Установа адукацыі: ад сярэдняй школы да гімназіі

25 крокаў на шляху Незалежнасці Наши проекты

Да 1989 года адукацыйны працэс у нашым горадзе ажыццяўляўся ў 3 школах: сярэднія школы 1 і 2 у «старых» Хойніках і сярэдняя школа № 3 у мікрараёне «Юбілейны».

З-за перагрузкі СШ № 3 – новы мікрараён пашыраўся, колькасць дзяцей павялічвалася – ўзнікла патрэба ў новай навучальнай установе. У 1989 годзе была адкрыта сярэдняя школа № 4: па вуліцы Лермантава вырас прасторны будынак новай кузні ведаў, праектная магутнасць якой разлічана на 1568 вучняў. Частка настаўнікаў, якія перайшлі з СШ № 3, і склалі аснову новага працоўнага калектыву.

На ўрачыстую лінейку 1 верасня 1989 года прыйшло больш за 900 хлопчыкаў і дзяўчынак. На працягу першых трох гадоў школу ўзначальваў Мікалай Ільіч Барысенка.

Першай у раёне новая школа ўвяла вывучэнне англійскай мовы з 1 класа і стала ўжываць дыферэнцыяванае навучанне: быў адкрыты клас, у якім вучыліся 12 дзяцей з асаблівасцямі ў псіхафізічным развіцці (дарэчы, у далейшым двое з іх атрымалі вышэйшую адукацыю). Адкрыўся клас з паглыбленым вывучэннем матэматыкі.

Аднак час мяняўся, патрабаванні да навучальнага працэсу павышаліся. Таму, рашэннем райвыканкама 1 верасня 2005 года на базе СШ № 4 створана прынцыпова новая для нашага горада ўстанова адукацыі – дзяржаўная гімназія г. Хойнікі. Новая назва ўстановы патрабавала адпаведнасці высокаму статусу. Сілы адміністрацыі і настаўнікаў былі накіраваны на стварэнне асаблівай атмасферы, якая выклікала б жаданне тварыць, ісці да новых рубяжоў. Разумеючы, як важна для выпускніка ўпэўнена ступіць у самастойнае жыццё, паспяхова адаптавацца ў соцыуме, педагогі стараліся ствараць такія ўмовы, пры якіх вучань змог бы свабодна арыентавацца ў свеце прафесій, у сітуацыі на рынку працы з улікам уласных інтарэсаў і магчымасцяў, умець свядома выбіраць і будаваць свой жыццёвы і прафесійны шлях. З часам адкрываюцца профільныя класы МНС і класы з вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні. Сёння ў гімназіі працуе 14 педагогаў з вышэйшай катэгорыяй, 22 – з першай, 8 – з другой. У бягучым годзе плануюць павысіць катэгарыйнасць 6 настаўнікаў.

Не толькі педагогамі ганарацца ў гімназіі, але і яе выпускнікамі, вядомымі сёння людзьмі: бронзавымі прызёрамі летніх Алімпійскіх ігр па грэблі на байдарках і каноэ Вольгай Худзенка і Маргарытай Махневай, чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па дзюдо Сяргеям Кухарэнкам, чэмпіёнам свету сярод юніёраў па цяжкай атлетыцы Алегам Лобанам, бронзавым прызёрам чэмпіянату свету сярод юніёраў па цяжкай атлетыцы Валерыям Сізенком, чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы Максімам Юшчанкам, майстрам спорту па грэблі на байдарках Алай Скварок.

У цяперашні час у гімназіі г. Хойнікі навучаецца 408 дзяцей. Магчыма, і сярод іх ёсць будучыя спартсмены, знакамітасці, нават палітыкі. А чаму б не?

 Алег ЗУБОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *