Якасць — крытэрый поспеху


Важнейшым фактарам павышэння ўзроўню жыцця, эканамічнай, сацыяльнай і экалагічнай бяспекі насельніцтва ва ўмовах рыначнай эканомікі з’яўляецца праблема якасці выпускаемай прадукцыі.  У Гомельскай вобласці на 2008-2010 гады прынята і дзейнічае праграма “Якасць”, якая арыентуе вытворцаў у першую чаргу на прымяненне сертыфікацыі прадукцыі. Гэта, безумоўна, садзейнічае рэалізацыі правоў грамадзян на бяспеку прадукцыі, стварэнню ўмоў для дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў на адзіным таварным рынку нашай краіны, а таксама ўдзелу ў міжнародным гандлі.

Прымяненне сертыфікацыі дае наступныя перавагі: забяспечвае давер унутраных і замежных спажыўцоў якасці; аблягчае і спрашчае выбар неабходнай прадукцыі; забяспечвае спажыўца інфармацыяй аб якасці; садзейнічае больш доўгатэрміноваму поспеху і абароне перад канкурэнтамі, якія вырабляюць не сертыфіцыраваную прадукцыю.

На тэрыторыі раёна сертыфікат якасці, які адпавядае міжнароднаму стандарту ІСО серыі 9000, маюць ПУП “Палескія сыры” і завод гідраапаратуры. КДУП “Хойніцкая ПМК” сёлета пададзены дакументы для прадаўжэння да 2014 года сертыфікацыі сістэм мэнэджмента якасці. ПВУП “Будунутртэст”, рамонтны завод плануюць правесці сертыфікацыю ў 2010 годзе.

Сёння існуе праблема не як выпусціць прадукцыю, а як прадаць. І, вобразна кажучы, калі няма якасці – то і няма цябе на рынку. Якасць – гэта асноўны крытэрый поспеху ў канкурэнтнай барацьбе, якая праводзіцца на падставе параўнання якасных характарыстык прадукцыі прадпрыемства і прадукцыі канкурэнтаў. Каб быць канкурэнтаздольнай, сістэма якасці выпускаемай прадукцыі павінна ўлічваць асаблівасці прадпрыемства, забяспечваць мінімізацыю затрат на вытворчасць прадукцыі і яе ўкараненне.

Прадпрыемствамі, размешчанымі на тэрыторыі Хойніцкага раёна, пры распрацоўцы бізнес-планаў развіцця ў абавязковым парадку ўключаюцца пытанні павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

Так, напрыклад, з мэтай павышэння якасці выпускаемай прадукцыі, павышэння яе канкурэнтаздольнасці на Хойніцкім заводзе гідраапаратуры намечана праводзіць 100-працэнтны ўваходны кантроль паступаючых загатовак, набываемых вырабаў і матэрыялаў, весці ўлік паступаючых рэкламацый ад спажыўцоў. Акрамя таго, запланавана мадэрнізацыя станка з заменай сістэмы кіравання і перавод апрацоўкі корпусных дэталей на ГДН-500.

Штоквартальна пры правядзенні “круглых сталоў” з кіраўніцтвам прамысловых прадпрыемстваў раёна разглядваюцца пытанні тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі, ацэнкі адпаведнасці, кіравання якасцю. Спецыялістамі аддзела эканомікі райвыканкома праводзіцца кансультатыўная работа па азнаямленню кіраўніцтва прадпрыемстваў раёна са змяненнямі ў заканадаўстве па пытаннях тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі, ацэнкі адпаведнасці, кіравання якасцю, стварэння інтэгрыраваных сістэм кіравання і інфармацыйнага забеспячэння.


А. ІЎКОВА,
намеснік старшыні райвыканкома па эканамічных і агульных пытаннях.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *