбралі сакратаром камсамольскай ячэйкі Навасёлкаўскага аддзялення калгаса імя ХХІ з’езда КПСС. У вёсцы кожны ведаў – калі ў панядзелак зайграла гармонь, час ісці на палітзаняткі ў школу.

У 1968 годзе я ўзначаліла аддзел школ і вучнёўскай моладзі Хойніцкага райкама камсамола, а праз некаторы час мне давялося стаць другім сакратаром райкама камсамола. Падчас сваёй работы мы рабілі асноўны ўпор на патрыятычнае выхаванне працуючай моладзі і школьнікаў. Камсамольцы не заставаліся ў баку ад працоўнага саперніцтва на палях і фермах, у цэхах і на будоўлях. На гэтай пасадзе працавала 2 гады, пакуль моладзь раёна зноў не абрала, але ўжо на пасаду першага сакратара райкама. Самае галоўнае, чаго нам давялося дасягнуць – гэта вялікая любоў і павага паміж людзьмі. Ніякага разладу, толькі адна вялікая сям’я.

Адна з самых запаміналь-ных старонак майго жыцця – удзел у ХХVІІІ з’ездзе КПСС у 1990 годзе, які праходзіў у Крамлі. Сярод іншых, хто прадстаўляў абласную партыйную арганізацыю, я адстойвала каштоўнасці марксісцка-ленінскай ідэа-логіі сацыялізму, а таксама агучыла праблему наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэта быў амаль самы памятны дзень у маім жыцці.

Прыемна ўспамінаць, як мае землякі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах сярод працоўных калектываў і атрымлівалі ўзнагароды ў самых розных накірунках. Напрыклад, «хойніцкія грыбкі» занялі першае месца на конкурсе сярод кандытараў у Лейпцыгу. Цяпер жа настаў іншы час, у моладзі іншыя патрэбы. Хачу пажадаць каб сучасная моладзь, якая па-свойму цікавая і можа прыемна здзіўляць, была больш адкрытая да ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва, спачування і ўзаемадапамогі – ніколі не ведаеш, дзе знойдзеш, а дзе згубіш.

Запісаў Алег ЗУБОК.

Фота аўтара.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *