Д.Я. Шукаў: «Плануем паступова ўздымацца ўгору»


Па выніках мінулага года калектыў ААТ “Хойніцкі камбінат бытавога абслугоўвання” па сваіх вытворчых паказчыках займаў толькі 16 месца сярод адпаведных прадпрыемстваў вобласці. Аднак ужо па выніках першага паўгоддзя сёлета хойніцкія бытавікі ўзняліся адразу ажно на 8 радкоў угору. Чым абумоўлены такі рэзкі скачок?

Думаецца, што не ў апошнюю чаргу гэта звязана з асобай новага кіраўніка прадпрыемства – Дзмітрыя Яўгенавіча Шукава. З яго прыходам калектыў КБА паверыў у свае сілы, актывізавалася работа па ўсіх напрамках дзейнасці і, як вынік, ці не ўпершыню за доўгія гады хайнічане перавысілі сярэднеабласны паказчык па аказанню паслуг на аднаго жыхара: па вобласці ён склаў 570 рублёў, а па Хойніцкаму КБА – 890 рублёў.

Пайшоў рост і па іншых пазіцыях. Калі, напрыклад, у першым паўгоддзі 2008 года аб’ём вытворчасці быў роўны 51 мільёну рублёў, то сёлета ён дасягнуў 64 мільёнаў. Па бытавых паслугах прапорцыя такая: першае паўгоддзе 2008 года – 69,3 млн. руб., адпаведны перыяд 2009 года – 72,3 мільёна рублёў.

У многім рост гэты, па шчыраму прызнанню Д.Я. Шукава, дасягнуты за кошт актывізацыі работы сельскіх комплексных прыёмных пунктаў. Іх на сённяшні дзень у раёне налічваецца 9, а тон у рабоце сярод іх задаюць Партызанскі, Паселіцкі і Велікаборскі КПП. Асноўнымі відамі паслуг, якімі карыстаюцца вяскоўцы, з’яўляюцца паслугі цырульні, прыём у мыццё бялізны, заказы на рамонт і пашыў адзення, а таксама выраб пасцельных пакрывал і аконных фіранак.

У горадзе сітуацыя выглядае складаней. З-за таго, што ранейшыя кіраўнікі КБА ў свой час празявалі раздзел рынку паслуг, многія нішы на ім аказаліся занятымі прыватнікамі, ды і камунальнікі ў шапку не спалі. Таму прабіцца туды зараз няпроста. І ўсё ж дарогу адолее ідучы. Ужо ў гэтым годзе камбінат бытавога абслугоўвання мае намер адкрыць сваю фотастудыю, майстэрню па рамонту гадзіннікаў, манікюрны салон і аднавіць паслугі пракату. Ужо запрацавала майстэрня па шынамантажу. Зразумела, што калі планы гэтыя здзейсняцца, то і эканамічнае становішча прадпрыемства значна ўмацуецца.

Што датычыць сённяшняй эканамічнай сітуацыі на камбінаце, то яна яшчэ далёкая ад ідэальнай. Не хапае фінансавых сродкаў, востра стаіць праблема з аўтамабільным палівам, цяжка падабраць кваліфікаваных спецыялістаў для рэалізацыі многіх паслуг.

– Галоўная задача сёння, – гаворыць Дзмітрый Яўгенавіч, – замацаваць дасягнутае, трывала ўсталявацца на занятых пазіцыях. А потым… Есць такі англійскі выраз: stap by stap – крок за крокам. Так і мы плануем паступова ўздымацца ўгору, і я ўпэўнены ў тым, што пры належнай аддачы поспех абавязкова прыйдзе.
Такая ўпэўненасць не можа не радаваць. Хацелася б спадзявацца на тое, што так яно і атрымаецца.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *