Карупцыя: злачынства і пакаранне


Барацьба з карупцыяй у нашым грамадстве з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў. Адпаведная ўвага надаецца гэтаму і ў нашым раёне, які знаходзіцца па колькасці выяўленых карупцыйных злачынстваў на адным з першых месц у вобласці.

Што падштурхоўвае людзей станавіцца на шлях парушэння этычных і прававых норм? Адказаў на гэта пытанне два: або неразуменне злачыннасці сваіх дзеянняў, або спадзяванне на магчымасць пазбегнуць адказнасці.

Намеснік пракурора Хойніцкага раёна, малодшы саветнік юстыцыі А.І. Гаўрыкаў тлумачыць, што ўяўляюць сабой карупцыйныя злачынствы і якія наступствы яны могуць пацягнуць за сабой. 


ХАБАРНІЦТВА


Арт. 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь трактуе яго як прыняцце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасцей або набыццё выгод маёмаснага характару, прадастаўляемых выключна ў сувязі з займаемым ім службовым становішчам, за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзяць у яго кампетэнцыю. За атрыманне хабару прадугледжана пакаранне выключна ў выглядзе пазбаўлення волі ад 6 месяцаў да 15 гадоў. Апошняе прадугледжана за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры (больш за 1000 базавых велічынь), або арганізаванай групай, або службовай асобай, што займае адказнае становішча (да апошніх апрача іншых адносяцца суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў і іх намеснікі, следчыя, начальнікі следчых падраздзяленняў і органаў дазнання і іх намеснікі). Любое пакаранне за атрыманне хабару, акрамя пазбаўлення волі, уключае ў сябе абавязковую канфіскацыю маёмасці і пазбаўленне права займаць адказную пасаду на тэрмін да 5 гадоў. 

Таму, карыстаючыся магчымасцю, пракуратура Хойніцкага раёна звяртаецца да ўсіх жыхароў – калі вы дзе-небудзь сутыкаліся з такой ганебнай з’явай, як хабарніцтва, лепш добраахвотна заявіць аб гэтым і потым спакойна жыць, чым пастаянна чакаць выкрыцця дапушчанай жыццёвай памылкі.


ДАЧА ХАБАРУ І ПАСРЭДНІЦТВА Ў ХАБАРЫ


Кожнае з гэтых дзеянняў можа пацягнуць пазбаўленне волі, хаця на гэты раз у асобных выпадках прадугледжаны і іншыя, альтэрнатыўныя віды пакарання (напрыклад, папраўчыя работы, арышт ці абмежаванне волі).

Згодна з заўвагай да арт. 431 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь асоба, што дала хабар, калі ў адносінах да яе мела месца вымаганне хабару або яна добраахвотна заявіла аб учыненым, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.


ЗЛОЎЖЫВАННЕ  ЎЛАДАЙ ЦІ СЛУЖБОВЫМІ ПАЎНАМОЦТВАМІ


Арт. 434 Крымінальнага кодэкса – наўмыснае насуперак інтарэсаў службы ўчыненне службовай асобай дзеянняў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйным памеры (больш за 250 базавых велічынь) ці істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян або дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. У адрозненне ад арт. 210 тут адсутнічае завалоданне маёмасцю ці права на яе – шкода прычыняецца не ў выніку раскрадання, а па якіх-небудзь іншых прычынах, напрыклад, з-за страты маёмасці ці грошай. Больш за тое, матэрыяльнай шкоды можа ўвогуле і не быць – адказнасць па арт. 424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь наступае і ў выпадку прычынення каму-небудзь цялесных пашкоджанняў; парушэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян на атрыманне даставернай інфармацыі, свабоднае і бесперашкоднае перамяшчэнне, выбар месца жыхарства, працы, ахову здароўя, свабоду выражэння поглядаў; прычыненне маральнай шкоды, пакрыццё якой ацэньваецца ў 250 і больш базавых велічынь; падрыва аўтарытэту ці прэстыжу органаў дзяржаўнай улады, дзяржаўных або грамадскіх арганізацый.

Пры названых наступствах па частцы 1-й арт. 424 прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам або пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў зноў жа з далейшым пазбаўленнем права на пэўныя прафесіі. Калі ж усе гэтыя наступствы былі вынікам дзеянняў, учыненых з карыснай ці іншай асабістай зацікаўленасцю, яны кваліфікуюцца па частцы 2-й гэтага ж артыкула, якая прадугледжвае пакаранне толькі ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад 2 да 6 гадоў са штрафам ці без штрафу і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю. Нарэшце, частка 3-я гэтага ж артыкула ўстанаўлівае пакаранне за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі для асоб, якія займаюць адказныя пасады, або ўчынілі гэтыя свае ўчынкі пры ажыццяўленні функцый па раздзяржаўленню і прыватызацыі, або пры наступленні цяжкіх наступстваў (напрыклад, смерць чалавека) – пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.


ЗАВАЛОДАННЕ МАЕМАСЦЮ АБО НАБЫЦЦЕ ПРАВОЎ НА МАЕМАСЦЬ


Арт. 210 Крымінальнага кодэкса. Для кваліфікацыі дзеянняў службовай асобы па гэтым артыкуле неабходна, каб ёю для ажыццяўлення раскрадання ўчыняліся дзеянні, якія ўваходзілі ў кола яе абавязкаў: устанаўлення парадку захоўвання, перапрацоўкі, рэалізацыі маёмасці, забеспячэння кантролю за ёй, агульнае кіраўніцтва працоўным калектывам, вытворчай дзейнасцю, прыняцце рашэнняў аб налічэнні заработнай платы, прэмій, ажыццяўленне кантролю за рухам матэрыяльных каштоўнасцей і г.д. Разнавіднасцямі такога раскрадання могуць з’яўляцца: наўмыснае незаконнае атрыманне службовай асобай сродкаў у якасці прэміі, надбавак да заработнай платы, а таксама пенсій, дапамог і іншых выплат; абарачэнне ў сваю ўласнасць сродкаў па заведама фіктыўных працоўных пагадненнях ці іншых дагаворах пад выглядам заработнай платы за работу ці паслугі, якія фактычна не выконваліся ці былі выкананы не ў поўным аб’ёме.

Аналізуемы артыкул мае чатыры часткі, дзве з якіх (3-я і 4-я) прадугледжваюць адказнасць за раскраданне ў буйным (больш за 250 базавых велічынь) і асабліва буйным (больш за 1000 базавых велічынь) памеры, а 4-я частка, акрамя таго, за раскраданне, учыненае арганізаванай групай (незалежна ад памераў раскрадзенага). Гэтыя нормы крымінальнага права прадугледжваюць у якасці пакарання выключна пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 (частка 3-я) і ад 5 да 12 (частка 4-я) гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю на тэрмін да 5 гадоў.

Першыя дзве часткі гэтага артыкула ўстанаўліваюць адказнасць за раскраданне не ў такіх значных памерах і прадугледжваюць альтэрнатыўныя віды пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі, хаця і яно таксама прадугледжана – на тэрмін да 4 гадоў па частцы 1-й і ад 3 да 7 гадоў – па частцы 2-й, якая прадугледжвае адказнасць за раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учыненае паўторна або групай асоб па папярэдняй змове.


СЛУЖБОВЫ ПАДЛОГ


Арт. 427 Крымінальнага кодэкса. Хацелася б прапанаваць дзесяць разоў падумаць перад тым, як выпісваць, напрыклад, беставарную накладную або акты на выкананыя работы. Нават калі па рашэнню суда будзе прызначана ўмоўнае пакаранне, штраф ці папраўчыя работы, гэта, акрамя таго, што лішніх грошай ніколі не бывае, пакідае пляму на рэпутацыі службовай асобы і членах яе сям’і.


Хацелася б адзначыць, што зараз праводзіцца амністыя ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі, але ні на адзін карупцыйны склад злачынства яна не распаўсюджваецца. На датэрміновае вызваленне не могуць разлічваць нават асуджаныя за службовы падлог.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *