Ад’ядаўся на нарах


От жа і смачная маладая бульба, прыпраўленая салам з падсмажанай цыбулькай! А калі яшчэ з маласалёным агурочкам яе… Ды паднясе гэтую страву ў місачцы жонка раніцою, скажа ласкава: “Еж, любы, на здароўе!”

Гэта так у гаспадарлівага сем’яніна, які і садзіў тую бульбу, і баранаваў, і акучваў, і жука каларадскага  зводзіў. А Аляксандр Аляксеевіч Казлоў (на здымку) такой увагай абдзелены. Жыве ён у доме № 36 на вуліцы Чырвонаніўскай, з жонкай развёўся, нідзе не працуе 47-гадовы мужчына, бульбы не нарасціў. Але гэта не значыць, што не хоча ўволю наесціся дэлікатэснай стравы.

Купіць? Дык адкуль тыя грошы ў непрацуючага? І загнала нясцерпнае жаданне пакаштаваць маладой бульбы Казлова на адзін з прысядзібных участкаў па вуліцы Меліярацыйнай горада Хойнікі.

У 5 гадзін раніцы 9 ліпеня выграбаў Аляксандр Аляксеевіч з зямлі  буйнейшыя клубні. Але не дарэмна кажуць у народзе: “Лес крадзе – поле бачыць”. Спынілі Казлова. 16 кілаграмаў на агульную суму 48 тысяч беларускіх рублёў паспеў нарыхтаваць.

У судзе сваю віну прызнаў А. А. Казлоў. Згодна з артыкулам 10.5 ч. І Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Ад’ядаўся на цвёрдых нарах. Праўда, не маладой бульбай, а іншымі харчамі.

…Паспявае ўраджай на прысядзібных участках гараджан і вяскоўцаў, дзякуючы іх клопатам і салёнаму поту. На жаль, не перавяліся яшчэ тыя, хто разумее літаральна словы: “Не клапаціцеся аб дні заўтрашнім, бо заўтрашні сам будзе клапаціцца аб сваім; даволі для кожнага сваіх клопатаў” (Матфея, VІ, зч). Прыпадобніўшыся птушкам нябесным, якія не сеюць, не жнуць і ў жытніцы не збіраюць, робяць набегі яны на прысядзібныя ўчасткі, на палеткі гаспадарак. І глухія да сэнсу запаведзі: “Не ўкрадзі!” Захаваем жа ўраджай свой ад злодзеяў.


А. ЛОБАН, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *