Пад’езд быццам казка


Вельмі прыемна назіраць за тым, як  публікацыі “раёнкі” ў станоўчы бок мяняюць светапогляд жыхароў нашага  роднага горада, які за апошні час стаў прыгажэй. Змены ў большай ступені адбываюцца дзякуючы намаганням людзей, якія робяць рамонт не толькі ў сваіх ўласных кватэрах, дамах, але і ў пад’ездах, на лесвічных пляцоўках, прылягаючых да дамоў тэрыторыях, сочаць за станам дрэў, кветак і г.д.

Наша газета ўжо расказвала аб добраўпарадкаванні лесвічнай пляцоўкі ў адным з пад’ездаў дома па вул. 70 год Кастрычніка (№ 5 за 21 студзеня 2009 года). Але на гэтым прыкладзе гісторыя не закончылася. Кожны, каму даводзіцца падымацца на другі паверх гэтага пад’езда з вуліцы, дзе пануе спякотнае і душнае надвор’е, трапляе нібыта ў чароўную зімовую казку: заснежаныя хаткі, з якіх клубіцца блакітным воблачкам дым, прыгажуні-елкі пад белай шапкай снегу, сумёты, якія быццам мінуту назад падарыла завіруха…

Усё гэта хараство прыроды перанесла на сцяну пляцоўкі, выкарыстоўваючы ўсяго тры віды фарбы, жыхарка пад’езда Святлана Пятроўна Бязручка (на здымку). Маляваннем захапляецца з дзяцінства, закончыла Бабруйскі прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Як гаворыць Святлана Пятроўна, на напісанне гэтай маляўнічай карціны паспрыяла ў першаю чаргу чаканне першынца, бо менавіта ў гэты шчаслівы для яе час захацелася прыўнесці ў шэрыя будні крыху светлага, добрага і казачнага. Яшчэ адным стымулам стаў прыклад суседзяў з верхняга паверха, якія таксама ўпрыгожылі пад’езд. На гэтым Святлана Пятроўна спыняцца не збіраецца, ёсць у яе яшчэ некалькі задумак аб добраўпарадкаванні пляцоўкі, але іх яна трымае ў сакрэце.


Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *