Бліц-апытанне: дзе, на вашу думку, лепш прыбраць на суботніку?

Наши проекты

Вясна – час навядзення парадку. Да ўдзелу ў добраўпарадкаванні запрашаюцца грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, прадпрымальнікі, школьнікі і ўсе неабыякавыя жыхары раёна. Мы запыталі ў хайнічан, дзе, на іх думку, лепш прыбраць на суботніку?

Аляксандр Малышэўскі:

– Нягледзячы на тое што ўжо некалькі гадоў знаходжуся на пенсіі, я б не застаўся ў баку ад суботніка. Дзе б я папрацаваў з задавальненнем? Адказ просты – на сядзібе Аскерка-Ваньковічаў, якая бліз Рудакова. З гэтым населенным пунктам звязана значная частка жыцця маёй сям’і. Мы не толькі там жылі, але і працавалі ў ПТВ, якое ў год аварыі на ЧАЭС «эвакуіравалі» у Хойнікі. Зараз вёска выселена, а ад комплексу, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, да нашых дзён захаваліся толькі будынкі с чырвонай цэглы. Лічу, што гэты помнік архітэктуры можа стаць папулярным у турыстаў.

Юлія Каваленка:

– Мне здаецца, што мэта суботніка – не толькі прыбрацца, але яшчэ і выхаваць людзей. Калі прымусіць чалавека збіраць за сабой недакуркі, ён у наступны раз не залянуецца аднесці свой бычок на памыйніцу. Бо пакуль сваімі рукамі ў гразі не пакапацца, ніякія тлумачэнні не дапамогуць. Вясна – гэта час аднаўлення, хочацца больш чысціні і прыгажосці вакол. А папрацаваць на суботніку, лічу, лепш разам з суседзямі, выйсці і навесці парадак на дваровай тэрыторыі, каля пад’ездаў шматкватэрных дамоў. Усяго-та паўдня працы – і будзе чыста. Тады і дыхаецца лёгка. І прыемна з дома выйсці. Ды і сумесная праца аб’ядноўвае.

Аляксандр Лабада:

– Напэўна, было б не дрэнна, калі б камунальная служба раскарчавала сад па вуліцы Калгаснай райцэнтра. Раней ён пладаносіў і цешыў нас сакавітымі, духмянымі яблыкамі, а зараз толькі сухія дрэвы стаяць. А гэту ж зямлю можна ўвесці ў севазварот. Дарэчы, да суботнікаў стаўлюся станоўча, і па-магчымасці да іх далучаюся. Упэўнены, што калі кожны чалавек, які любіць малую радзіму, выйдзе з венікам і падмяце хоць два-тры метры каля свайго дома, ён ужо ўнясе свой уклад у тое, каб населены пункт заставаўся чыстым. Трэба разумець, што тое, як выглядае наш раён, залежыць не толькі ад работы камунальнай службы.

Аксана Царова:

–  Я не ведаю, як у іншых, а ў нас кожны суботнік праходзіць у вясёлай абстаноўцы. Калегі кпяць адзін з аднаго і пры гэтым робяць карысныя справы. Ці часта атрымліваецца ў такой атмасферы пагутарыць калектыву ў працоўны час? Канешне не. Таму для мяне суботнік – шанец больш даведацца пра людзей, з якімі працую, гэта дапамагае нам згуртавацца для выканання агульнай мэты. Суботнік – гэта як анцістрэс і зусім не важна на якім аб’екце наводзіць прыгажосць і чысціню. На кожным суботніку працы на некалькі часоў, а задавальненне ад яе пладоў і зарад бадзёрасці – надоўга.

Апытвала Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *