Падвялі вынікі раённага этапу конкурсу работ маладых журналістаў «Залатое пяро «Белай Русі-2020».
Змагаліся за перамогу ў пісьменніцкім майстэрстве рабяты і настаўнікі з 6 школ. Журы было вельмі цяжка вызначыць найлепшую празаічную работу, бо ўсе аўтары прадэманстравалі сапраўдны творчы талент.
Пасля доўгіх дэбатаў першае месца ў катэгорыі «Навучэнец» прысудзілі васьмікласніцы Ганне Зінавенка з Глінішчанскай СШ.
Вось маленькі ўрывак з яе казкі-апавядання на беларускай мове «Сказ пра зямлю беларускую»: «Паўночнымі цудоўнымі краявідамі валодала пышнацелая белалікая прыгажуня – князёўна Белая. Так акаляючы люд празваў яе за белае адзенне, якое яна заўсёды апранала і насіла, за нябесна-блакітную сіняву яе вачэй, за высокі стромкі стан. Князёўна Белая і маўклівы Рус ганарацца з вышыні сівых стагоддзяў, што зрабілі добрую справу, што нарадзілі міралюбівую і квітнеючую Белую Русь – Рэспубліку Беларусь, якая займае пачэснае месца ў Еўропе».
Як прызналася Ганна Зінавенка, нечакана надыйшло натхненне, і думкі пацягнуліся адна за адной. На напісанне работы дзяўчына затраціла некалькі дзён. Магчыма, што сваю будучую прафесію звяжа менавіта з журналістыкай.
Другое месца занялі Васіліна Раздорскіх (Віцьеўская СШ) і Літвінка Наталля (СШ № 2). Бронзавыя прызёры – Алена Ліпко (Казялужская СШ) і Арцём Канапелька (Слабажанская СШ).
У катэгорыі «Аматар» пераможцай стала настаўніца Велікаборскай школы Аксана Анісенка.
Работы, якія перамаглі ў раённым этапе, будуць прадстаўляць Хойнікшчыну на вобласці.
Вікторыя МАРОЗ.