Проста служба 102 забяспечыць спакой

Общество

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня міліцыі – пяці супрацоўнікам раённага аддзела ўнутраных спраў мы задалі пяць пытанняў аб галоўным.

  1. Што Вам больш за ўсё падабаецца ў Вашай прафесіі?

  2. Калі не работа ў міліцыі – то што?

  3. Што для Вас значыць малая радзіма?

  4. Ці ёсць у Вас якое-небудь захапленне?

  5. Асноўны прынцып, з якім ідзеце па жыцці.

 

Віктар Бойка, участковы інспектар міліцыі

1. Заўсёды быў прыхільнікам справядлівасці, хацеў выратоўваць свет ад дрэнных людзей, быццам супергерой, і дапамагаць у бядзе тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Таму маё рашэнне пайсці ў органы ўзважанае і добра абдуманае. Зараз я захоўваю пакой жыхароў Барысаўшчынскага і Алексіцкага сельсаветаў. На маіх участках бываюць розныя сітуацыі: скандалы, крадзяжы, распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах – работа не сядзячая. Але нягледзячы ні на што, прафесія ў мяне – самая лепшая, бо я дапамагаю людзям знайсці злачынца, наказаць, разабрацца з праблемамі.

2. Шчыра кажучы, у школьныя гады я хацеў быць выратавальнікам. Глядзеў па тэлевізару фільмы, навіны пра подзвігі пажарных і задаваўся пытаннямі: як яны могуць выцягваць з агню пацярпелых, рызыкуючы сваім жыццём? Як можна быць такімі смелымі, адважнымі? На хвіліначку прадстаўляў сябе на месцы выратавальніка. Але потым мой лёс павярнуўся ў другі бок, і я пайшоў па міліцэйскай сцежцы.

3. Для мяне малая радзіма гэта, у першую чаргу, мой дом, дзе мяне заўсёды чакаюць мая каханая жонка і дачушка. Толькі калі яны побач, я адчуваю сябе самым шчаслівым. А яшчэ чамусьці пры словах малая радзіма адразу хочацца дранікаў са смятанай.

4. Раней я займаўся цяжкай атлетыкай, выступаў на абласных спаборніцтвах у гэтым відзе спорту, заваёўваў медалі. І адначасова сумяшчаў трэніроўкі з наведваннем трэнажоркі. З цягам часу «жалеза» не закінуў. Зараз для мяне падыманне штангі, гантэляў, грыфу пераўтварылася ў захапленне. Амаль штодзённа наведваю зал, качаю ўсе віды мышцаў.

5. Слоган, якога прытрымліваюся не толькі ў паўсёдзённым жыцці, але, у прыватнасці, на рабоце (нават у большай ступені). Мой прынцып: не пакідай на заўтра тое, што можаш зрабіць сёння. На мой погляд, у маёй прафесіі – гэта асабіста важна. Бо калі не зробіш сёння, то на заўтра магчыма ўжо будзе позна.

Яўгеній ГАПОНЕНКА, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку

1. Сваю прафесію выбраў не выпадкова. Пра тое, што стану міліцыянерам, ведаў з дзяцінства, бо ў мяне перад вачыма быў прыклад майго дзядзькі Генадзія Гапоненкі, які працаваў спачатку ў крымінальным вышуку, быў начальнікам аддзялення, а потым стаў начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў. Таму мэтанакіравана ішоў да сваёй мары, паступіўшы ў 2012 годзе ў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь на факультэт міліцыі.

Ведаеце, вышук зацягвае. Тут цікава: адрэналін, зносіны з людзьмі – прычын шмат. У першую чаргу, як ні банальна гэта гучыць, – жаданне дапамагаць. Таксама мне падабаецца наша каманда. Нягледзячы на тое, што ў кожнага супрацоўніка ёсць свая зона абслугоўвання і лінія работы, мы дапамагаем адзін аднаму.

2. Калі не работа ў міліцыі, то нічога. Не магу ўявіць сябе на іншым месцы і ніколі не разглядаў варыянт іншай прафесіі. Заўсёды было выразнае ўсведамленне правільнасці выбару, а самае галоўнае, яго нязменнасці. За сваю недоўгачасовую кар’еру ні разу не пашкадаваў, што абраў гэтую службу. Ні разу! А абараняць простых грамадзян ад крыміналу, гэта ж так высакародна і правільна.

3. Гэта, у першую чаргу, мой выток. Месца, якое падарыла мне мноства прыемных і незабыўных момантаў. Адзначу, што пасля заканчэння ў 2017 годзе Акадэміі МУС, я больш за два гады працаваў оперупаўнаважаным у адным з аддзелаў унутраных спраў г. Гомеля і, пераехаўшы ў родныя Хойнікі, зразумеў, што маё месца менавіта тут. Тут жывуць блізкія мне людзі, сябры, тут я стварыў сям’ю. Любімая жонка Юлія працуе настаўніцай і захоўвае хатні ачаг. Яна разумее, што работа «опера» патрабуе нямала часу. Дзякуй ёй за гэта.

4. Напэўна, магу адзначыць толькі заняткі спортам. Калі вучыўся ў Акадэміі, то рэгулярна займаўся актыўнымі відамі спорту. Пасля наступіў перыяд работы, і часу на хобі не засталося. Аднак я перыядычна іграю з калегамі ў футбол і планую пачаць трэніроўкі ў зале.

5. Адназначнага адказу на гэтае пытанне ў мяне няма. Лічу, што асноўным прынцыпам у жыцці кожнага супрацоўніка міліцыі павінна быць чалавечнасць. Без яе ў наш час ніяк. Нават чалавеку ў пагонах.

Дзмітрый Валяваты, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы аддзялення ДАІ

1. З Дзяржаўтаінспекцыяй у сэрцы я ўжо семнаццаць гадоў. Прафесія няпростая, але цікавая і любімая. Трэба ўмець працаваць з людзьмі – зносіны вельмі важная складаючая, тэхнікай, дакументацыяй і інш. Супрацоўнікі ДАІ кругласутачна і ў летнюю спёку, і ў зімовую сцюжу, і ў выхадныя і ў святы нястомна нясуць дзяжурства на дарогах. Часам нашы працоўныя будні бываюць небяспечнымі і не для слабанервовых: смяротныя ДТЗ, «прыгоды» п’яных вадзіцеляў і пагоні за парушальнікам. Але калі гаварыць пра тое, што мне падабаецца ў прафесіі, то ўсё станоўчае. Да прыкладу, аўтамабілі і назіранне за тым, як з часам змяняецца рытм дарог.

2. Мяне ўжо так «зацягнула» гэта работа, што шчыра кажу, ні ў якой іншай прафесіі сябе не ўяўляю. І хачу адзначыць, што як бы ні развіваліся сучасныя тэхналогіі, у тым ліку якія б інавацыі не з’яўляліся ў арганізацыі дарожнага руху, без ахоўніка дарог – супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі, на нашых вуліцах і трасах спакою і парадку не будзе.

3. Малая радзіма… Родныя Хойнікі. Для чалавека, які нарадзіўся тут, гэта самае важнае, самае любімае месца на зямлі. Усе дарогі вядуць дадому. З усіх вандровак, далёкіх і блізкіх, мы спяшаемся туды, дзе ўсё да болю знаёмае і дарагое сэрцу. Гэта бацькоўская хата, шумны двор, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва. Для кожнага з нас малая радзіма – самая прыгожая і лепшая. Бо тут самыя лепшыя краявіды, непаўторны водар, жывуць асаблівыя людзі.

4. Мне падабаецца спорт, асабліва футбол і хакей. Добра памятаю, як у дзяцінстве я разам сябрамі летам ганяў мяч, а зімой шайбу. З надыходам першых маразоў мы залівалі пляцоўку – рабілі для гульні кавалачак лёду. У нас не было ніякай экіпіроўкі. Але быў вялікі азарт і захапленне. І мы былі такімі шчаслівымі на лёдзе! Дарэчы, цяпер без складанасцяў таксама магу стаць на канькі ці апрануць буцы і паспаборнічаць у футболе.

5. Галоўны прынцып – сумленнасць. Цаню гэту рысу характару ў іншых людзях і сам заўсёды імкнуся быць сумленным з навакольнымі.

 

Аляксандр Шаўлоўскі, інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі

1. Больш за ўсё мне падабаецца бачыць вынік маёй працы, перамены да лепшага ў людзях. Прыемна назіраць станаўленне падапечных на шлях выпраўлення, але ёсць і такія, хто, нягледзячы ні на што, ідзе на злачынствы зноў і зноў. Прыкладваю ўсе намаганні, каб такіх выпадкаў было меней.

2. Маю юрыдычную адукацыю, таму мог бы быць юрыстам на якім-небудзь прадпрыемстве або нават адвакатам. Але праз 10 год працы ў міліцыі цяжка адказаць на гэта пытанне.

3. Для мяне малая радзіма – гэта тое месца, якое дае натхненне і спакой. Яна прыносіць масу станоўчых і радасных дзіцячых успамінаў. Мы павінны берагчы тое месца, дзе нарадзіліся, жывём і будзем жыць.

4. Калі на вуліцы стаіць цёплае надвор’е, люблю з сябрамі пазнаваць нашу малую радзіму на веласіпедах. Адпачынак атрымліваецца проста неверагодны, а галоўнае – карысны.

5. Заўтра пачынаецца сёння. Якое б жыццё не ўяўляў сабе ў недалёкай будучыні, яно будуецца дзеяннямі, якія пачынаеш прадпрымаць ужо зараз.

 

Аляксандр Мазырэц, інспектар групы па грамадзянству і міграцыі

1. Шчыра радуюся, калі ўручаю чалавеку першы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусі пасля набыцця iм грамадзянства. Падабаецца станоўчы вынік выкананай справы.

2. Яшчэ са школы падабалася сусветная гісторыя. Каб не работа ў міліціі, магчыма, стаў бы настаўнікам або выкладчыкам гісторыі.

3. Малая радзіма – гэта месца, дзе прайшло маё дзяцінства, з якім цесна звязаны ўспаміны аб родных і блізкіх людзях.

4. Вельмі люблю баскетбол, іграю, як толькі атрымліваецца выдзеліць на яго вольны час. Падабаецца камфортны спартыўны абутак. Пры магчымасці папаўняю свой гардэроб новымі мадэлямі.

5. Ніколі ў жыцці не паступаць несправядліва ў адносінах з людзьмі – гэтва прынцып і чалавека, і супрацоўніка міліцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *