І праца, і адпачынак


З 1 ліпеня па 30 жніўня – канікулярны час для навучэнцаў Хойніцкага прафтэхвучылішча № 183. Але гэта зусім не азначае, што юнакі і дзяўчаты, што вучацца тут, прадастаўлены самі сабе. Адміністрацыя вучылішча сумесна з раённым камітэтам ГА “БРСМ” на гэты перыяд распрацавала шэраг мерапрыемстваў па занятасці і арганізацыі змястоўнага адпачынку вучнёўскай моладзі ў летні перыяд. Намеснік дырэктара прафтэхвучылішча па вучэбна-выхаваўчай рабоце С.А. БУЙНЕВІЧ  дала інтэрв’ю карэспандэнту “ХН” на актуальную тэму.


– Святлана Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, аб маладзёжных будатрадах з ліку навучэнцаў прафтэхвучылішча.

– Добра паказаў сябе будаўнічы атрад, які не першы год працуе на аб’ектах дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 23. Дарэчы, аб гэтым мы паведамлялі ўжо ў раённай газеце зусім нядаўна.

Адзін з атрадаў аб’яднаў у сабе дзесяць юнакоў і дзяўчат, месцам працы якіх стала аддзяленне “Валокі” агракамбіната “Віць”, дзе зоймуцца перапрацоўкай і сушкай збожжа. Другі атрад у колькасці 9 чалавек дэсанціраваўся на аб’екце “Рэканструкцыя гарадскога цэнтра культуры і спорту “Меліяратар”.

На шчасце, ёсць у нас навучэнцы, якія з радасцю трацяць свой летні адпачынак на бясплатную працу: валанцёрскі атрад пры вучылішчы  дзейнічае не першы год. Юнакі і дзяўчаты займаюцца праполкай буракоў, цыбулі на вучэбным полі вучылішча, зборам яблык,  вырошчваюць лекавыя расліны на прывучылішчнай тэрыторыі. Валанцёры штогод выконваюць значны аб’ём работ па падрыхтоўцы вучылішча да новага навучальнага года. Рамонт кабінетаў, іншых памяшканняў вучэбнага корпуса і інтэрната вучылішча праводзіцца зараз пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання Р.Р. Латфуліна і А.А. Дубатдзела. Найбольш актыўнымі валанцёрамі зарэкамендавалі сябе навучэнцы Юлія Осіпава, Насця Біран, Максім Базулька, Святлана Борсук, Яўгеній Балашчанка, Таццяна Волкава, Віктар Кісліцын, Аляксандр Пешкун, Віктар Харошка, Ігнат Шпак.  І, паверце, акрамя задавальнення ад таго, што бескарысліва робяць нешта добрае, рабяты атрымліваюць яшчэ штосьці. Што менавіта? Не магу сказаць канкрэтна, але ведаю адно: добрыя справы заўсёды вяртаюцца.

– А ці існуюць іншыя аналагічныя фарміраванні з ліку вашай вучнёўскай моладзі? Можа, нехта працаўладкоўваецца індывідуальна?

– Скажам так, што будаўнічыя атрады зарэкамендавалі сябе лепш за ўсё. Але нашы навучэнцы стараюцца працаўладкавацца індывідуальна. І многім гэта ўдаецца. Так, Руслан Талмачоў пайшоў на сезонную працу на пошту. Андрэй Неўмяржыцкі – на рамонтны завод. Эдуард Іванчыкаў і Аляксандр Саланенка ўжо другі год працуюць на перапрацоўцы збожжа новага ўраджаю ў КСУП “Веляцін”, з цэнтральнай сядзібы гаспадаркі яны родам. Міхаіл Камок таксама  працуе на канікулах на збожжаскладзе ў сваёй вёсцы Буркі Брагінскага раёна. Сяргей Пракопенка і Дзяніс Коль, родам з Петрыкаўскага раёна, заняты там аналагічнай працай. Сяргей Шыгалёў уладкаваўся часова на працу да індывідуальнага прадпрымальніка, які займаецца рамонтам аўтамашын, у Жлобіне. Іван Галезнік, які з’яўляецца сіратой, кожныя канікулы прымае пасільны ўдзел у правядзенні сельгасработ у агракамбінаце “Віць”. Умелым памочнікам камбайнера зарэкамендаваў сябе ў эксбазе “Стралічава” Сяргей Зорын. І трэба сказаць, што нашы навучэнцы працуюць добра, многія з іх на ўрачыстых лінейках з нагоды пачатку новага навучальнага года заахвочваюцца кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый маральна і матэрыяльна. Падзячныя пісьмы атрымліваем мы і з іншых раёнаў вобласці, адкуль прыехалі на вучобу ў Хойнікі і дзе адзначаны добрасумленнай працай нашы навучэнцы. Скажу, што пералік жадаючых папрацаваць на ўласны кашалёк сярод навучэнцаў быў бы большым, аднак па прычыне непаўналетняга іх узросту наймальнік не можа прыняць на часовую работу, бо гэта забаронена заканадаўствам.

– Што можаце сказаць аб арганізацыі адпачынку навучэнцаў у летні час?

– Асаблівай актыўнасцю вызначаюцца члены турыстычнага гуртка. Разам са сваім кіраўніком Андрэем Пятровічам Харэцкім яны прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне. Вызначыліся ў лепшы бок пры правядзенні раённага турыстычнага злёту, які праводзіўся на беразе возера Ізбынь.

Таксама нашы навучэнцы ўдзельнічалі ў велапрабегах па маршрутах “Хойнікі-Брагін-Лоеў” і “Брагін-Юравічы-Хойнікі”, прысвечаных 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *