Людміла Юкка: «Жыць трэба ў сваё задавальненне»

Элегантный возраст

Згадзіцеся, што кожны з нас, калі панура выбіраецца з дому насустрач новаму працоўнаму дню або ночы, у спешцы збіраючы дзяцей у школу або дзіцячы сад, прысвячаючы выхадныя ўборцы, гатаванню і рамонту, а ў доўгачаканым адпачынку займаючыся кучай назапашаных спраў, час ад часу падлічвае, колькі гадоў засталося да пенсіі.

Я – не выключэнне. Часцяком лаўлю сябе на думках «Калі там тая пенсія?», «Калі ўсе мае клопаты звядуцца да фізкультуры на агародзе і чаявання з сяброўкамі?». Мяркую, што цяперашнія пенсіянеры зараз усміхаюцца. Любую ідылію могуць сапсаваць абставіны, пра якія ў маладосці не думаеш: маленькая пенсія, жыццё ў глыбінцы, няўдзячныя дзеці, «букет» узроставых хвароб. І тым не менш, я веру ў тое, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца. Ёсць у мяне для вас, паважаныя чытачы, жывы прыклад.

Калі хайнічанка Людміла Юкка заходзіць да нас у рэдакцыю ў госці, то абавязкова прыносіць з сабою… вясну! Гэтая мілая, абаяльная, далікатная жанчына асацыюецца ў мяне менавіта з гэтай парой года. Тым больш, што кожны яе візіт напоўнены водарам кветак, якія яна з асаблівай любоўю вырошчвае ў сябе на падворку і шчодра дзеліцца імі з намі. На сваім прысядзібным участку разам з любімым мужам Віктарам Эрнставічам гаспадыня стварыла сапраўдную казку. Без празмернасцяў – строгая прыгажосць ідэальнага падворка, якую далёка не заўсёды можа дазволіць сабе загружаная працай жанчына. Кветак там безліч – лілеі, вяргіні, ружы, гладыёлусы, півоні, сальвіі, астры, геацынты, цюльпаны, хрызантэмы, званочкі…

У жанчыны пра ўзрост пытаць не прынята, але мая суразмоўца яго не саромеецца – улетку ёй споўніцца 66 гадоў, і яна як раз з тых пенсіянераў, якія змаглі ператварыць заслужаны адпачынак у прыемны. Так, спачатку, як і многія, не знала, куды сябе «прыткнуць». Людміла Сяргееўна з 1978 працавала выхавальніцай ва ўстановах дашкольнай адукацыі, а на пенсію пайшла з дзіцячага садка № 1 г. Хойнікі – за 20 гадоў «Каласок» стаў для яе такім родным. Вы б толькі чулі, з якой цеплынёй яна ўспамінае сваіх калег, выхаванцаў, былых загадчыц садка. Расставацца было складана. Але, як прызнаецца мая гераіня, яна ведала, што за падзеннем заўсёды ідзе ўздым. Ведала, што пасля выхаду на пенсію яе чакае жыццё, якое можа і павінна быць яшчэ больш насычаным, прыгожым і цікавым.

Так і адбылося. Праўда, на «разварушванне» спатрэбілася тры гады. У 2010 годзе даведалася пра аматарскае аб’яднанне «Спадчына», вырашыла рызыкнуць, бо ў юнацтве марыла стаць артысткай, і сама пайшла да былога кіраўніка ансамбля Рыгора Лушча на праслухоўванне. І вось ужо амаль 10 гадоў кружыцца Людміла Юкка ў віхуры песень, пастаянных рэпетыцый, выступленняў на публіцы, апладысментах удзячных слухачоў і новых знаёмствах.

– Дарэчы, у мяне яшчэ ёсць «сезонныя» хобі – шыць люблю, – усміхаецца Людміла Сяргееўна. – А сезоннае яно таму, што шыю я толькі зімовымі вечарамі. У астатні час іншых спраў хапае. Пайду на рынак, падгледжу там актуальны фасон сукенкі і вуаля! Да летняга сезона – цалкам абнаўляю гардэроб. Яшчэ чытаць люблю, заўжды знаходжу хвілінку на раманы Даніэлы Сціл. Ведаеш, а мне нават здаецца, што цяпер жыццё цікавей, чым да пенсіі. Раней заўсёды было некалі, ды і вольны час быў сумнаваты… А цяпер няма калі сумаваць. А яшчэ, я хачу падзякаваць свайму мужу Віктару і дачцэ Алесі – за пастаянную падтрымку, а любімым унукам Злаце і Захару – за поспехі ў вучобе і спорце, якімі яны мяне радуюць і, нават, натхняюць.

А я гляджу на сваю субяседніцу і ў мяне язык не паварочваецца назваць яе пенсіянеркай. Ды і калі браць за крытэрыі ацэнкі бляск у вачах, цікавасць да жыцця і любоў да навакольнага свету, яна маладзей за многіх цяперашніх маладых будзе!

Гляджу і зноў нецярпліва падлічваю, колькі гадоў мне засталося да пенсіі. Ведаю, што мары аб спакойнай і прыгожай старасці – не пустая ілюзія, а мэта. Але ісці да яе неабходна ўжо прама цяпер.

Алена СМУСЯНОК.

Фота з асабістага архіву гераіні.

 Цікавыя факты

  • Любімы колер – ліловы

  • Любімая песня – «Позади крутой поворот» Анні Вескі

  • Любімая страва – салат «Аліўе»

  • Любімыя кветкі – астры

 

Рэцэпт актыўнай пенсіі

Паверыць у сябе. Не баяцца пенсіі.

Завесці звычкі. Няхай і самыя простыя: раніцай устаць у добрым настроі, смачна паснедаць і выпіць кубачак гарбаты, атрымаць задавальненне. А пасля патэлефанаваць сваім дзецям, унукам і пажадаць ім добрага дня.

Пачаць больш рухацца. Самае галоўнае – не класціся на канапу, не замыкацца на тэлевізары.

Пачаць выкарыстоўваць усе магчымасці. Экскурсіі, мерапрыемствы, канцэрты – знайсці нешта для сябе можна.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *