Чырванець не давядзецца


Як тэатр, па сцвярджэнню К.С. Станіслаўскага, пачынаецца з вешалкі, так і пярвічнае ўражанне аб ступені цывілізаванасці таго або іншага населенага пункта ў многім складваецца ад своеасаблівых варот горада – аўтазаправачнай станцыі. У гэтым сэнсе хайнічанам чырванець перад гасцямі горада не давядзецца – новенькая, аддзеланая з іголачкі АЗС, сёння зіхаціць сапраўдным еўрапейскім лоскам, у чым вялікая заслуга калінкавіцкіх будаўнікоў з ТАА “Вега”, а таксама работнікаў хойніцкіх ДЭУ-155 і ДБУ-23.

Работы па будаўніцтву новай аўтазаправачнай станцыі на месцы раней існаваўшай (такую афіцыйную назву яны мелі ў адпаведнасці з праектна-каштарыснай дакументацыяй) пачаліся яшчэ восенню. У іх ходзе поўнасцю заменена тэхналагічнае абсталяванне, устаноўлены новыя паліўныя рэзервуары і ачысныя збудаванні, пабудаваны кампактны і ўтульны адміністрацыйна-вытворчы будынак з невялікім магазінчыкам, добраўпарадкавана тэрыторыя аўтазапраўкі.

Мой субяседнік – начальнік Хойніцкага ўчастка Рэчыцкага філіяла РУП “Белнафта. Гомельаблнафтапрадукт” Дзмітрый Леанідавіч Барысенка (на здымку).

– Умовы работы на новай АЗС не ідуць ні ў якое параўнанне з ранейшымі, – гаворыць ён. – Звярніце ўвагу на дзве новенькія аўтазаправачныя калонкі чэшскай вытворчасці: кожная з іх мае па 8 заправачных пісталетаў, а гэта значыць, што чэргі на нашай аўтазапраўцы павінны застацца ў мінулым.

Сёння мы прапануем вадзіцелям дызпаліва Ен-590, бензін марак Н-80, АІ-92 і АІ-95, а таксама вялікі выбар марак аўтамабільнага масла.

Разам з начальнікам участка прайшліся і па іншых памяшканнях адміністрацыйна-вытворчага будынка. Адразу кінулася ў вочы тое, што самыя камфортныя ўмовы створаны для абслуговага тэхперсаналу: прасторны аператарскі пакой, душавая, раздзявалкі з персанальнымі шафамі, мікрахвалевая печ, электрачайнік – толькі працуй!

А яшчэ задаволены Д.Л. Барысенка складскімі памяшканнямі, якія цалкам укамплектаваны стэлажамі заводскай вытворчасці. Два склады прызначаны для захоўвання аўтамабільнага масла, шын і аўтавырабаў з пластмасы, а ў трэцім, абсталяваным халадзільнай камерай, захоўваюцца кансерваваныя харчовыя тавары, якія можна набыць у размешчаным тут жа магазіне.

Гэтая гандлёвая кропка – яшчэ адно выгаднае адрозненне новай аўтазапраўкі ад ранейшай. Магазін невялікі па сваіх памерах, аднак тут можна набыць многія неабходныя аўтааксесуары і інструмент, аўтакасметыку, а таксама наталіць смагу прахаладжальнымі напіткамі і марожаным, запасціся на дарогу кансерваванымі харчовымі прадуктамі.

У дзень, калі давялося пабываць на новай аўтазапраўцы, тут манціравалі электрапыласос для чысткі аўтамабіляў і пост для падпампоўкі шын – гэтая паслуга, дарэчы, будзе бясплатнай. Што датычыць чысткі аўтамабіляў, то на гэтую зручнасць цана будзе невысокай.

На тэрыторыі АЗС прывабліваюць вока роўныя асфальтаваныя праезды і пад’езды да калонак, акуратна аздобленыя пабеленымі бардзюрамі, дэкаратыўныя альпійскія горкі з камянёў-дзікаросаў і ізумрудна-зялёныя газоны, засеяныя спецыяльнай травяной сумессю. Адным словам, зроблена на сумленне. Засталося толькі падтрымліваць усё гэта ў такім жа ўзорным стане.


Тэкст і фота Віктара НАЗАРАНКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *