Віншавалі, спявалі, юбілей адзначалі!

Сельское хозяйство

Нічога не скажаш, цудоўнае душэўнае мерапрыемства правялі ў Веляцінскім Доме культуры. Нагода для ўрачыстасці, якая ў глядзельнай зале сабрала вяскоўцаў розных пакаленняў, выдатная – 90-гадовы юбілей КСУП «Веляцін»!

Сёння і ва ўсе часы галоўным багаццем нашых вёсак лічацца людзі. Гэта яны шчыравалі і шчыруюць у гаспадарцы, на палетках і фермах, аддаюць увесь запал душы спрадвечнай хлебаробскай справе, множаць славу роднага кута. На працягу ўсяго мерапрыемства гаворка вялася пра іх – людзей, якія заслужылі найвялікшых пашаны і гонару.

Уручана вялікая колькасць узнагарод і падарункаў, выказана шчырых слоў падзякі, захаплення і адрасавана найлепшых пажаданняў. Усё гэта расчуліла да глыбіні душы. А як жа інакш, калі бачыш, як збіраюцца разам усе жыхары суседніх вёсак, каб успомніць мінулыя дні, каб пацешыцца з поспехаў адзін аднаго, каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што няма ў свеце больш цудоўнага куточка, чым той, дзе ім пашчасціла нарадзіцца і вырасці. 

Сапраўды, свята атрымалася цёплае, узнёслае, багатае на усмешкі і прыемныя моманты. У падарунак юбіляры атрымалі і прыгожы канцэрт. Артысты выканалі вядомыя песні, якія падпявала амаль уся зала.

Шмат эмоцый і вялікае задавальненне яно пакінула не толькі ў веляцінцаў, але і ў ганаровых гасцей – прадстаўнікоў улады, грамадскіх аб’яднанняў, былых кіраўнікоў, дзелавых партнёраў і інш. Кожны з іх стараўся выказаць свае пачуцці, якія ішлі ад шчырага сэрца. Мы таксама далучаемся да агульных віншаванняў, каб веляцінская зямля, слаўная добрымі традыцыямі, квітнела і багацела.

Наталля РЭВЯКА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *