Навучальная ўстанова: ад вучылішча да ліцэя

25 крокаў на шляху Незалежнасці

У кузні рабочых спецыяльнасцяў нашага раёна слаўная гісторыя, якая пачалася 1 верасня 1976 года.

Тады свае дзверы адчыніла сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 50. Першым дырэктарам стаў Фёдар Ахрэмчык.

У 1976-1977 адбыўся першы выпуск. 123 навучэнца закончылі вучылішча па спецыяльнасцях «цясляр-абліцоўшчык» і «электрагазазваршчык». Дарэчы, з 1977 года ў вучылішчы пачалася падрыхтоўка рабочых з сярэдняй адукацыяй. Першы выпуск адбыўся ў 1979 годзе. Адзначу, што за 36 гадоў падрыхтавана больш за 9 тысяч кваліфікаваных спецыялістаў.

З 1977 па 1989 дырэктарам вучылішча быў Аляксандр Радзюк. Пад яго кіраўніцтвам вучылішча атрымала пераходзячы Рэспубліканскі Сцяг Міністэрства адукацыі за дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні.

У 1984 годзе навучальную ўстанову перайменавалі ў дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 183 меліярацыйнага будаўніцтва. У 1990 годзе загадам Міністэрства адукацыі БССР дырэктарам ДПТВ-183 быў назначаны Валянцін Аніскавец. Ён з’яўляецца заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні знамянальнай падзеі – 500-годдзя роднага горада, навучальнай установе прысвоены статус ліцэя, і вучылішча перайменавана ў Хойніцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй.

Сёння ў ліцэі працуюць 17 майстроў вытворчага навучання і 13 выкладчыкаў, якія імкнуцца даць будучым рабочым падрыхтоўку па самых высокіх стандартах.

Набор па падрыхтоўцы спецыялістаў вядзецца па спецыяльнасцях: тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ; эксплуатацыя і рамонт аўтамабіля; гандлёвая справа.

Навучэнцы прымаюцца ў ліцэй на аснове конкурсу адзнак аб адукацыі. Рабяты, якія паступілі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, атрымліваюць стыпендыю.

Вучэбны корпус, які разлічаны на 520 ліцэістаў – гэта 10 кабінетаў і лабараторый спецдысцыплін, 12 кабінетаў па агульнаадукацыйных прадметах, аснашчаных тэхнічнымі сродкамі навучання і ўкамплектаваных ўсім неабходным для навучальнага працэсу матэрыялам. Акрамя гэтага, у навучальным корпусе ёсць спартыўная і актавая залы, сталовая і інш. Машынна-трактарны парк ліцэя абсталяваны сельскагаспадарчай тэхнікай, трактарамі, камбайнамі, аўтамабілямі. Ёсць інтэрнат на 220 месцаў і бібліятэка.

Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *