Мікалай Бурлій: «Душой я заўсёды малады!»

Элегантный возраст

«Твая фізгармонь? А ціснуць на клавішы ўмееш?», – міжволі ўзнікаюць у памяці радкі з вядомай музычнай камедыі «Свадьба в Малиновке» кожны раз, калі сустракаю самабытнага музыканта, танцора і спявака Мікалая Бурлія.

Усмешка, добрыя словы, пажаданне ўсяго самага найлепшага – гэта і многае іншае можна пачуць ад харызматычнага хайнічаніна.

Маё першае знаёмства з Мікалаем Іванавічам адбылося паўгады таму на адным з выступленняў ансамбля «Спадчына», у якім прымаў удзел наш герой. «Націсні на клавішы, прадай талент!», – адразу ўспамінаў знакамітыя радкі, гледзячы на хуткасць і майстэрства баяніста. Але не толькі мелодыяй бавіў слухачоў народны віртуоз. З пад яго ботаў падчас танцу чаканіўся сапраўдны мілагучны матыў, які нікога не пакінуў на месцы.

На той момант сказаць, што Мікалай Бурлій размяняў сёмы дзясятак, было проста не магчыма – пеў і скакаў, як быццам яму толькі дваццаць «стукнула», побач з такімі ж юнымі «дзяўчынкамі», пра адну з якіх мы ўжо разказвалі. Памятаяце Людмілу Юкка?

Але за нестарэючай душой Мікалая Іванавіча, які пражывае на хойніцкай зямлі з 13 гадоў, стаіць вялікі жыццёвы вопыт і шэраг падзей.

Нарадзіўся ў пераможным 1945 у горадзе Тарашча Кіеўскай вобласці. У 1958 годзе сям’я пераехала ў Беларусь, таму што бацька Іван Сцяпанавіч пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі быў назначаны настаяцелем Тульгавіцкага прыходу ў Хойніцкім раёне.

З 1977 года працаваў у РАУС, спачатку ўчастковым інспектарам міліцыі, затым служыў у аператыўна-дзяжурнай службе. На заслужаны адпачынак пайшоў у 2001 годзе ў званні маёра. Падчас службы яму давялося і клубкі таямніц разблытваць, і зброю ў злодзеяў выбіваць, і ў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС удзел прымаць. Але свой першы подзвіг ён здзейсніў, калі вучыўся ў восьмым класе Тульгавіцкай школы. На адным з перапынкаў школьнікі ўбачылі суседскую хату, якую ахапіла полымя. Нягледзячы на небяспеку, 15-гадовы Мікалай перад самым абвалам даху выцягнуў з палыхаючай хаты двух маленькіх братоў і іх старэнькую бабулю. За мужнасць і адвагу, якую ён праявіў у барацьбе з агнём, Мікалай Бурлій узнагароджаны медалём «За адвагу на пажары». Яшчэ адзін выпадак на пажары адбыўся падчас навучання ў школе міліцыі: курсант выратаваў з палыхаючага будынку маленькае дзіця.

Асвоіўшы рукапашны бой і самба, Мікалай Іванавіч дэманстраваў добрыя фізічныя паказчыкі. Так, у 1980 годзе яго як аднаго з лепшых супрацоўнікаў міліцыі накіравалі ў Мінск для падтрымання парадку падчас правядзення летніх Алімпійскіх гульняў. Пазней міліцыянер раскрыў справу пра ДТЗ на адной з вуліц райцэнтра і знайшоў вінаватага.

Падчас службы ў сілавых структурах Мікалай Бурлій не забываў пра музыку і песні, якія з’яўляліся для яго сапраўднай аддушынай. Да гэтага часу ён удзельнік мастацкай самадзейнасці РАУС, прымае ўдзел у шматлікіх конкурсах і канцэртах не толькі раённага, але і рэспубліканскага маштабу. Каб пералічыць усе узнагароды аматара мастацтва, не хопіць газетнага нумара.

Але дзе б Мікалай Бурлій не вандраваў, ён заўсёды памятаў, дзе яго дом. На Хойнікшчыне прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, і адсюль бяруць вытокі яго жыццёвыя дарогі. Вялікі ўплыў на сына аказаў яго бацька – разумны, добры, таленавіты чалавек, які адкрыў сыну таямніцы быцця, вучыў любіць людзей, зямлю, на якой жывеш, заахвочваў яго захапленне музыкай. А зараз Мікалай Іванавіч перадае гэту любоў ўсім, каго сустракае на сваім жыццёвым шляху.

Алег ЗУБОК.

Фота аўтара і з архіву М.І. БУРЛІЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *