П’яны за рулём — патэнцыяльны злачынца


Як прыемна, маючы асабісты транспарт, пасля напружанага працоўнага тыдня ў выхадныя выехаць адпачыць на прыроду. Часам пад адабральныя воклічы сябры частуюць спіртным і вадзіцеля, які прывёз адпачываючых, што інакш, як злачынствам, назваць нельга. Спыніце яго, забараніце гэта рабіць! Бо нават малая доза алкаголю прытупляе вастрыню рэакцыі, павялічвае бяспечнасць, бесшабашнасць і часам прыводзіць да дарожна-транспартных здарэнняў, як правіла, з цяжкімі вынікамі. Прыкладаў гэтаму больш чым дастаткова.

У нашым раёне з пачатку года адбылося шэсць ДТЗ, тры з якіх па віне вадзіцеляў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. У прыватнасці, 6 мая ў 10.50, кіруючы аўтамабілем ВАЗ-2161 у п’яным выглядзе, Сяргей Уладзіміравіч Сінкевіч выехаў на паласу сустрэчнага руху і  сутыкнуўся з трактарам МТЗ-82, перакуліўшы яго. Сінкевіч атрымаў цялесныя пашкоджанні. 26 красавіка газаваў пад газам на мапедзе “Мустанг” Віталій Віктаравіч Рассолаў. Непадалёку ад вёскі Віць не справіўся з кіраваннем, перакуліўся на праезнай частцы. У выніку – цялесныя пашкоджанні і шпіталізацыя ў цэнтральную раённую бальніцу. А ў мінулым месяцы, 5 ліпеня, дварышчанцы былі сведкамі таго, як аўтамабіль БМВ тараніў агароджу каля аднаго з дамоў іх вёскі. Гэта “павяло руль” на падпітку ва ўладальніка індывідуальнага транспартнага сродка Сяргея Пятровіча Нясмачнага, які ў выніку сваіх “манеўраў” атрымаў цялесныя пашкоджанні.

Дзякуй Богу, не было сёлета ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў, як, да прыкладу, у суседнім Калінкавіцкім раёне, дзе 9 чэрвеня бягучага года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, кіраваў аўтамабілем Фольскваген-Шаран В.Н. Сяржан у вёсцы Варатын. Выехаў на паласу сустрэчнага руху і здзейсніў наезд на непаўналетняга веласіпедыста, які рухаўся па краю праезнай часткі. Хлопчык ад атрыманых траўм памёр на месцы ДТЗ, а Сяржан уцёк з месца здарэння. У ходзе аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў  асоба яго ўстаноўлена.



Паважаныя удзельнікі дарожнага руху! З 24 ліпеня па 2 жніўня на тэрыторыі нашай вобласці праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку п’янства пры кіраванні транспартнымі сродкамі пад дэвізам “Цвярозасць – норма жыцця!”



На жаль, страх перад пакараннем не спыняе аматараў спіртнога. З пачатку гэтага года работнікамі ДАІ РАУС затрымана 136 вадзіцеляў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. У іх ліку трактарысты КСУПаў “Велікаборскі” У.А. Харошка і імя Мележа А.У. Дуброва, “Мазыртэхмантажу” – С.А. Гладкоў, шафёр ЗАТ “Мазырлес” М.М. Чэкан, трактарыст ААТ “Хойніцкі аграсервіс” У.М. Галубовіч, вадзіцелі аўтабазы райпо С.А. Бурак і ДБУ-23 Д. В. Караткевіч, трактарыст КУП “Аравічы” Р.Р. Судзенка, шафёр і трактарыст агракамбіната “Віць” У.У. Момат і М.В. Дылянок, трактарысты КЖУП “Хойніцкі камунальнік” С. Р. Сакун, торфабрыкетнага завода У.В. Каралёнак. Заўважым, што ўсе названыя парушальнікі знаходзіліся за рулём дзяржаўных транспартных сродкаў, г.зн. на рабочым месцы, што не робіць гонару і іх кіраўнікам. Есць сярод парушальнікаў і тыя, хто па доўгу службы павінен сачыць за дысцыплінай падначаленых, але сам садзіцца п’яным за руль. Гэта інжынер эксбазы “Стралічава” М.Ф. Акуленка і інжынер гэтай гаспадаркі А.М. Сакун, памочнік ляснічага ПДРЭЗ Я.М. Аўстраленка, інжынер КДУП меліярацыйных сістэм “Хойніцкае ПМС” Л.М. Жаўняк.



Згодна ч.1 арт.18 КоАП Рэспублікі Беларусь вадзіцелі за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане ап’янення, а таксама перадачу кіравання асобе, якая знаходзіцца ў такім стане, падвяргаюцца штрафу ў памеры ад 15 да 35 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам тэрмінам на 3 гады або адміністрацыйнаму арышту з пазбаўленнем права кіравання на тры гады.



Калі вадзіцель паўторна на працягу года затрымліваецца за кіраваннем транспартам у стане ап’янення, то гэта ўжо цягне крымінальную адказнасць згодна арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.Пад яе трапілі і панеслі пакаранне ўладальнікі індывідуальнага транспарту Яўгеній Генадзьевіч Радзевіч, Аляксандр Аляксандравіч Віннік, Міхаіл Віктаравіч Казлоўскі, Сяргей Анатольевіч Савянок, Віталій Уладзіміравіч Бандарэнка, Сяргей Рыгоравіч Пішчанкоў, Аляксандр Мікалаевіч Нікончык, Аляксандр Станіслававіч Коншын, Васілій Паўлавіч Сакун, а таксама вадзіцель дзяржаўнага аўтатранспарту раённага спажывецкага таварыства Сяргей Аляксандравіч Навуменка.

Своечасова сказанае папярэджанне спыніць вадзіцеля ад безразважлівых учынкаў, і мы можам пазбегнуць многіх магчымых трагічных вынікаў. Тым самым захаваем здароўе і жыццё людзей, якія нас акружаюць, а таксама радасць, шчасце і дабрабыт у кожнай сям’і.


У. ТАЛЮК, в.а. начальніка ДАІ РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *