Маладзёжны будатрад


Кожны выбірае свой варыянт летняга адпачынку. У кагосьці ён асацыіруецца выключна з морам і пляжам, у кагосьці – з паездкамі ў іншыя гарады і краіны, у кагосьці – з дачай. Але ёсць у нашым раёне маладыя людзі, якія з радасцю праводзяць свой адпачынак на працы.


Гэта – навучэнцы Хойніцкага ДПТВ-183 у колькасці 23 чалавек, у большасці тыя, хто авалодвае спецыяльнасцю майстра сельскагаспадарчай вытворчасці. На два летнія месяцы яны аб’ядноўваюцца ў будатрад, які працуе з дарожна-будаўнічым упраўленнем № 23. Наконт гэтага існуе дагаваронасць паміж арганізацыяй і вучылішчам.

Але не толькі з гэтай навучальнай установы члены будатрада. Не першы год працуе на сезонных работах у ДБУ-23 студэнт медыцынскага ўніверсітэта Міхаіл Васільеў. А сёлета да яго далучыўся малодшы брат Сяргей, выпускнік ліцэя. З задавальненнем працуе ў будатрадзе і студэнт Буда-Кашалёўскага каледжа Яўгеній Зубок. Ен, а таксама Андрэй Шулякоў, Павел Ядчанка, Мікалай Далгачоў, Сяргей Кролікаў выказалі жаданне разам са старэйшымі таварышамі працаваць па вахтаваму метаду ў горадзе Мінску на аб’екце “Рамонт вуліцы Убарэвіча”: заняты на ўстаноўцы парэбрыкаў і бардзюрнага каменя. Жывуць за горадам у вагончыках, на працу іх разам з будаўнікамі роднасных прадпрыемстваў з Гомеля, Рэчыцы і Жыткавіч завозяць. А ў выхадныя дні ёсць магчымасць юнакам пазнаёміцца з выдатнымі месцамі сталіцы нашай Радзімы.

У нашым горадзе члены будаўнічага маладзёжнага атрада працуюць на асфальтаванні пляцоўкі торфабрыкетнага завода “Хойніцкі”, кладуць асфальт і вырабляюць бардзюры для “Белінвесткамплекта”, займаюцца добраўпарадкаваннем вуліц горада пасля правядзення работ па газіфікацыі.

Акрамя таго, што за сваю працу  юнакам належыць зарплата, праца ў будатрадзе – гэта цудоўная магчымасць для атрымання жыццёвага вопыту і новых прафесійных ведаў. Звязаць свой працоўны лёс з ДБУ-23 вырашылі выпускнікі прафтэхвучылішча Аляксандр Кошкін і Сяргей Царанок, якія раней праходзілі тут вытворчую практыку і добра сябе зарэкамендавалі.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *