Купляем айчыннае!


Як успрымаюць прадукцыю беларускіх таваравытворцаў хайнічане, як арганізаваны гандаль айчыннымі таварамі ў магазінах Хойнік? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі своеасаблівага тура, наведаўшы на мінулым тыдні шэраг гандлёвых прадпрыемстваў горада розных форм уласнасці. Арганізатарамі гэтага мерапрыемства выступілі аддзел эканомікі райвыканкома і рэдакцыя раённай газеты “Ленінскі сцяг”.

Спачатку адбылося наведванне супермаркета “Хойніцкі”. Яго загадчыца Л.М. Рэмізевіч растлумачыла, што за час, прайшоўшы з дня яго адкрыцця, калектывам вывучаны пакупніцкі попыт і высветлена, што амаль 90 працэнтаў тавараабароту прыходзіцца на беларускую прадукцыю. Змяненні да лепшага відавочныя. Гэта, па-першае, узросшы асартымент, які налічвае зараз 14434 найменні, у якім вялікая доля адводзіцца прадукцыі, што выпускаецца ў нашым раёне. Малочныя вырабы ПУП “Палескія сыры” не залежваюцца на паліцах. Асобная вітрына адведзена пад прадукты каўбаснага цэха каапнарыхтпрома райспажыўтаварыства. Тут пакупнікам прапануюць адносна недарагія тавары, якія нядаўна асвоены на прадпрыемстве. Напрыклад, парасяціна апетытная па 8920 рублёў за кілаграм. Або вэнджаная курыца ў вакуумнай упакоўцы па 14900 рублёў за кілаграм. Каб прывабіць пакупніка, яна прадаецца па паўтушкі. Попытам карыстаецца  рулет са свініны “Барскі” па 9330 рублёў за кілаграм. Пад заказ прывозяцца ў супермаркет і салодкія вырабы каапнарыхтпрома, не зніжаецца попыт на знакамітыя “грыбкі па-хойніцку”.

Вялікая доля рэалізацыі прыходзіцца на беларускія тавары ў магазіне “Галантэрэя”. Як расказала яго прадавец С.В. Кушнер, за выключэннем толькі адной невялікай секцыі тавараў расійскай вытворчасці, усе астатнія – ад беларускіх таваравытворцаў.  Папулярнасцю карыстаюцца вырабы ТАА “Мілавіца” і “Світанак”, Брэсцкай панчошна-шкарпэтачнай фабрыкі, абутак, які выпускаецца ў Беларусі на сумесных прадпрыемствах “Белвест”, “Сівельга”, “Марка”, “Легранд”.

Уладальнік прыватнага магазіна “На перакрыжаванні” У.А. Каваленка лічыць, што пакупнікі, якія хочуць набыць агароднінную кансерваваную прадукцыю ў якасці інгрэдыентаў для святочнай салаты, больш ахвотна выбіраюць шкляначкі з зялёным гарошкам або фасоллю, якія выраблены ў Тураве або Брылёве. Гэтае ж можна сказаць і пра згушчонае малако, якое выпускаецца на Рагачоўскім заводзе.
Рынак “Юбілейны” штодзень наведвае многа жыхароў нашага горада і раёна. Па словах прадаўцоў, выбар таксама на карысць беларускіх тавараў. Як адзначыла індывідуальны прадпрымальнік Т.І. Гатальская, якая гандлюе прамысловымі таварамі, жанчыны з задавальненнем набываюць касцюмы Брэсцкай і Лідскай фабрык, пры пашыве якіх выкарыстоўваецца натуральная тканіна. Час, калі папулярнасцю карыстаўся кітайскі шырспажыў, прайшоў.

Наведалі ўдзельнікі тура і кіёскі “Белсаюздруку”, якія, акрамя друкаванай прадукцыі, гандлююць даволі шырокім асартыментам тавараў народнага спажывання. Усе кіяскёры аднадушны ў тым, што хутка прадаецца завезеная чарговая партыя касметыкі “Беліта-Вітэкс”, беларускіх шампуняў.

Айчынныя тавары, па запэўніванню абсалютнай большасці пакупнікоў, з якімі даводзілася гутарыць, і смачнейшыя, і для здароўя больш карысныя, чым імпартныя. Да таго ж, у апошнія гады беларускія прадпрыемствы клапоцяцца аб тым, каб надаць сваёй прадукцыі сучасны таварны выгляд: упакоўка стала прыцягальнай, утрымлівае поўную інфармацыю аб прадукце.

Зараз у гандлёвых прадпрыемствах райспажыўтаварыства  рэалізуецца  91 працэнт  харчовых і больш за 82,7 працэнта прамысловых тавараў, што вырабляюцца ў Беларусі. Такім чынам, пакупнікі, як раней, маюць права выбару. Але пасрэднасцю разумнай цэнавой і рэкламнай палітыкі з боку таваравытворцаў насельніцтва павінна пераконвацца ў тым, што наша, беларускае, самае лепшае!  У плане патрыятызму, у першую чаргу: набыўшы айчынны тавар, мы рэальна падтрымліваем нашых вытворцаў.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *